Не ўсе вясельныя традыцыі дазволеныя
Хутка павесяць шыльду, якая будзе забараняць вешаць замочкі вечнага кахання.
У закаханых ёсць традыцыі – вешаць замочкі на мосце як знак вечнага кахання і выпускаць у палёт падчас вяселля белых галубоў...У Маладзечне да “Дажынак” не было ніводнага вадаёма. Таму з’яўленне ў гарадскім парку двух сажалак, можна сказаць, стала падзеяй. З першай у горадзе сажалкай у маладзечанцаў нарадзілася новая традыцыя. Цяпер на мастку, які вядзе на астравок ніжняй сажалкі, маладыя пачалі вешаць замочкі.
Але правісець ён можа зусім нядоўга – яго спілуюць нясхільныя да сантыментаў камунальнікі, бо асцерагаюцца, што велізарная колькасць замкоў, навешаных на парэнчах моста, можа прывесці да абрушэння. Хутка ўжо паставяць таблічку, якая будзе забараняць вешаць замочкі.
Але закаханыя, мабыць, не ведаюць пра забарону і працягваюць вешаць свае сімвалы кахання і вернасці на мастках праз сажалкі у гарадскім парку. Маладыя доўга выбіраюць самы мілы замочак, шукаюць майстра-гравёра, выбіраюць шрыфт, прыдумваюць надпіс, каб пасля цырымоніі заключэння шлюбу ўрачыста зачапіць замочак на парэнчы мастка.
Смаргонскі мост абрушэнняў не баіцца
Такая традыцыя існуе і ў Смаргоні, але замочкі там не зрываюць.
– Замочкі вешаць не забаронена. Быў толькі адзін выпадак, калі іх давялося зняць – рамантавалі масток. А ў гэтым годзе пры фарбаванні мастка камунальнік вырашыў іх не здымаць. Канешне, трохі запэцкалі фарбамі, але ўсе на месцы, – кажа начальнік аддзела Смаргонскага ЗАГСа Ірына Казакова.
У Мінску мода прыжылася гадоў дзесяць таму: закаханыя і маладыя абралі для гэтай справы гарадскія масты. Надрапаюць на корпусе напрыклад “Вася + Маша”, замкнуць каханне на замок, а ключы па звычаі выкінуць у ваду.
Цяпер, калі традыцыя закаханых вешаць замкі шырока распаўсюдзілася, многія нават і не ведаюць, што ў яе ёсць свой аўтар. Італьянскі пісьменнік Федэрыка Моча, які ў 2004 годзе, працуючы над раманам “Тры метры над небам”, доўга думаў, як менавіта героі-закаханыя павінны даць адзін аднаму клятву вернасці.
Галубы, выпушчаныя на вяселлі, спаўняюць жаданні
Існуе яшчэ адна традыцыя – выпускаць у палёт падчас вяселля белых галубоў. Перад тым, як выпусціць, загадваюць жаданне, а пасля глядзяць ім услед.
У Маладзечне гэтая традыцыя з’явілася ў 1997 годзе, калі ў галубятніка Дзмітрыя Халадзінскага па знаёмстве папрасілі выпусціць галубоў. Першы галубіны палёт абышоўся маладым бясплатна.
Але мне стала цікава, чаму галубы ні на якую “волю” не ляцяць?
Яны вяртаюцца на родную галубятню, каб неўзабаве апынуцца ў руках іншых маладых. Галубы не проста ўзлятаюць у неба. Яны вырабляюць розныя віражы: куляюцца і кружацца. Некаторыя маладыя прычэпліваюць на пёрка галубкам рознакаляровыя стужачкі, тады іх палёт выглядае яшчэ прыгажэйшым.
Галубы Дзмітрыя Халадзінскага асаблівай пароды – бакінскія бойныя. Гэтыя ўнікальныя птушкі не толькі вельмі хораша ўзнімаюцца ў паветра, цешачы публіку, але і заўсёды вяртаюцца дадому. Канешне, былі выпадкі, калі не вярталіся, бо з’ядалі ястрабы.
Кошт такога рытуалу ў Маладзечне – 80 тысяч рублёў, гэта каб заказаць парачку галубкоў, а каб заказаць пару дэкаратыўных, якія не ўзлятаюць з рук, а ходзяць побач з маладымі, каштуе 140 тысяч рублёў. З такімі галубкамі маладыя робяць прыгожыя фотасесіі. Бывала такое, што за адны выхадныя з 17 пар маладых 13 заказвалі галубоў.
Як правіла, маладыя выбіраюць парачку: жаніх – голуба, нявеста – галубку. Часам маладыя заказваюць некалькіх птушак, каб прынесці задавальненне і гасцям.
– Голуб – самая сямейная птушка, – распавядае галубятнік Дзмітры Халадзінскі. – Яны да канца сваіх дзён жывуць парамі. А як адно за адным даглядаюць! Гняздо таксама разам будуюць: голуб галінкі носіць, а галубка складвае. І яйкі па чарзе выседжваюць: ноччу на гняздзе – галубка, а днём яе голуб адпускае пагуляць і сам на гняздзе сядзіць. І дзетак разам выкормліваюць. Людзям ёсць чаму павучыцца ў галубоў!
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Аляксандры ПАРАХНІ, bymedia.net