Бібліятэка пад адкрытым небам

Источник материала:  
04.09.2012 — Разное

На Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім можна было трапіць у тэатр Ігната Буйніцкага, павітацца за руку з вялікім князем Альгердам, пакаштаваць “салодкія” энцыклапедыі і, вядома, аддаць пашану Яе Вялікасці... Кнізе

Бібліятэка пад адкрытым небам — так без перабольшвання можна было назваць у гэтыя выхадныя сёлетнюю сталіцу беларускага пісьменства Глыбокае. На вуліцах горада тут і там выстаўляліся вялікія энцыклапедыі і малыя брашуркі, сур’ёзныя даведнікі і дзіцячыя размалёўкі, кніжныя рарытэты ўзростам у некалькі стагоддзяў і выданні, надрукаваныя з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій... Упэўнена, кожны з гасцей свята, а іх сабралася ў горадзе некалькі тысяч, змог знайсці і кнігу па душы, і занятак па настроі: на ўсіх плошчах, вуліцах і нават падворках Глыбокага прайшлі займальныя прадстаўленні, імправізацыі і прэзентацыі.

У Глыбокае — за “Мінскам”

— Думаю, на рэспубліканскім узроўні гэта другое па значнасці і маляўнічасці свята пасля “Дажынак”, — адзначыў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. — Прыемна, што Дні пісьменства праходзяць у невялікіх гарадах. Ужо дзевятнаццаць гарадоў змянілі сваё аблічча дзеля кнігі, якую беларусы і любяць, і чытаюць.
Тыя, хто даўно не наведваўся ў Глыбокае, былі сапраўды здзіўленыя метамарфозамі, што адбыліся ў горадзе. Адрамантаваныя дарогі, адноўленыя крамы, з’явіліся новыя аб’екты...

Алена разам з мужам і дачкой прыехала на свята ажно з Мінска.

— З Глыбокага родам маці майго мужа. Так што і яе наведалі, і на свята патрапілі, — расказвае Алена. — Горад вельмі змяніўся. Калі вечарам трапіла ў цэнтр, падалося, быццам знаходжуся дзесьці ў Мінску. Шкляныя будынкі, цудоўная падсветка... Парадаваў сквер у гонар нашых славутых землякоў, які з’явіўся ў горадзе на Дзень пісьменства.

Заўважыла ў руках Алены вялікую кнігу ў маляўнічай вокладцы.

— Гэта мы толькі-толькі на стэндзе “Белкнігі” набылі. Энцыклапедыя “Мінск”, — разгортвае выданне Алена. — Можа, і дзіўна, што аж у Глыбокае прыехалі па “сталічную” кнігу. Але тут яна нашмат танней — усяго 40 тысяч. А папера вельмі добрая, мелаваная.

Кнігі на свяце і праўда былі прадстаўлены вельмі шырока. Можна было набыць і школьную, і дзіцячую, і навуковую літаратуру. Не толькі ў папяровым варыянце. Выдавецтва “Вышэйшая школа” прыцягнула маю ўвагу дыскам “Англійскі за рулём”.

— Некалькі гадоў таму выйгралі тэндар і адкрылі пры выдавецтве студыю гуказапісу, — расказала вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу выдавецтва Алена Шчарбак. — Цяпер амаль усе падручнікі па замежных мовах выпускаем з гукавымі дадаткамі. А “Англійскі за рулём” — гэта чыста гукавы праект. Чалавек можа ехаць у аўтамабілі і адначасова вучыцца.

“Салодкія” літары

Кожнае з выдавецтваў і друкарняў пастаралася, каб удзельнікі і госці свята наведаліся менавіта да іх. Ну і чарга! — звярнула ўвагу на людзей, што тоўпіліся ля стэнда маладзечанскай друкарні “Перамога”. Аказваецца, тут друкавалі лістоўкі “З Глыбокага” — уручную на старэнькім станку.

— Станок — равеснік друкарні. Яму амаль 70 гадоў, — расказалі супрацоўнікі-маладзечанцы. — Вядома, на вытворчасці такім ужо не карыстаемся. А тут вырашылі: чаму б не зрабіць жыхарам і гасцям Глыбокага прыемнае і пакінуць штосьці на памяць?

На самым пачэсным месцы на нацыянальным стэндзе — кнігі-пераможцы 51 конкурсу “Мастацтва кнігі”. Асабіста мяне больш за ўсё ўразіў лаўрэат намінацыі “Садружнасць” — духоўна-асветніцкае выданне “Закон Божий” выдавецтва Беларускага Экзархата Маскоўскага патрыярхату — сапраўдны фаліянт з шыкоўнай вокладкай са скуранымі ўстаўкамі. Такая кніга ўпрыгожыць любую бібліятэку.

