Творчасць Наталлі Арсенневай – набытак Беларусі
Наталля Арсеннева, беларуская паэтка, прозвішча якой некалькі дзесяткаў гадоў было пад забаронай, а сама доўгія гады знаходзілася ў выгнанні.
Яна з таго роду, што даў свету Міхаіла Лермантава.
Пра паэтку
Нарадзілася Наталля Арсеннева 20 верасня 1903 года ў сям’і службоўца ці, як сама пазначала, – “расейскага ўрадаўца”. У сям’і было чацвёра дзяцей – тры сястры і брат. Маці, былая настаўніца, жанчына строгая і адукаваная, сама займалася падрыхтоўкай дзяцей да гімназіі. У дзесяць гадоў Наталля Арсеннева на “выдатна” здала ўступныя экзамены і была залічаная адразу ў другі клас Віленскай Марыінскай гімназіі. Правучылася два гады. А далей навуку спасцігаць давялося ў Яраслаўлі, куды эвакуявалі сям’ю Арсенневых, калі падчас Першай сусветнай вайны фронт наблізіўся да самай Вільні.
Гады жыцця ў Яраслаўлі супалі з цяжкімі гадамі – вайна, голад, рэвалюцыя. Вырашылі вяртацца на радзіму, у Вільню, дабіраліся да якой больш за год. Усе дзеці перахварэлі на іспанку. Сястра Наталлі Галіна памерла.
А ў Вільні кватэру Арсенневых занялі чужыя людзі. Усё дабро, што пакінулі падчас эвакуацыі, знікла. Трэба было ўсё набываць занава. 16-гадовая Наталля, каб дапамагчы сям’і, мусіла даваць урокі французскай і нямецкай моў.
Пасля навуку спасцігала ў Беларускай гімназіі ў Вільні, дзе сярод настаўнікаў былі Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч, усе – краса і гонар Беларускага Адраджэння. Гэта яны навучылі на ўсё жыццё горача палюбіць Беларусь. Першыя вершы Наталлі Арсенневай прачытаў і ўхвалі не хто-небудзь, а сам Максім Гарэцкі!
У чэрвені 1921 года Арсеннева атрымала атэстат аб набыцці сярэдняй адукацыі і пачала працаваць у адной з беларускіх віленскіх школ. Паступіла таксама ў Віленскі ўніверсітэт. Адначасова друкавалася ў розных заходнебеларускіх часопісах і газетах.
А праз год узяла шлюб з Францішкам Кушалем, які быў родам з Валожыншчыны, з Дораў, і з’ехала з Вільні. У Заходнюю Польшчу. Муж – прафесійны вайсковец расійскай царскай арміі, старшыня Беларускай вайсковай камісіі ў 1919-1920 гадах, афіцэр польскай арміі ў 20-30 гадах. Нарадзіліся сыны Яраслаў і Уладзімір. Нарадзіліся вершы – зборнік “Пад сінім небам” (1927), падрыхтаваная да друку кніга “Жоўтая восень”…
А жыццё рыхтавала новыя выпрабаванні. Другая сусветная вайна. Паводле пакта Молатава-Рыбентропа Заходняя Беларусь і краіны Прыбалтыкі ў 1939 годзе далучаныя да СССР.
Горад трох культур – беларускай, польскай і літоўскай – Вільню пераўтвараюць толькі ў летувіскі горад Вільнюс. У горадзе зачыняюць усе беларускія выданні.
Наталля Арсеннева едзе да сваякоў у Вілейку, дзе пачынае працаваць у абласной “Сялянскай газеце”.
У 1940 годзе паэтку разам з сынамі высылаюць у Казахстан. Прычына – знаходжанне Францішка Кушаля ў турме, у савецкім палоне, хаця не было ніякіх афіцыйных абвінавачванняў.
Год пакут, год крыўды, год пакарання. Выклік у Маскву – незразумела, дзеля чаго. Хіба дзеля прапановы скасаваць шлюб з мужам. Была такая. Муж яе тым часам быў у Маскве, побач, за кратамі, на Лубянцы.
У Маскву прыехала знямоглая – усю дарогу хварэла. А вяртаючыся ў Казахстан, ішла да месца ссылкі з райцэнтра пешшу – 32 кіламетры за адзін дзень. Па мокрым снезе, у разбухлых валёнках, з нагамі, сцёртымі да крыві. Апошнія пяць кіламетраў – босая, вясновай снегавой хлюпатой.
У маі 1941 года дзякуючы хадайніцтву Максіма Танка ад Саюза пісьменнікаў БССР яна вярнулася са ссылкі.
А ў 1944-м Наталля Арсеннева разам з меншым сынам выехала ў Германію, старэйшы сын 22 чэрвеня 1943 года загінуў у Мінскім гарадскім тэатры падчас прадстаўлення ад міны, якую заклалі партызаны.
З 1950 года паэтка з сям’ёй жыла ў ЗША, спачатку ў Ню-Ёрку, пазней – у Рочэстэры. 1944 год стаў годам расстання з радзімай назаўсёды.
А творчасць яе, незалежна ад абставін яе асабістага лёсу, – набытак Беларусі.
Паэткай захапляліся, ёй прысвячалі вершы Максім Танк і Міхась Машара. Максім Танк у вершы “Нашы шляхі” так пісаў: “Песня твая зацвіла зачарованай казкаю…”. Словы ў пачатку гэтага верша “Нашы дарогі расходзяцца даўна пад зорамі…” сталі прарочымі, спраўдзіліся ў жыцці.
У 1997 годзе Наталля Арсеннева пакінула гэты свет, пахаваная ў Рочэстэры, ЗША.
Лепш позна, чым ніколі
Гэта і пра мяне, бо толькі цяпер для сябе адкрыла творчасць Наталлі Арсенневай, томік з вершамі якой прынесла мне наша пастаянная чытачка Аліна Анкіновіч.
Яна таксама нераўнадушная да творчасці паэткі, тым больш што стрыечная сястра бацькі Аліны маладзечанца Вітольда Маліцкага, Ядзя, выйшла замуж за роднага брата Францішка Кушаля, мужа Наталлі Арсенневай. Жыла ў Дорах, што на Валожыншчыне, а Наталля Арсеннева там таксама часта бывала. Вядома ж, сустракаліся.
Няшмат памятае Аліна з расказаў бацькі, толькі тое, што Наталля Арсеннева была беларускай паэткай, што, апынуўшыся на чужыне, даводзілася многа і цяжка працаваць.
Мяне ўразіла творчасць Наталлі Арсенневай, асабліва такія вершы, як “О, родны край!”, у якім так лірычна-інтымна напісаныя радкі:
О, родны край!
Другі такі ці ж ёсць
на свеце,
Ад сонца залаты, сівы
ад туманоў,
і белы
і густым, вясновым,
пенным веццем,
і чыстаю, як снег,
душой тваіх сыноў!
А вось яшчэ:
Беларусь!
Наша маці-краіна!
Ты з нас моцных
зрабіла людзей,
Не загінулі мы
і не загінем,
Покуль Ты нас
наперад вядзеш!
Пастаім за Цябе,
як асілкі,
Нашы сэрцы
палаюць агнём…
Мой бацька, Браніслаў Нелюб, які ведаў мужа Наталлі Арсенневай і яе самую, неяк падчас размовы гаварыў, што яна была незвычайнай жанчынай, прыгожай і надта разумнай. І не пагаджаўся з тым, што пісалі газеты пра яе мужа.
Марыя БЕРАСНЕВА.