Новы АРТ
Тэатральныя перформансы, авангардныя модныя паказы і дзіўныя інсталяцыі чакаюць наведвальнікаў I Мінскай трыенале сучаснага мастацтва
Незвычайны праект Міністэрства культуры і Цэнтра сучасных мастацтваў, які праводзіцца па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, распачнецца заўтра ў мінскім выставачным цэнтры “БелЭкспа”. Цягам двух тыдняў мінчане і госці сталіцы змогуць убачыць на ўласныя вочы і пачуць уласнымі вушамі, якое ж яно, сучаснае беларускае мастацтва. Жывапіс, скульптура, графіка, фатаграфія, інсталяцыя, музыка, мода, тэатр упершыню будуць прадстаўлены на адной пляцоўцы. Штодзень пластычныя, авангардныя і эксперыментальныя калектывы будуць змяняць адзін аднаго, ствараючы для гасцей выставы незабыўную арт-атмасферу.
— Не памятаю, каб у выставачных праектах Беларусі была прадстаўлена такая разнастайнасць кірункаў мастацтва, — распавядае беларускі мастак, кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар Альшэўскі. — Графіка, фатаграфія, відэа-арт, рознага кшталту інсталяцыі... Столькі ўсяго перамяшана! У мяне пытаюцца: ці не стоміцца наведвальнік ад такой разнастайнасці? Пра што вы кажаце! Сучасны чалавек і не столькі перагортвае старонак у інтэрнэце. Затое ў такім багацці кожны знойдзе тое, што яму сапраўды блізкае.
Важна ведаць! I Мінская трыенале сучаснага мастацтва адбудзецца з 23 лістапада па 9 снежня ў выставачным цэнтры “БелЭкспа” (г. Мінск, пр-т Пераможцаў, 14). Пастаянная экспазіцыя працуе з 11.00 да 21.00. |
На выставе будуць прадстаўлены найбольш актуальныя і прагрэсіўныя з’явы мастацтва Беларусі за апошнія дваццаць гадоў. Менавіта за гэты час у нашай краіне сфарміравалася новае пакаленне беларускіх мастакоў, якія па-новаму ўспрымаюць мастацтва і эксперыментуюць у розных яго відах і жанрах.
— Новае можа ўспрымацца па-рознаму — прымацца з захапленнем або крытыкавацца, — разважае Віктар Уладзіміравіч. — Мінская трыенале ў тым ліку выклік такім “крыкунам”. Не згодны — прыйдзі і пакажы свае ідэі.
Асаблівасцю мінскай трыенале, па словах арганізатараў, стане выкарыстанне новых форм падачы экспанатаў, сумяшчэнне новых тэхналогій і матэрыялаў. На выставе будуць прадстаўлены творы і мастацкія рашэнні больш як ста аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны і Сербіі. У рамках I Мінскай трыенале сучаснага мастацтва запланавана таксама правядзенне круглых сталоў, лекцый, майстар-класаў, творчых сустрэч і гутарак, прысвечаных актуаліям развіцця сучаснага мастацтва. Прыходзьце, здзіўляйцеся, натхняйцеся!