Пачынаць ад пачатку — з буквара

Буквар 1767 года будзе выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі, рускай і беларускай літаратуры, геаграфіі і на факультатыўных занятках
У Нацыянальнай бібліятэцы напярэдадні Дня беларускага пісьменства адбылася прэзентацыя ўнікальнага факсімільнага выдання — віленскага “Буквара” 1767 года, прымеркаваная да Дня ведаў.
Гэты “Букварь языка славенскаго”, выдадзены ў Вільні ў каралеўскай друкарні, — самы ранні з усіх, якія захаваліся ў нашай краіне (дарэчы, у свеце існуюць толькі два асобнікі гэтага выдання).
Першакніга пачынаецца з алфавіта з вялікімі і малымі літарамі, далей ідуць двухлітарныя і трохлітарныя словазлучэнні, затым словы і літарныя выразы лічбаў. Навучанне чытанню адбывалася па царкоўных тэкстах, і такім чынам вучань атрымліваў урокі хрысціянскай маралі з біблейскіх кніг.
Гэты літаратурны помнік перавыдадзены ў камплекце з гісторыка-культурным нарысам Алеся Сушы “Буквар у жыцці нашых продкаў”, які раскрывае значэнне “Буквара” ў гісторыі кніжнай культуры Беларусі, і перакладам яго тэксту на сучасную рускую мову.
— Першая, арыгінальная кніга дасць магчымасць дзецям і іх бацькам паглыбіцца ў даўніну, дакрануцца пальчыкамі да літар, на ўласныя вочы ацаніць графічны малюнак. А другая кніга вельмі добра раскрывае сэнс буквара, — лічыць намеснік міністра адукацыі Беларусі Васіль Будкевіч. — Факсімільнае выданне ўніверсальнае. Гэта фактычна міжпрадметная кніга, якая можа выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі, рускай і беларускай літаратуры, геаграфіі, на факультатыўных занятках. Яе задача — падштурхнуць вучняў да больш глыбокага вывучэння не толькі славеснасці, гісторыі сваёй Бацькаўшчыны, але і навакольнага свету.