“Пазнаючы Беларусь – пазнаеш сябе”
Падчас падарожжа па Беларусі літоўскі гісторык Русціс Камунтавічус наведаў касцёл у вёсцы Міхалішкі Астравецкага раёна.
За плячыма Беларусі і Літвы – стагоддзі агульнай гісторыі. Дваццаць гадоў незалежнасці змянілі і нас, і літоўцаў. Але ці змяніў час цікавасць да нашага мінулага? Ці аддаліліся краіны адна ад адной за гэты час?На пытанні карэспандэнта “РГ” адказвае доктар гістарычных навук, прафесар універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўне Русціс Камунтавічус.
“Заходняя Беларусь захавала гісторыю Літвы”
– Беларусь для сучасных літоўскіх даследчыкаў – цікавая тэма?
– Вядома, літоўскія гісторыкі надаюць шмат увагі Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікае Заходняя Беларусь і Гродзенская вобласць, якая мяжуе з Літвой. Гэта тэрыторыя заўсёды застаецца актуальнай для нас. Нават калі вы запытаецеся ў літоўскіх школьнікаў, што яны ведаюць пра Беларусь, яны хутчэй за ўсё прыгадаюць Навагрудак ці Гродна.
Сярод этнографаў ёсць цікавасць і да паўночна-заходняй Беларусі – менавіта па гэтай тэрыторыі некалі праходзіла літоўская мяжа. На пачатку XX-га стагоддзя паўночна-заходняя Беларусь была этнаграфічнай зямлёй Літвы. У яе ўваходзілі Ашмяны, Смаргонь, Астравец, а на самой мяжы знаходзілася Маладзечна. Гэта тэрыторыя больш цікавая для даследчыкаў, якія вывучаюць землі, што раней належалі Літве. Але звычайны школьнік не будзе ведаць, дзе знаходзіцца Маладзечна ці Браслаў.
– Ці ўзнікаюць спрэчкі сярод беларускіх і літоўскіх гісторыкаў наконт гэтых тэрыторый?
– Дыскусіі ідуць хіба што вакол Гродна. Можна пачуць думкі, што гэты горад “наш”. Але, вядома, літоўцы там ніколі і не жылі.
Тое, што калісьці тэрыторыі Гродзеншчыны былі літоўскімі, дае падставу крыху “прысабечваць” гэтую зямлю. Калі цяпер мы падарожнічаем па Гродзенскай вобласці, то часта сустракаем у назвах мястэчак і вёсак балцкія карані. Яны захоўваюць сваё літоўскае мінулае. Адсюль і ідзе своеасаблівае стаўленне да гэтай тэрыторыі.
– Калі казаць пра навуковы асяродак, чым ён адрозніваецца ў Літве і ў Беларусі?
– Беларусь ізаляваная ад навуковага асяродку, які развіваецца не толькі ў Літве, але і ва ўсёй Еўропе. Літоўскія даследчыкі і студэнты больш мабільныя, яны перасоўваюцца без усялякіх праблем. Ездзяць на месца падзеі, гутараць з мясцовым насельніцтвам.
Беларускія навукоўцы менш падарожнічаюць, менш сустракаюць іншыя погляды на справу. Часта не ведаюць замежных моў. Ды і ўвогуле ў іх, як і ва ўсіх беларусаў, складваецца свой асаблівы менталітэт. Тое, што ўжо даўно вядома і відавочна ў той жа Польшчы ці Літве, для беларусаў з’яўляецца навіной.
Шмат якія новыя ідэі прыходзяць у Беларусь не адразу з першакрыніцы, а праз Расію. Гэта, вядома, мяняе ўспрыманне навіны. Адна з галоўных прычын такой сітуацыі – візавы бар’ер.
– Значыць, вялікай праблемай для навукоўцаў з’яўляецца дзяржаўная мяжа паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам?
– Вядома, гэта абсалютна так! Тое, што цяпер Беларусь і Літва аддзеленыя візавай заслонай – вялікі мінус з майго пункту погляду. Мы не можам свабодна наведваць суседзяў, вывучаць адзін аднаго.
Гэта тычыцца не толькі навуковых даследчыкаў, але і кожнага жыхара Літвы і Беларусі. Ізаляванасць вядзе да таго, што ў нас нават на ўзроўні паўсядзённасці застаецца не так шмат агульных тэм для размовы.
Знакаміты Будслаўскі касцёл бернардынцаў даследчык застаў падчас рэстаўрацыі.
“Мяне вельмі ўразіў Будслаў”
– Сёлета ў маі вы якраз наведвалі Беларусь. Па якіх мясцінах праходзіў ваш маршрут?
– Мы былі ў Мінску, пасля накіраваліся ў Маладзечна і Вілейку. Пасля пад’ехалі да мяжы з Літвой, наведалі Браслаў і Друю. Далей падарожнічалі ўжо па паўночнай Беларусі, у Віцебскай вобласці.
– Што запомнілася ў Вілейцы?
– Там ёсць вялікая плошча, якая і па сённяшні дзень носіць імя Леніна. Для мяне гэта было… цікава.
Мы затрымаліся ў гэтым горадзе, бо хацелі пабачыць камень Пілсудскаму. Я добра памятаю сітуацыю вакол гэтага помніка: ён быў занядбаны, а калі прадстаўнікі польскай амбасады зацікавіліся гэтым каменем, ён раптам спатрэбіўся самім беларусам, а пасля знік.
Цяпер да яго можа прыехаць любы ахвотны (ён знаходзіцца на тэрыторыі Вілейскага раёна электрасетак. – Аўт.). Помнік быў усталяваны ў 1935 годзе палякамі. Наколькі я ведаю, гэта адзін з нешматлікіх помнікаў таго часу, які захаваўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
– Што стала самым яркім уражаннем у Беларусі?
– Наведванне Будслава ў Мядзельскім раёне. Вельмі здзівіла тое, што многія будынкі захаваліся там у некранутым выглядзе. Насценныя роспісы касцёла захаваліся пасля савецкага часу, што вельмі нетыпова для Беларусі. Архітэктура Будслава сапраўды ўразіла!
Падчас наведвання помніка Юзафу Пілсудскаму ў Вілейцы.
“Мы вывучаем Беларусь, каб лепей зразумець сябе”
– Спадар Русціс, вы ўжо другі год запар з’яўляецеся адным з арганізатараў Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які праходзіць у Коўне. Як нарадзілася думка аб яго правядзенні?
– Адказ вельмі просты: Беларусь і Літва звязаныя гістарычна. Калі лепш пазнаеш Беларусь, лепш пазнаеш і сябе самога, сваю гісторыю. Думаю, гэтак жа можа сказаць і кожны беларус пра Літву. Для мяне як для гісторыка гэта відавочна, адсюль і нарадзілася ідэя кангрэсу.
Да таго ж беларускі бок вельмі актыўна пачаў дапамагаць у арганізацыі. З боку літоўцаў такога энтузіязму не было.
– Сёлета вы адкрывалі кангрэс і адразу прасілі прабачэння за тое, што не валодаеце беларускай мовай. Ці плануеце яе вывучаць?
– Вось вы цяпер размаўляеце са мной па-беларуску, і я добра ўсё разумею. Чытаю таксама без праблем. Але размаўляць мне ўжо складана. Некалькі сказаў магу сказаць без памылак. Але паколькі я ведаю польскую мову, пастаянна ўзнікае блытаніна польскіх і беларускіх слоў.
Думаю, калі б я пачаў больш актыўна вучыць беларускую, то праз пару тыдняў ужо б размаўляў свабодна. Трэба толькі знайсці добрага выкладчыка і пажыць крыху ў беларускамоўным асяродку. Гэта б дапамагло справіцца з граматыкай.
Аляксандра ПАРАХНЯ. Фота забяспечана Русцісам КАМУНТАВІЧУСАМ.