Уходя, гасите свет
Каким должен быть критерий справедливости при оплате жилищно-коммунальных услуг?
Евгений КОНОНОВИЧ, “НГ” за 20.09.2012
Сялянка:
— Хачу звярнуцца да людзей, якія спрабуюць нарміраваць спажыванне электрычнасці, вады і гэтак далей. Так, камунальнікі не абавязаны займацца дабрачыннасцю. Спажыўцы павінны плаціць за тавары і паслугі сапраўдны кошт. Разумная эканомія — гэта норма. Але яна мусіць быць, пардон за каламбур, нормай для ўсіх. Ні для кога не сакрэт, што толькі адзінкі сярод сельскіх жыхароў дацягваюць да сярэдняй па краіне зарплаты. Тым не менш сяляне не просяць ільготы і падачкі. Мы гатовыя разлічыцца за ўсё спаўна, але ў такім выпадку няхай за ўсё плаціць і горад. Гараджанін карыстаецца гарачай вадой за капейкі як неабходным для жыцця сродкам. Калі ж вясковец аддае шалёныя грошы за падвядзенне водаправода, чапляе сабе яшчэ і бойлер — гэта ўжо лічыцца марнатраўствам і амаль непрыстойнай раскошай, хаця ён і аплачвае электраэнергію. Гараджанін, не атрымаўшы ў ацяпляльны сезон належных 18 градусаў (ізноў зусім нядорага), падымае цэлую буру на розных узроўнях. Вясковец, які паставіў электракацёл і плаціць за “святло” вельмі неблагія грошы, аўтаматычна становіцца зноў-такі марнатраўцам, якога тут жа неабходна пакараць рублём. Калі ў двары шматпавярхоўкі або на вуліцы прападае святло, яе насельнікі аб’ядноўваюцца ў крыжовы паход супраць махровых абібокаў-камунальнікаў. Між тым калі вясковец за свае грошы ладзіць асвятленне ў двары, каб не сустрэцца вечарам сам-насам з забытымі граблямі — гэта недапушчальная растрата каштоўных энергарэсурсаў. І дзе ж тут, панове, эгалітэ і фратэрнітэ?
Я — за аплату поўнага кошту камунальных выдаткаў і для гараджан, і для сялян. Толькі сапраўды поўнага — я маю на ўвазе і гарачую ваду, і газ, і іншыя выгоды, якімі карыстаюцца гараджане. Паступовае павышэнне тарыфаў — зусім някепская ідэя. А то каб не сталася такая сітуацыя — едзеш ты, шаноўны, па добрай дарозе, у добрай машыне, і настальгуеш над бутэлькай “деревенского” малака, купленага ў вясковай кабеткі. Яна не гаруе, ёй добра жывецца, бо бабуля навучыла яе мыцца ў рэчцы і зберагаць малако дзедаўскім метадам, без халадзільніка (каб, крый божа, не перавысіць ліміт!) — жаб саджаць у слоікі. Толькі не ведаю, ці мые яна лапкі гэтым карысным земнаводным, злавіўшы на палях фільтрацыі. На ваду ж таксама ліміт...