Як атрымаць Шэнгенскую візу?
Усё часцей беларусы для адпачынку і шопінгу выбіраюць суседнія еўрапейскія краіны. Асаблівай папулярнасцю падчас сёлетняга летняга сезона карысталася Літва. Ці значыць гэта, што абавязковая віза для наведвання краін Еўрапейскага Саюза не замінае беларусам у вандроўках?
Колькасць беларусаў, якія наведваюць Літву, пастаянна расце. Аб гэтым журналістам паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Літвы Андрус Пулокас. Ён звярнуў увагу на тое, што сёлета за турыстычны сезон беларусы атрымалі на 40% больш віз, чым за адпаведны перыяд мінулага года. 80 тысяч віз за чатыры месяцы – і гэта толькі на рахунку літоўскай амбасады. Між іншым, працэс атрымання візы нельга назваць лёгкім.
Наколькі гэта складана?
Для таго, каб паехаць у краіны Еўрапейскага Саюза, беларус павінен планаваць паездку загадзя. Калі ўсё складзецца ідэальна, візу можна атрымаць за два тыдні. Часам абставіны складваюцца так, што працэс зацягваецца на некалькі месяцаў.
– Мяне вельмі абураюць доўгія чэргі ля амбасад, – дзеліцца ўражаннямі Ганна Шутовіч, студэнтка са Смаргоні. – Людзі праводзяць у іх па некалькі гадзін, а часам і цэлы дзень! Таму ўсе знерваваныя і злыя. А зімой – яшчэ і замерзлыя. У некаторыя амбасады трэба загадзя запісвацца ў чаргу. Свабодную дату знайсці бывае проста немагчыма! Гэта вельмі нязручна, асабліва калі выехаць трэба тэрмінова.
Ускладняе справу і колькасць абавязковых дакументаў. Мінімальны набор налічвае пашпарт, запрашэнне ад юрыдычнай ці фізічнай асобы, фотаздымак, анкету, страхоўку, консульскі збор ў 60 еўра. Таксама можа спатрэбіцца інфармацыя аб фінансавым становішчы – краіны Еўрапейскага Саюза патрабуюць 40 еўра на кожны дзень знаходжання на сваёй тэрыторыі.
Асабліва цяжкімі для беларусаў становяцца грашовыя пытанні пры афармленні візы. 60 еўра – гэта дзве стыпендыі беларускага студэнта. Пры гэтым нашы суседзі з Расіі і Украіны плацяць за Шэнгенскую візу 35 еўра. Беларусь, у адрозненне ад іх, пакуль не падпісала неабходныя дакументы для таго, каб спрасціць візавы рэжым.
Сістэма віз працуе і на супрацьлеглым баку мяжы. Кожны жыхар Еўрапейскага Саюза для наведвання нашай краіны таксама мусіць сабраць дакументы на візу. Але набор будзе крыху меншы: дастаткова анкеты, страхоўкі, ксеракопіі пашпарта грамадзяніна Беларусі, які яго запрашае, і консульскага збору (за аднаразовую візу – 25 еўра, шматразовую – 60 еўра).
Але нават такі мінімальны набор адбівае жаданне падарожнічаць у жыхароў Еўрапейскага Саюза. Яны прывыклі жыць без візавых перашкодаў.
– Я быў у Беларусі ўжо тры разы і хутка збіраюся прыехаць яшчэ раз, – гаворыць студэнт Ян Лейе з нямецкага горада Мюнстэр. – Я ведаю, што краіна вельмі цікавая. Але маім аднагодкам цяжка зразумець, навошта траціць грошы і час на адкрыццё беларускай візы, калі можна без праблем выехаць у Францыю ці Аўстрыю.
Цяпер без візы ў суседнюю Польшчу могуць дабрацца хіба што папяровыя караблікі. Падчас акцыі за бязвізавую прастору на рацэ Мухавец у Брэсце.
Атрымаць запрашэнне – асаблівая навука
Асаблівае месца ў пералічаных дакументах займае запрашэнне. Добра, калі ў краінах Шэнгену ёсць сябры ці знаёмыя, якія могуць даслаць запрашэнне ад сябе. Што рабіць тым, у каго знаёмых няма?
У якасці дакумента, які пацвярджае патрэбу выехаць за мяжу, можа выступаць бронь з гасцініцы. Так, замовіўшы месца на час выезду, можна прынесці раздрукаванае пасведчанне аб броні. Але тады будзе афармляцца турыстычная віза, і ў амбасадзе абавязкова папросяць даведку аб заробку з месца працы. Патрабаванне – 40 еўра на дзень.
Існуюць у Беларусі і фірмы, якія дапамагаюць у афармленні віз. Адшукаўшы нумар у Інтэрнэце, тэлефануем у адну з іх.
– Калі вы хочаце выехаць за мяжу, прыносьце нам неабходныя дакументы – запоўненую анкету, пашпарт, фотаздымкі, страхоўку, – кажа суразмоўца з Мінска. – Запрашэнне мы афармляем самі. Праз 10 дзён можаце забраць пашпарт з гатовай візай. Не хвалюйцеся, мы ўсё робім афіцыйна.
Кошт такой паслугі: 90 еўра за аднаразовую візу, 200 – за шматразовую. Плюс 60 еўра консульскага збору, аплата страхоўкі. Не самы танны варыянт, але і ён карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў.