— Тут столькі кніг! — дзеліцца ўражаннямі трэцякласніца Любаша. — Маленькіх, вялікіх... А які мы з мамай торт-кнігу бачылі! Вялізны проста. І літары там з крэму былі. — Цэлы верш — “Яно маё — Глыбокае / І блізкае й далёкае”.

Побач з кнігамі была прадстаўлена і нацыянальная прэса Беларусі. З асаблівай цікавасцю падыходзілі госці і ўдзельнікі свята да стэнда “Народнай газеты”: тут можна было выйграць сувенір, адказаўшы на пытанні пра гісторыю выдання, а таксама свежыя нумары газеты і часопіса “Родная прырода”.

На скрыжаванні трактаў

Аднак фестываль кнігі і прэсы быў толькі невялікім элементам свята. Увесь горад на Дзень пісьменства ператварыўся ў скрыжаванне трактаў, дзе можна было знайсці, акрамя кніжак, яшчэ шмат цікавага.

На тракце “Ад агню да пяра” можна было пазнаёміцца з развіццём пісьменства ад старажытнасці да сучаснасці, убачыць архаічныя спосабы здабывання агню, пачуць старажытныя спевы, зазірнуць у майстэрню па перапісе кніг. Тут, дарэчы, я ўпершыню ў жыцці ўбачыла, як раней пісалі на гліняных дошках. Карціна ўражальная! На тракце нацыянальных культур прадставілі сваіх майстроў, танцы, песні і адметнасці кухні прадстаўнікі розных дыяспар, якія жывуць у Беларусі. Гэта былі ці не самыя маляўнічыя падворкі горада: піражкі са шчаўем ад расіянаў, бутэрброды з лавашом ад армянаў, пачастункі з мёду ад палякаў.

— Вельмі ўдзячныя глыбачанам, што запрасілі нас на свята, — прызналася армянка з Полацка Раіса Біран. — У Беларусі ўжо дваццаць гадоў жывём, а на такім свяце ўпершыню. Шчыра радуюся за сяброў-беларусаў. Такая ў іх багатая гісторыя і культура!

На турыстычным тракце адбылася выстаўка турыстычных маршрутаў, а на тракце “Шчодрыца” прайшла прэзентацыя падворкаў сельсаветаў і гаспадарак Глыбоцкага раёна. Ці не самым доўгім аказаўся гістарычны Альгердаў тракт, на якім можна было адчуць атмасферу XIV—XVI стагоддзяў, стаць удзельнікамі старажытных панскіх гульняў і забаў, паглядзець рыцарскі турнір і нават убачыць вялікіга князя літоўскага Альгерда.

Праграма для дзетак разгарнулася ў гарадку “Брыганціна” на беразе возера Кагальнае. Тут адбыліся выстава дзіцячай творчасці, інтэлектуальны турнір, літаратурная гасцёўня і нават сапраўдны жывапісны пленэр. Каля пяцідзесяці дзетак з мальбертамі і фарбамі размясціліся ў парку ля вады.

— Мы малюем прыгожыя пейзажы нашага горада, парк, вадаём, — расказвае вучаніца мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча Святлана Сініца. — Пад музыку, якая гучыць вакол, вельмі здорава ствараць. Ды і надвор’е не падвяло.

Адным словам, свята ўдалося. Гэта адзначылі і афіцыйныя асобы, і жыхары Глыбокага, і госці з іншых гарадоў.

— Спецыяльна прыехала на Дзень пісьменства з Наваполацка, — расказала Кацярына Іванаўна, якую сустрэла ў парку: жанчына, седзячы на лаўцы, гартала свежанькі часопіс “Родная прырода”. — Свята атрымалася жывым, маляўнічым. І літаратура з прэсай добра прадстаўлены. Вось, бачыце, і мяне часопісам пачаставалі.

Наступнае свята пісьменства прыме Быхаў. Да справы пісьменства быхаўская зямля мае самае непасрэднае дачыненне: славуты Баркалабаўскі летапіс ствараўся менавіта тут.

 Заходзь і глядзі!
Якія глыбоцкія пейзажы малявалі ў Дзень беларускага пісьменства, чым частавалі гасцей на расійскім падворку, як выглядаў старажытны беларускі сшытак, што такое цэра і як на ёй пісаць, вы знойдзеце
ў відэападборцы на сайце “Народнай газеты” www.ng.by.

←Говорящая память

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика