Тэатр моцных пачуццяў
Драматург Аляксей Дудараў пра “армейскі” тэатр, Нацыянальную тэатральную прэмію і працяг “Белых Росаў”
Уявіць сучасны тэатр Беларусі без творчасці і дзейнасці Аляксея Дударава амаль немагчыма. Старшыня Саюза тэатральных дзеячаў, таленавіты драматург, аўтар папулярных п’ес, якія сёння ідуць у тэатрах Беларусі, Расіі, Украіны. А яшчэ — мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай арміі.
Дзесяць гадоў таму Аляксей Ануфрыевіч не пабаяўся ўзяць на сябе адказнасць і стварыў “армейскі” тэатр — рэдкую з’яву ў свеце. І цяпер самы малады тэатр Беларусі не горш за астатнія здзіўляе і радуе гледача. Прычым не нейкімі там сучаснымі “фішачкамі”, а сапраўднымі, добрымі, цікавымі спектаклямі. Карэспандэнт “НГ” сустрэлася з Аляксеем Дударавым і даведалася, наколькі складана стварыць тэатр “з нуля”, чаму тэатр Беларускай арміі называюць тэатрам моцных пачуццяў і чаму могуць навучыць вадэвілі.
— “Ты памятаеш, Алёша” — першы спектакль Драматычнага тэатра Беларускай арміі. А ці памятаеце вы, Аляксей Ануфрыевіч, з чаго пачынаўся тэатр?
— Восенню 2002 года амаль гэткай жа парой мне патэлефанавалі з Міністэрства абароны: “З вамі хоча сустрэцца міністр абароны генерал-палкоўнік Мальцаў” — “Куды мне прыйсці?” — “Ён сам да вас прыйдзе”. Я быў, вядома, шакаваны. Леанід Сямёнавіч прыйшоў, пачаў расказваць пра рэфармаванне арміі і раптам зрабіў прапанову стварыць тэатр Беларускай арміі. І спытаўся, як я да гэтага стаўлюся. Ну як я, старшыня Саюза тэатральных дзеячаў, драматург і ўвогуле, бяру смеласць казаць, разумны чалавек мог да гэтага ставіцца? Вядома, я ідэю падтрымаў.
— Не баяліся пайсці на такую авантуру — усё ж такі армейская справа і тэатр вельмі далёкія паняцці?
— Гэта сапраўды было авантурай. Увогуле стварыць тэатр — гэта авантура. А стварыць тэатр пры арміі — тым больш. У свеце мала дзе знойдзеш падобныя тэатры — хіба толькі ў Расіі і Ізраілі. Але мяне так захапіла ідэя, што пра цяжкасці тады я не думаў. А калі яны наваліліся — спачатку не было ні пляцоўкі, ні месца для рэпетыцый, — было ўжо позна. Даў слова — адступаць няма куды. Да таго ж я яшчэ ў самым пачатку Леаніду Сямёнавічу паабяцаў: “Я вас не падвяду”.
— А як збіралі акцёраў у тэатр?
— Па-першае, яны самі прыходзілі, а па-другое, я запрашаў. Гэта датычыцца Яўгеніі Жуковіч, Ігара Фільчанкова, Марыны Дударавай. Яна з’яўляецца цяпер галоўным рэжысёрам тэатра. Дарэчы, каму цікава — акрамя прозвішча і любові да тэатра нас з Марынай больш нічога не аб’ядноўвае. Сабраліся людзі, якія дыхаюць адным паветрам, у якіх уяўленне пра тэатр здаровае, з душой, сэрцам і розумам. Тэатр — гэта не тады, калі пешшу па столі ходзяць. Тэатр — гэта калі вядуць дыялог з гледачом, тым, хто з’яўляецца часткай тэатра. Артысты “ловяць” тое, пра што глядач думае, чым дыхае, і пачынаюць весці з ім дыялог. Не на словах — на ўзроўні падсвядомасці. У гэтых дыялогах, гэтай цэласнасці і ёсць сапраўдны тэатр. А не ў музыцы ці спецэфектах, калі я прыйшоў на спектакль і думаю: а куды гэта я патрапіў? У цырк? У казіно? Ці можа... Далей працягваць не буду. Хаця, каб прыцягнуць увагу, робяць усё што заўгодна. Але ёсць нейкая мяжа. Тэатр — гэта кафедра дабрыні, з якой можна сказаць штосьці важнае людзям. Такі тэатр у нас.
— Відаць, нездарма ваш тэатр называюць тэатрам моцных пачуццяў.
— Гэтую ўстаноўку нам даў яшчэ Мальцаў: тэатр Беларускай арміі павінен быць тэатрам моцных пачуццяў. Усё моцнае — гэта і ёсць сапраўднае. Калі моцнае каханне — гэта сапраўднае каханне. Дэвіз нашага тэатра Non solum armis — “Не толькі зброяй”. Нават самае вялікае ў жыцці робіцца не зброяй, але духоўнасцю і дабрынёй.
— Каб ісці з такім дэвізам — несці высокія пачуцці — даводзіцца, відаць, і над рэпертуарам добра працаваць?
— У нашым рэпертуары небагата назваў — усяго дзевяць спектакляў. Але ва ўсіх іх ёсць па-сапраўднаму моцныя пачуцці. Неўміручы Шэкспір — “Рамэа і Джульета”. Мая п’еса “Радавыя”. Не буду казаць пра яе ўзровень ці параўноўваць з чымсьці іншым. Але калі б не было там моцных пачуццяў, ці жыла б п’еса каля трыццаці гадоў? А яна жыве, і яе ставяць. І ў Расіі, і ва Украіне. Спектакль “Не пакідай мяне...” — пра чатырох Зой Космадзям’янскіх, прыгожых маладых дзяўчат, якія маглі стаць жонкамі, маці, але іх прыносяць у ахвяру вайне, каб яна хутчэй скончылася. Спектакль узрушвае. І сівыя ветэраны, і пятнаццацігадовыя падлеткі выходзяць з гэтага спектакля са слязьмі на вачах.
— Дзесяцігадовы юбілей тэатр адзначыў прэм’ерай “Рэвізор”. Чаму выбралі гэты спектакль?
— Таму што гэта сапраўднае. Гэта вялікая п’еса з моцнымі пачуццямі. Ставячы “Рэвізора”, мы ў першую чаргу ставілі спектакль пра простых людзей. Вельмі часта Хлестакова паказваюць ці жулікам, ці вялікім хлусам, з гэтых усіх чыноўнікаў робяць карыкатуры, шаржы... Брыдка глядзець. Гэта ж зусім звычайныя людзі, якіх проста зацягнула сістэма. Іх не асуджаць трэба — шкадаваць. Тым больш тое, што апісана Гогалем у канкрэтным горадзе, было ўсюды. Мікалай І, калі паглядзеў спектакль, сказаў: “Да, досталось всем. А мне больше всех”. І падараваў Гогалю пярсцёнак. Я, калі пра гэта прачытаў, вачам не паверыў. Але думаю, што разумным чалавекам быў самадзержац. Ён зразумеў, што справа ў сістэме.
— Тэатр Беларускай арміі — моцны тэатр. Нароўні з іншымі вы ўдзельнічаеце ў конкурсах, фестывалях...
— А яшчэ ездзім на гастролі, па вайсковых часцях... І ўсюды нас прымаюць, усюды любяць. Удзельнічалі ў І Нацыянальнай тэатральнай прэміі. І ў сёлетняй намініраваны наш спектакль “Бяда ад пяшчотнага сэрца” паводле твора Фёдара Салагуба. Дарэчы, і ў вадэвілях (ідзе ў нас яшчэ “Сабака на сене”) мы — тэатр моцных пачуццяў. Проста прыйсці да нас пахіхікаць і забыць не атрымаецца — і ў вадэвілях у нас ёсць маралітэ.
— Пра што марыць і думае тэатр, які пасталеў?
— Будзем працаваць над рэпертуарам. Бліжэйшая прэм’ера — Пушкін “Моцарт і Сальеры”. Ставіць Марына Дударава. Будзе не зусім звычайная пастаноўка — з танцавальнымі элементамі. Што далей? Хочам паставіць спектакль пра сучасную беларускую армію. Шукаем матэрыял. І знайсці яго не так проста. “Агітак” у нашым тэатры не будзе. Ні “агітак”, ні мярзоты. Ды і нашы артысты настолькі “сапсаваныя” сапраўдным матэрыялам, што “прахадны” спектакль, хохмачка пра армію для галачкі, не пройдзе. Лепш галадаць, чым што папала есці.
— Аляксей Ануфрыевіч, але ж акрамя кіраўніцтва тэатрам у вас і іншых абавязкаў хапае: Саюз тэатральных дзеячаў, уласная творчасць. А яшчэ вы ўзначальваеце журы ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Дарэчы, наколькі гэта складана — з лепшага выбраць лепшае?
— Сёлета ў журы прэміі ўваходзіць 112 чалавек. З такой колькасцю калег працаваць прыемна, паколькі працаваць з імі... немагчыма. Іх нельга ні ў чым пераканаць, нешта навязаць, перацягнуць на свой бок. Тыдзень сапраўды напружаны. Але дзеля такіх спектакляў, як намінанты ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі, не шкада ні высілкаў, ні часу.
— І яшчэ. Два гады таму мы з вамі рабілі матэрыял аб працягу вядомага фільма “Белыя Росы”, калі толькі быў напісаны сцэнарый, гаварылі пра магчымасць хуткіх здымкаў (“Народная газета” за 30 снежня 2010 года). Цікава, на якой стадыі праца цяпер?
— А мы зараз патэлефануем рэжысёру і спытаем, на якой стадыі (набірае нумар). “Аляксандра, добры дзень. Штосьці вы пра мяне забылі. Што адчуваю? А, сцэнарый збіраецеся адсылаць. Ну, вось, бачыце, як добра”. Кінааповесць была напісана два гады таму, цяпер яе трэба перакласці на мову кіно. Гэтым цяпер якраз і займаецца маладая рэжысёр Аляксандра Бутар. А пасля пачнём здымаць. Я ўжо бачыў пару эпізодаў, якія зрабіла Аляксандра, і магу сказаць, што яна... адчувае інтанацыю. А гэта самае галоўнае. Чаму “Белыя Росы” атрымаліся ў Ігара Дабралюбава? Ён не самавыражаўся. Ён адчуў, што ўва мне спявала, і праспяваў яшчэ грамчэй. Магу сказаць, што ні за якія грошы, ні за які поспех выкарыстоўваць геніяльную дабралюбаўскую ленту як буксір я не буду. Гэта грэх. Перад памяццю і Ігара Міхайлавіча, і Усевалада Васільевіча Санаева, і Барыса Кузьміча Новікава.
— Дзякуй за размову!