Польшча прапануе асаблівы від віз – “візы на закупы”. Тыя, хто ездзіць у суседнюю дзяржаву на шопінг, могуць атрымаць запрашэнне ад польскіх крамаў. Для гэтага трэба набыць тавараў мінімум на 200 злотых (каля 550 тысяч беларускіх рублёў) і папрасіць неабходныя дакументы ў інфармацыйных пунктах крамаў. Такая мажлівасць ёсць у найбуйнейшых польскіх крамах. Праблема толькі ў тым, што першы выезд афармляецца самастойна, бо запрашэнне дзейнічае толькі пасля набыцця тавараў.
Факты аб Шэнгенскіх візах:
1) За апошні год беларусы падавалі дакументы на Шэнгенскія візы 580 тысяч разоў.
2) Падаўшы дакументы на візу, беларус на два тыдні застаецца без пашпарта. А значыць, не можа заключаць дамовы, набываць валюту ў банках і нават… ажаніцца.
3) Калі паставіць адзін за адным людзей, што на працягу месяца звяртаюцца па візу ў амбасаду Літвы, будзе ланцуг даўжынёй больш за 100 км.
4) Больш за ўсё віз выдае беларусам польская амбасада (245 тысяч ў год) і літоўская (145 тысяч).
Віза – перажытак мінулага ці гарантыя бяспекі?
Беларусы – самы актыўныя наведнікі Шэнгенскай тэрыторыі. Гэта паказвае і статыстыка Еўрапейскай камісіі: у 2011 годзе на 1000 чалавек прыйшлася 61 віза. Паказчык самы высокі ў свеце.
Пры гэтым большасць беларусаў можна назваць дамаседамі.
За апошні год 59% беларусаў ні разу не выязджала за межы краіны, а 27% – за межы сваёй вобласці.
Пра гэта паведамляе Незалежны Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (Мінск). Як паказвае практыка, часцей за ўсё за мяжу выязджаюць адны і тыя ж людзі, у якіх ужо склаліся кантакты з пэўнымі краінамі.
– Мне падабаецца падарожнічаць і ў Беларусі, і па-за яе межамі. У краіны Еўрапейскага Саюза варта выехаць хаця б дзеля таго, каб пакаштаваць сапраўдныя нацыянальныя стравы, – кажа Ганна Шутовіч. – Польшча запомнілася мне бульбянымі пляцкамі. Яны падобныя да нашых клёцак, але больш вялікія і падаюцца з рознымі соусамі. Вядома, некаторыя стравы прадаюцца і ў нас. Але ў той краіне, адкуль яны паходзяць, стравы сапраўдныя, і гэта адразу адчуваецца на смак!
У беларусаў існуе нямала стэрэатыпаў, звязаных з візамі. Самы распаўсюджаны з іх: візы захоўваюць бяспеку і стрымліваюць міграцыю. Але адсутнасць віз не значыць адмову ад мытнага і пашпартнага кантролю на мяжы. Бязвізавы рэжым спросціць бюракратычныя праблемы, звязаныя з выездам за мяжу. Так, пры жаданні набыць адметны літоўскі сыр у Вільні беларус зможа проста сесці ў цягнік і праз тры гадзіны выбіраць сыр на свой густ. Зараз жа замест гэтага ён мусіць збіраць неабходныя дакументы, стаяць у чарзе і чакаць больш за 10 дзён.
Да таго ж звычайная віза не дае права займацца камерцыйнай дзейнасцю і працаваць. Гэта тычыцца як Шэнгенскіх віз для беларусаў, так і беларускіх віз для замежнікаў.
Практыка паказвае, што беларусы – вельмі дысцыплінаваныя ў адносінах з візамі. Выпадкі парушэння імі візавага заканадаўства надзвычай рэдкія. Таму амбасады краін Еўрапейскага Саюза рэдка адмаўляюць беларусам у выдачы візаў. Адмовы складаюць 0,5% ад колькасці заявак. Для параўнання: грузінам адмаўляюць у Шэнгенскай візе амаль у 15% выпадкаў, кожная другая заяўка на візу жыхароў Алжыра таксама адхіляецца.
Беларусы маюць давер у Еўрапейскім Саюзе. Нягледзячы на гэта, візавая перашкода ўсё яшчэ працягвае існаваць.
У якія краіны беларусы могуць ехаць без візы?*
Краіны СНД (Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расія, Таджыкістан, Узбекістан, Украіна)
| Тэрмін наведвання неабмежаваны |
Венесуэла
| Да 90 дзён |
Гандурас
| Тэрмін наведвання неабмежаваны |
Грузія
| Тэрмін наведвання неабмежаваны |
Кітай
| Пры турыстычных вандроўках у складзе групы |
Куба
| Да 30 дзён |
Македонія
| Пры наяўнасці пасведчання аб запрашэнні, тэлеграмы, турыстычнага дакумента |
Малайзія
| Да 30 дзён; пры гэтым неабходна прадаставіць зваротныя квіткі і выпіску з банкаўскага рахунка |
Манголія
| Пры наяўнасці пасведчання аб запрашэнні, тэлеграмы, турыстычнага дакумента |
Нікарагуа
| Тэрмін наведвання неабмежаваны |
Панама
| Тэрмін наведвання неабмежаваны |
Сербія
| Да 30 дзён |
Эквадор
| Пры турыстычных вандроўках да 90 дзён |
* Паводле дадзеных Міністэрства замежных спраў
Па прыбыцці ў кожную з краін (акрамя краін СНД) беларус мусіць абавязкова зарэгістравацца ў мясцовым Міністэрстве замежных спраў.
Для параўнання: самымі свабоднымі падарожнікамі з’яўляюцца шведы і фіны. Без віз яны могуць наведваць 173 дзяржавы свету.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Настассі РОЎДЫ і Алены КАХОВІЧ.