Чытаць i ведаць – думаць i ствараць
Ці ведаеце вы, што слова “веды” – такое, здавалася б, спрадвечна беларускае – мае “цёзку” (і па вымаўленні, і па значэнні) у старажытна-індыйскім санскрыце? Што дае падставы сцвярджаць, што слова гэтае існавала яшчэ ў агульнай індаеўрапейскай мове. З усходніх славянаў толькі беларусы захавалі “веды” ў сваёй лексіцы. Ці не значыць гэта, што з даўніх часоў менавіта нашы продкі разумелі выключную каштоўнасць гэтага паняцця, яго карысць, яго практычную знакавасць? Можа, таму ўсё, што мы маем сёння, чым можам ганарыцца, – плён чалавечага розуму, кемлівасці, прагі да спазнання невядомага многіх пакаленняў.
Можа, зусім не выпадкова, што два святы – Дзень нацыянальнага пісьменства і Дзень ведаў – адзначаюцца фактычна разам менавіта сёлета – у Год кнігі. Чытанне – і вынік, і першааснова пісьменства, яно ж – крыні-
ца ведаў і натхнення. Менавіта гэтым мы кіраваліся, рыхтуючы сённяшні нумар, – каб было цікава, каб кожны, хто возьме яго ў рукі, даведаўся штосьці, пра што раней не ведаў.