Ці патрэбны нашай краіне рэформы і якімі яны павінны быць?

Источник материала:  
04.09.2012 — Разное

Размовы пра перспектывы развіцця Беларусі і неабходнасць правядзення рэфармавання гучаць на самых розных узроўнях.“Народная Воля” высветліла, што на гэты конт думаюць прадстаўнікі розных узроставых і сацыяльных груп.

Каліса ПАМАЗАНАВА,

пенсіянерка (амаль паўстагоддзя адпрацавала на паліграфічным камбінаце імя Я.Коласа):

-- Канешне, рэформы патрэбны і як мага хутчэй. Балюча глядзець, як некаторыя заводы і фабрыкі, якія яшчэ 20 гадоў таму працавалі на поўную моц, цяпер альбо ў заняпадзе, альбо завяршаюць свой некалі слаўны шлях. Тое абсталяванне, якое было яшчэ за савецкім часам, састарэла, а новага няма.

Да рэформаў падштурхоўвае і дэмаграфічная сітуацыя. Большасць насельніцтва жыве ў гарадах. Хутка людзям не будзе дзе працаваць. Гэтую сітуацыю можа вырашыць толькі тэрміновая мадэрнізацыя.

Патрэбны рэформы і ў галіне адукацыі. Школа павінна ўзгадаць лепшыя традыцыі і не толькі вучыць школьнікаў, але  і выхоўваць іх. Вядома ж, многае залежыць ад бацькоў.

Уладзімір КОЛАС,

старшыня Рады інтэлігенцыі, дырэктар ліквідаванага ўладамі нацыянальнага гуманітарнага ліцэя:

-- Натуральна, рэформы патрэбны. Што да мадэрнізацыі ў сферы адукацыі, то ў школах перш за ўсё патрэбна ўводзіць дыферэнцыяцыю, каб у старэйшых класах было паглыбленае вывучэнне асобных прадметаў.

Школе патрэбна дэмакратызацыя, каб не было “прамывання мазгоў” дзяржаўнай ідэалогіяй, і гэта пры тым, што самі ідэолагі не надта могуць адказаць, у чым яна, уласна, заключаецца.

Вучням патрэбна большая самастойнасць. Ну і патрэбна нацыяналізацыя школы, што азначае яе беларусізацыю. Трэба мець і захоўваць сваю гістарычную памяць, а не быць носьбітам расійскай імперскай каланіяльнай ідэалогіі.

Андрэй КЛІМАЎ,

былы бізнесмен, палітык:

-- Перш чым казаць хоць пра якія-небудзь рэформы, нашай краіне трэба вызначыцца спачатку з геапалітычным становішчам. Сёння мы аднолькава ўспрымаемся як ворагі і для Расіі, і для Захаду. Як так можна жыць? Як толькі вызначымся, тады трэба будзе думаць, як стварыць інвестыцыйны клімат, бо без гэтага ніякіх прадпрыемстваў не пабудуеш. Вось я ехаў па трасе Мінск--Масква і назіраў за калонай нашых аўтобусаў. Нехта з чыноўнікаў можа пахваліцца, маўляў, аўтобусы сваёй вытворчасці. А я скажу: каму яны такія патрэбны? Навошта выпускаць прадукцыю, якая саступае еўрапейскім аналагам?

Аднавіць старыя прадпрыемствы цяпер ужо нерэнтабельна. Трэба будаваць новыя.

Аляксандр ЯРАШУК,

старшыня Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў:

-- Беларусь даўно праехала той момант, калі былі неабходны рашэнні па рэфармаванні палітычнай сферы і эканомікі. Гэта выклік, які з кожным днём становіцца ўсё больш актуальным, але, на вялікі жаль, сённяшняе кіраўніцтва краіны не рэагуе, не жадае і не можа рэагаваць на гэта.

Лічу, што перамены, рэформы, мадэрнізацыя абсалютна патрэбны краіне, але яны не патрэбны ўладам, бо нясуць пагрозу існуючай сітуацыі.

Вячаслаў ГАНЧАРЭНКА,

пастар царквы “Новае жыццё”:

-- Рэформы наогул патрэбны, каб жыццё людзей паляпшалася. Я вось мяркую, што трэба рэфармаваць заканадаўства ў рэлігійнай сферы. Дзяржаўная ідэалогія не павінна глядзець на рэлігію як на канкурэнта.

Трэба нарэшце даць магчымасць людзям самім выбіраць, у якую царкву хадзіць. Нармальнай краіне патрэбна роўнасць усіх канфесій.

Мы ж не бяром грошы ў дзяржавы, наадварот, дапамагаем людзям, якім патрэбна дапамога. Колькі людзей яе не дачакаліся? Паглядзіце статыстыку самагубстваў у Беларусі толькі за адзін год! Калі б гэтым людзям было куды звярнуцца, куды патэлефанаваць, то, можа, усё было б не так жудасна.

←После обнародования информации о покупке Халка сайт "Зенита" рухнул под натиском читателей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика