Гета ў Кямелішках 70 год таму нацысты знішчылі гета ў Кямелішках на беларуска-літоўскім памежжы. Шмуэль Керэн-Кроль застаўся тады жыць...
Шмуэль Керэн-Кроль. 24 кастрычніка 1942 года больш за 500 яўрэяў з гета ў Кямелішках знішчылі насцысты. 10-гадовы Шмуэль цудам ацалеў. Сёння ён жыве ў Паўднёвай Афрыцы.
“У гэтым гета не было ні ахоўнікаў, ні агароджы – але ўсё яўрэйскае насельніцтва было вымушана пасяліцца насупраць касцёла. Калі хто-небудзь аказваўся за межамі сцен гета, ён быў падвергнуты катаванням або яго забівалі гітлераўцы і іх мясцовыя паслужнікі”.Гэта словы з успамінаў Шмуэля Керэн-Кроля, які ў 1992 годзе прыехаў з Паўночнай Афрыкі, наведаў Кямелішкі і пры дапамозе мясцовых улад устанавіў на месцы расстрэлу нявінных жыхароў помнік. Сёлета спаўняецца 70 год з тых трагічных часоў у Кямелішках і каля дзесятка з тых часоў, калі быў устаноўлены тут госцем з Афрыкі помнік на месцы трагічнай смерці нашых землякоў.
Людзі ішлі да агульнай магілы
У кастрычніку 1942 года вяртаючыся з Пабрадзе (Падбродзе) ў Кямелішкі разам са сваёй маці, ён цудам застаўся жыць. Маці не дажыла некалькі дзён да вызвалення рэгіёна часткамі Савецкай арміі. Яе забілі ў ліпені 1944 года польскія бандыты.
На шчасце, юнак выжыў тады, дзякуючы дабрыні мясцовых жыхароў. Яны вельмі часта падвяргалі рызыцы сваё жыццё, ратуючы чужога ім чалавека. Словы ўдзячнасці назаўсёды застануцца ў сэрцы гэтага чалавека. Цяжкі груз мінулага ніколі не забудзецца. Хвіліны, калі яго сёстры і браты, насільна гнаныя, ідуць да іх агульнай магілы ў маёнтак Малыя Свіранкі, што размешчаны недалёка ад Кямелішак, цяжка ўявіць.
Уся віна іх была ў нацыянальнасці. Яўрэі нібыта перашкаджалі ўсталяванню “новага парадку” ў Еўропе. Так лічыў фюрэр. А што думалі літоўскія паліцаі, выконваючы гэтыя жудасныя і нечалавечыя загады? Увогуле, ці маглі яны выжыць тады без сваёй службы ў нямецкай арміі?..
Ці ведалі, што ў “Генеральным плане ”Ост” былі сфармуляваныя Гітлерам асноўныя мэты: распрацоўка плану масавага знішчэння і ператварэння ў рабоў народаў Усходняй Еўропы, уключаючы народы былога СССР.
Доўгія гады гэты дакумент лічыўся згубленым, але ў 70-я гады мінулага стагоддзя ў Нацыянальнай бібліятэцы ЗША ў Вашынгтоне яго адшукалі. Генеральны план “Ост” прадугледжваў высяленне на працягу 30 год 31 мільёна чалавек з тэрыторыі Польшчы і заходняй часткі тэрыторыі былога Савецкага Саюза і засяленне гэтых земляў 10 мільёнамі немцаў-каланістаў.
Задача – знішчыць
Першымі каланістамі павінны былі быць “доблесныя” воіны Германіі, якія разграмілі Савецкі Саюз. Захопленыя імі землі былі б ім першай узнагародай. План прадугледжваў знішчэнне, высяленне, ператварэнне ў рабоў славянскіх народаў, ліквідацыя дзяржаўнасці і культуры.
Планавалася анямечыць 25% беларусаў, а 75% – выселіць, г.зн. знішчыць.
Апраўдваючы гэтыя злачынныя дзеянні, Гітлер заяўляў: “Мы абавязаны знішчаць насельніцтва – гэта ўваходзіць у нашу місію аховы германскага насельніцтва… Я маю права знішчыць мільёны людзей ніжэйшай расы”.
Трагедыя беларускага народа была часткай трагедыі ўсіх жыхароў Усходняй Еўропы, лёс якіх быў вырашаны яшчэ да пачатку вайны. Планы захопу чужых тэрыторый распрацоўваліся кіраўніцтвам задоўга да пачатку ваенных дзеянняў.
Гітлераўцы рыхтавалі моцную армію, вялі ўзмоцненую апрацоўку свайго насельніцтва. У яе аснове ляжала нянавісць да людзей “ніжэйшай расы”, уседазволенасць у адносінах да іх, гвалт.
Па планах Гітлера, пасля плануемага паражэння СССР павінна было быць вынішчэнне славянскага насельніцтва ў вялізным маштабе. Эксперыментам для выканання гэтых планаў з’явілася знішчэнне яўрэяў і цыган.
Керэн-Кроль не ведаў адказаў на пытанні аб гэтым ні тады, ні 50 год пазней, калі прыехаў упершыню на сваю радзіму пасля бадзянняў па дзіцячых дамах. Пасля вайны яму давялося апынуцца ў Паўднёвай Афрыцы, пасяліцца, злучыўшыся са сваякамі, якія выехалі туды яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя.
Трэба было жыць...
А тады, у студзені 1942 года, уся сям’я – бацька, маці і сямёра дзяцей, ратуючыся ад пагібелі, перабраліся з Пабрадзе (цяпер на тэрыторыі Літвы – рэд.) ў суседнія Кямелішкі. Жыллём служыла паўразбуранае драўлянае памяшканне. Палову жылой прасторы займала драўляная пабудова, якую выкарыстоўвалі ў якасці ложка. Нягледзячы, што печ увесь час палілі, у памяшканні было холадна, як і на двары.
Старэйшай сястры тады было 13 год, а малодшаму толькі год. Маленькаму Шмуэлю на той момант было каля 10 год, і асноўным заняткам было здабываць дровы для печы пры дапамозе маленькай сякеры. Выходзіў хлопчык у бліжэйшыя гаспадаркі ў надзеі купіць хлеба або малака. Хадзіў ноччу, каб здабыць дроў з недабудаваных памяшканняў або платоў. Калі яго лавілі за гэтым заняткам, то заканчвалася ўсё пагрозамі і пагоняй. Але трэба было жыць…
У пачатку лета 1942 года гаспадар селіць сваю сям’ю ў маленькім драўляным доме каля паліцэйскага ўчастка, паколькі яго назначаюць прадстаўніком жыхароў гета.
На той час большасць маладых людзей былі сасланыя ў канцэнтрацыйныя лагеры або выйшлі ў лес да партызан. Стрыечная сястра Міра была адной з тых, хто далучыўся да братоў Гарбяровічаў, якія камандавалі партызанскім атрадам. Яны нарадзіліся ў Кямелішках.
Іх сям’я, як і большасць, пакутавала ад голаду. Бацька, будучы ў сяброўскіх адносінах з сваімі польскімі суседзямі ў Пабрадзе, перад адыходам пакінуў ім на захаванне частку сваёй маёмасці. Разам з маткай хлопчык накіроўваецца ў рызыкоўнае падарожжа назад у Пабрадзе, каб вярнуць хоць што-небудзь з пакінутага. Небяспека была ў тым, што ўся яўрэйская абшчына ў Пабрадзе была расстраляная ўжо ў верасні 1941 года. Да таго ж, Кямелішкі на той час былі ў складзе Літвы, паліцыя была таксама літоўская і, вядома, вельмі варожа ставілася да яўрэяў.
20 кастрычніка 1942 года на шляху з Пабрадзе, спыніўшыся ў адным з дамоў, каб перадыхнуць, яны з маці пачулі жудасную навіну з Кямелішак: нацысты сагналі ўсю яўрэйскую абшчыну ў раён могілак і рыхтавалі ім расправу.
Шмуэль з мамай тады выратаваліся...
Што думалі родныя, калі іх гналі да магілы?
А там, сярод іншых, былі іх родныя. Што яны думалі, калі ішлі, гнаныя канвоем? Якія былі адчуванні, калі ім, распранутым да нацельнай бялізны, загадвалі спускацца ў магілу і класціся тварам уніз? Ужо ляжачых расстрэльвалі з аўтаматаў, на забітых клалі чарговыя партыі і зноў забівалі. Паводле сведчанняў відавочцаў, бойня працягвалася каля двух гадзін. Выратавацца нікому не ўдалося.
Мясцовым жыхарам у час расстрэлу катэгарычна забаранялася выходзіць з хат. Калі нехта імкнуўся парушыць забарону, у таго стралялі.
У 1945 годзе савецкія ўлады было ўскрылі магілы, каб выявіць маштабы трагедыі. Вытрымкі з акта, складзенага надзвычайнай камісіяй па расследаванню злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі:
“28 сакавіка 1945 года праведзена ўскрыццё магілы расстраляных мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, якія ўтрымліваліся ў гета ў вёсцы Кямелішкі.
Даўжыня магілы 20 метраў, шырыня – 4 метры, глыбіня – каля 3 метраў. Пры раскопцы на глыбіні 1 метра выяўлены трупы людзей, якія ляжаць ушчыльную адзін да аднаго па ўсёй даўжыні магілы.
Усяго ў верхнім радзе знаходзіцца каля 50 трупаў мужчын, жанчын і дзяцей розных узростаў. Усе трупы верхняга рада ў большасці сваёй распрануты да ніжняй бялізны.
Забойства людзей адбывалася выстраламі ў галаву разрыўнымі кулямі, аб гэтым сведчыць раздрабленне чэрапаў”.
Лёс немаўлят невядомы
Па словах сведкаў, гета ў вёсцы Кямелішкі было створанае ў кастрычніку 1941 года, дзе ўтрымліваліся яўрэі – жыхары мястэчка Кямелішкі і навакольных вёсак. Там былі створаны невыносныя ўмовы для людзей. Ім, у прыватнасці, забаранялася гадаваць немаўлят. Немаўляты, якія нарадзіліся ў гета, бясследна знікалі.
У мемарыяльным комплексе “Хатынь” у Сцяне памяці ёсць мемарыяльная пліта, пастаўленая ў памяць дзяцей, якія загінулі ў канцэнтрацыйным лагеры ў вёсцы Чырвоны Бераг на Гомельшчыне. Ахвярамі яго былі соткі дзяцей з Жлобінскага, Добрушскага, Рагачоўскага, Страшынскага раёнаў ва ўзросце ад 8 да 14 год. Прыкладна 1990 дзетак з гэтага канцлагера фашысты вывезлі ў Германію. Іх ператварылі ў пастаўшчыкоў крыві для нямецкіх салдат.
Складана даведацца пра лёс тых немаўлят. Што можа быць добрага ў жыцці дзіцяці, калі яго забралі сілай ў роднай маці?
Цераз год у Кямелішкі з Вільні прыехала брыгада карнікаў, у склад якой уваходзілі нямецкія салдаты дывізіі СС і літоўцы, што знаходзіліся на службе ў нямецкай арміі. Частка салдат накіравалася капаць магілу ў маёнтку Малыя Свіранкі, а астатнія арыштоўвалі мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці па-за межамі гета і ў суседніх вёсках.
Пасля таго, як людзям быў зачытаны ганебны ўказ аб тым, што ставіцца ім у віну, іх пастроілі ў калону па чатыры чалавекі і пад узмоцненым канвоем павялі да падрыхтаванай магілы. Пры гэтым усім фізічна моцным мужчынам звязалі рукі. Усяго ў калоне налічвалася ад 350 да 400 чалавек – мужчын і жанчын, старых і малых.
Сённяшні касцёл Нараджэння Багародзіцы ў вёсцы Кямелішкі, які пабудаваны ў 1900 годзе, памятае падзеі тых часоў. Менавіта насупраць яго знаходзілася гета. Жыхары вёскі мала пра гэта думаюць у шэрагу сваіх праблем. У 2012 годзе Шмуэль Кроль зноў наведаў сваю Радзіму ў Пабрадзе. Вялікая чалавечая ўдзячнасць за выратаванае жыццё і пачуццё Радзімы… Якія мы з Вамі шчаслівыя людзі, што жывём цяпер!? Ён таксама шчаслівы!
Ірына КАЗАК, Міхалішкі.
Памяць яўрэйскага хлопчыка
Шмуэль Керэн-Кроль выдаў у 2004 годзе ў Кейп Таўне (Паўднёваафрыканская Рэспубліка) аўтабіяграфічную аповесць “Mulik the zulik”.
У 2010 годзе яна выдадзеная ў Мінску ў перакладзе на беларускую мову (“Мулік жулік”. Мінск, І.П.Логвінаў, 2010). Пераклад зрабіла журналіст з Астраўца Ганна Чакур.
У значнай частцы аповесць прысвечаная ваенным успамінам Шмуэля Керэна. Як пішацца ў анатацыі да выдання: “У гэтай аўтабіяграфічнай аповесці аўтар не толькі распавядае пра свой лёс – лёс габрэйскага хлопчыка сіраты, усю сям’ю якога закатавалі немцы і іхныя прыспешнікі, пра свае блуканні па пасляваенных дзіцячых дамах, па свеце, па ўласным жыцці – Шмуэль Керэн-Кроль спрабуе адшукаць хаця б кропельку сэнсу ў існаванні паміж людзьмі нянавісці, здрады, жадання забіваць”.
Сваю кнігу Керэн Кроль прысвяціў свайму народу: “асабліва сотням тысяч маленькіх дзяцей, бязлітасна замардаваных Гітлерам, яго памагатымі і ўсялякага роду калабарацыяністамі; з асаблівай удзячнасцю — маім польскім сябрам з Падбрадзе; маёй кузіне Мані Ёфэ і яе сям’і; маім дзецям і маім сябрам, якія разам са мной захоўваюць памяць пра маю сям’ю, падзяляюць мае мары пра лепшы свет”.
М. Г.