Выспачка кропу, шнурок часнаку

Источник материала:  
06.10.2012 — Разное

Многім мяне здзіўляў стары рыбалоў Сямён Анціпенка з Касцюковічаў. І звычкамі, і майстэрствам узяць з Беседзі самую наравістую рыбу, хітрыкамі-мудрыкамі адносна тэхналогіі таго ж лову. Многае я наматаў на вус, назіраючы за ім, яшчэ больш — не.

Справа ў тым, што ён пастаянна імправізаваў, выдумваў шмат чаго на хаду, вынаходзіў, прымяняў. Хоць і ў яго здараліся няўдачы, асечкі. Але ён тут жа знаходзіў апраўданне кожнай з’яве. Таму і слыў рыбаловам з нестандартным мысленнем. Адны за гэта яго цанілі, іншыя — кпілі над ім. Але ж, відаць, мудрасць навукі ў тым, што нехта першым павінен збочыць з сухой сцежкі і пайсці росным нерушам, апякаючы босыя ногі аб крапіву. Так-так, не любіў ён боты, асабліва кпіў над тымі, хто карыстаўся балотнымі. “Я, — казаў, — ваду, пясок, рыбу павінен адчуваць голымі пяткамі...”

І яшчэ заўважаў — прыязджаў ён на Беседзь на адно і тое ж месца. І калі даводзілася з ім пры гэтым сустрэцца, абавязкова частаваў — увечары ці ранкам — юшкай. Ды якой! Зрэшты, ніколі не заўважаў, каб у яго мяшэчку было што да тае юшкі — ні солі, ні прыпраў, нават цыбулі і кропу, не гаворачы пра іншае зяленіва. З’явілася падазрэнне, што ў Баханах — вёсцы на супрацьлеглым беразе ракі — ці ў суседняй з імі Юзяфоўцы былі ў яго знаёмыя ці сваякі. Адтуль, відаць, і браў патрэбнае. І ў каторы раз я памыліўся, у каторы раз уразіўся ягонай вынаходлівасці.

Аказваецца, ледзь толькі пачыналася вяснова-летняя рыбалка, як Сямён (па бацьку не памятаю) ладзіў у прылеску свой міні-агародзік. Градачка цыбулі, выспачка з кропам і радысам, шнурок часнаку. Нават некалькі карчоў бульбы.

— Толькі дурні пруць усё з горада, крэкчуць пад рукзакамі, — цадзіў Сямён юшку праз шчэрбы яшчэ моцных зубоў і хітра-хітра ўсміхаўся невядома каму.

←Когда торг уместен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика