Нацыянальныя сімвалы патрабуюць бляску

Источник материала:  
24.08.2012 — Разное

Сваімі думкамі наконт стварэння Нацыянальнага пантэона герояў з “Народнай Воляй” дзеліцца кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская.

(Працяг. Пачатак у №№115--116.)

Навошта нам гістарычныя міфы?

Грамадскія арганізацыі ў стане ініцыяваць грамадскі заказ на актуалізацыю гістарычных праблем і Нацыянальнага пантэона герояў, узняць чарговую хвалю ў сродках масавай інфармацыі. На мой погляд, трэба надаць гісторыі сучаснае гучанне, умела націскаючы на пазітыўныя і негатыўныя ўрокі мінулага. У сувязі са знешнімі і ўнутранымі выклікамі інспіраваць інтарэс грамадства да спрэчных, палітычна абумоўленых трактовак беларуска-расійскай гісторыі і месца “агульных” герояў у беларускай спадчыне.

Арганізаваць крытыку падручнікаў у жорсткай вострай форме, як яны таго заслугоўваюць. Патрабаваць ад стваральнікаў падручнікаў падаваць гістарычныя падзеі, якія садзейнічалі б прагрэсу і ўзмацненню нацыі, выключна ў пазітыўных і натхняльных вобразах, як гэта прынята ў французскіх, нямецкіх і японскіх падручніках, без аглядкі на ідэолагаў Крамля і г. зв. саюзную дамову.

Лічу, што абавязкова трэба ініцыяваць праваабарончую дзейнасць па вяртанні нацыянальнай гісторыі ў рэчышча афіцыйнай гістарыяграфіі, надаць ёй статус ахвяры рэжыму. Садзейнічаць выхаванню грамадства ў павазе да роднай гісторыі, свайго мінулага, фарміраванню пачуцця ўласніка гэтай культурнай спадчыны.

Мінулы досвед рэалізацыі праектаў па абароне і папулярызацыі нацыянальнай гісторыі ўзбагаціў нашу практыку пашырэння кола прыхільнікаў рознымі падыходамі.

Першае

Больш увагі канкрэтнаму чалавеку, ці то ўдзельніку нашай імпрэзы, ці то герою гісторыі. Дэмакратыя пачынаецца з індывідуума і патрабуе адкрытасці, крэатыўнасці і плюралізму. Героі мінулага дэманструюць не толькі нацыянальную гомагенізацыю насельніцтва, а больш (плюс гэта ці мінус?) праявы індывідуальных ідэнтычнасцяў. Падтрымаць стракатую разнастайнасць праяў ідэнтычнасцяў -- наша задача і добры спосаб заангажаваць чалавека ў кола свайго ўплыву.

Людзі ахвотна слухаюць і эмацыянальна перажываюць свае гісторыі -- малой радзімы, рода, сям’і, сваіх славутых землякоў.

Другое

Вельмі важна зрабіць націск на адметнасці, з аднаго боку, рэгіянальнай гісторыі, з другога -- паказаць пачэснае месца ў глабальным свеце, падкрэсліць, што рэгіён -- частка нацыянальнага дому, Еўропы. Мець на ўвазе, што многія сферы жыцця вызначаюцца ў меншай ступені на нацыянальным узроўні, такія як веды пра сябе і наваколле, сваю музыку, спажыванне, стыль вопраткі, побыту і г.д., і больш на мясцовым. Увага са сталіцы да рэгіянальнай спадчыны, яе герояў і падзей спрыяе гуртаванню людзей у фан-клубы з мэтай ушанавання і папулярызацыі свайго мінулага. Садзейнічаць падвышэнню статусу правінцыйных даследаванняў, ператварэнню краязнаўства ў рэгіёназнаўства. З нефармальных клубаў і асяродкаў аматараў стварыць устойлівую камунікацыйную сетку, рэсурс як неабходную ўмову реалізацыі любога праекта.

Трэцяе

Нацыянальныя сімвалы патрабуюць бляску. Прапаганда пошукаў прывабнага мінулага і гістарычнай пераканаўчай спецыфікі. Перарваная расійскай каланізацыяй традыцыя арыентацыі на Захад пацвярджаецца такімі аргументамі, як знаходжанне ў складзе ВКЛ, абвяшчэнне БНР, Слуцкае паўстанне, і іншымі прыкладамі. Гэтым фактам трэба надаць прыцягальнасць і пераканаўча ўпісаць у нацыянальны аўтапартрэт. Для выклікання моцных эмоцый пры звароце да беларускага мінулага патрэбны бляск прэзентацыі той ці іншай падзеі, персоны, выразнасць адметнасці і прыцягальнасць свайго. Вядома, што дзейнасць і ўплыў таго ці іншага гістарычнага факта залежыць не толькі ад праўдзівасці, але і ад прывабнасці ў якасці арыенціра. Не толькі ад зместу, але ў неменшай ступені ад “упакоўкі”, ад прыцягальнага афармлення. Пры перадачы ведаў трэба шукаць цікавую форму, выкарыстоўваць розныя тэхналагічныя вынаходніцтва.

Чацвёртае

Неабходна адмежаванне ад расійскай гісторыі, арганічнай часткай якой прэзентуецца беларуская. Русіфікацыя для ідэнтычнасці мае пагражальны сэнс. Па якіх крытэрыях можна было б адмежаваць беларускую ідэнтычнасць ад рускай? Нацыянальны пантэон герояў -- культурна-гістарычная ўнутраная перспектыва для змен і адрыву ад “старэйшага брата”. Важна дэманстраваць сваіх герояў не толькі побач з расійскімі, але параўноўваць з выбітнымі асобамі другіх суседніх краін, разглядаць на фоне еўрапейскіх (сусветных) падзей.

Можна дапусціць, што гэта размежаванне сімвалаў і павелічэнне дыстанцыі ад навязлівых расійскіх штампаў выглядае авантурай. Але галоўнае -- выразна прапісаць і растлумачыць сваю гісторыю, нават стварыць міф, які можна развіць у гераічны нацыянальны сімвал супраціву (як у краінах Балтыі). Выкарыстанне культурных ідэнтычнасцяў -- рэцэпты кухні, тосты, анекдоты, музычныя зацікаўленасці, архітэктура, вясельныя і сямейныя абрады, забабоны, адносіны між паламі, дэтэктывы і гісторыі кахання і іншае -- таксама лепш презентаваць у адмежаванні ад расійскага кантэксту, у параўнанні з іншымі суседнімі падабенствамі і асаблівасцямі.

Пятае

Пакінуць пярэдні край, сысці з моста. Беларусь не адчувала сябе “цэнтрам сусвету”, але пагаджаецца, калі верыць афіцыёзу, па волі суседзяў быць “пярэднім краем”. Пры Вялікім Княстве Літоўскім -- на ўсходзе пярэдні край княства. У складзе Расійскай імперыі і СССР -- “перадавыя рубяжы абароны”. Беларусь -- край, мост, краіна на перакрыжаванні. Таму знакавыя тэмы -- Вялікая Айчынная вайна, абарона Брэсцкай крэпасці і партызанскі супраціў. І героі адпаведна з пярэдніх рубяжоў, але баранілі ў першую чаргу не сябе, а суседзяў. У апошнім часе яшчэ і Чарнобыль высунуўся на “пярэдні край”. І ў такой сітуаціі панавання стэрэатыпаў трэба працаваць на іх замяшчэнне. Скарачаць пералік савецкіх традыцыйных тэм, дадаць актуальныя пытанні нацыянальнай гісторыі, якія садзейнічалі б гонару менавіта за карыснае і прыгожае сваё мінулае. Трэба давесці да адраснай групы праекта, што прагматычныя беларусы (і гэта ёсць гістарычная праўда) ніколі не імкнуліся абараняць чужое. Гэты гістарычны канструкт фальшывы пра “ўдзячнага малодшага брата”, створаны ў рэчышчы імперскай гістарыяграфіі. Сведчанне таму -- масавае дэзерцірства з армій акупантаў і ўсё тая ж “партызанка”.

Шостае

Данясенне гісторыі патрабуе яркіх запамінальных форм, аптымістычных адносін да сябе -- да сваёй гісторыі -- на ўсім шляху развіцця грамадства трэба пазбавіцца ад “комплексу гістарычнай ахвяры”, енку і слёз. Перабольшанне гаротных эмоцый не дае станоўчага выніку. Для грамадскай свядомасці пазітыўная гісторыя сваёй краіны -- лепшае лякарства, добры псіхолаг. “Спачатку трэба людзям нармальнай мовай распавядаць пра гістарычныя падзеі. Каб не было нудна. Трэба, каб зразумелі, што гісторыя не пачынаецца з партызанскай аблавухі. А хутчэй з кароны Міндаўга. А папраўдзе -- значна раней. За 17 гадоў не была выпрацавана прывабная ідэалогія гэтай уладай, таму мы і маем такі нонсэнс -- кожны зашываецца ў сваю нару і культывуе адно спажыванне” (з інтэрв’ю часопісу “ARCHE” вядомага музыканта Лявона Вольскага).

Героі, якія мяняюць свядомасць

Кожны народ, нацыя, якая сябе паважае, мае нацыянальны іканастас, куды ўваходзяць самыя вядомыя і вялікія яе прадстаўнікі: мысліўцы, пісьменнікі і паэты, палітыкі і военачальнікі. На жаль, наш нацыянальны іканастас у поўнай завершанай форме яшчэ не склаўся і не набыў кананічных характарыстык і форм. І на пытанні: “Што дала сусвету беларуская зямля?”, “Што ўнёс беларускі этнас у капілку сусветнай цывілізацыі?” амаль палова з насельніцтва Беларусі (па выніках даследавання) пацісне плячыма, у лепшым выпадку назаве Францыска Скарыну. Сапраўды, жыццё і творчасць Вялікага Палачаніна роўныя подзвігу ў імя станаўлення і фарміравання нашай нацыі, атрымання свайго нацыянальнага твару, свайго “я”.

Сёння ёсць гістарычная неабходнасць, каб асоба Францыска Скарыны, тытана эпохі Адраджэння, гуманіста і мысліўца еўрапейскага маштабу, была дапоўнена і ўзмоцнена не менш значнымі і аўтарытэтнымі фігурамі ў кантэксце развіцця цывілізацыі і асэнсавання вытокаў інтэлектуальных намаганняў мінулага і сучаснага. Грамадства, далучанае да справы пошукаў, атрымае глыток свежага паветра і радасць адкрыцця, калі з Леты паўстануць беларускія першапраходцы, мысліўцы, вельмі запатрабаваныя ў сучасны момант, важкія аргументы на карысць таго, што мы ёсць і будзем. Гераічныя асобы заўсёды адыгрываюць вялікую ролю ў кансалідацыі нацыі. Нават Сталін, які знішчыў дарэвалюцыйную гісторыю, у цяжкія моманты Другой сусветнай вайны апеляваў да Нацыянальнага пантэона герояў Расіі і прагматычна выкарыстаў аўтарытэт і папулярнасць герояў мінулага ў сваіх палітычных мэтах.

Героі вельмі патрэбны для ўспрымання і асэнсавання сучаснасці, паколькі культываваны вобраз героя заўсёды сведчыць пра вектары развіцця і ідэалагічныя ўстаноўкі сённяшняга дня. Гістарычныя веды з’яўляюцца неабходным элементам захавання грамадства, зместам яго самасвядомасці, сінонімам грамадскага “я”. Разбурэнне гістарычнай самасвядомасці непазбежна вядзе да знікнення соцыума, хаця яго прадстаўнікі працягваюць існаваць. Але магчыма і іншая сітуацыя, калі захаванне гістарычнага “я” пры адсутнасці дзяржаўнага афармлення соцыума захоўвае яго як бы віртуальна. І пры геапалітычных зменах нацыя паўстае зноў. Самасвядомасць грамадства і ёсць яго гісторыя, якая змяшчае як реальныя факты, так і адбор(выбар) цывілізацыйных каштоўнасцяў, сацыяльную міфалогію гісторыі, усведамленне свайго месца ў ёй. Праз сваіх герояў пераконваецца ў вялікай ролі асобы (і сябе) у агульнай гісторыі.

Сама тэма ідэнтычнасці не можа быць нейтральным пытаннем. Калі на падставе цэлай базы аргументаў (моўных, гістарычных, тэрытарыяльных і інш.) і прызнакаў фарміруецца вызначэнне, хто адносіцца да “сваіх” (нацыі), то непазбежна вызначаецца, хто “чужы”, хто застаецца звонку. Пошукі вонкавага ворага заўсёды даюць патрэбны палітычны эфект пры неабходнасці мабілізацыі і кансалідацыі грамадства. Інтэграцыя мае і адваротны бок -- эфект выключэння. Функцыі ідэнтычнасці ўнутры нацыі маюць і некаторыя спрэчныя наступствы: для ўзмацнення эмацыянальнай гамагеннаці выкарыстоўваюцца міфы, перабольшанне і іншыя фільтры. Але ва ўмовах, калі беларускі варыянт нацыяналізму не нясе ніякай пагрозы суседзям і толькі ўнутры грамадства можа выкарыстоўвацца як інструмент кансалідацыі, міфы, іх героі -- неабходны і надзейны інструмент уплыву на самасвядомасць.


 

←В Беларуси построят не менее 2,5 миллионов квадратных метров жилья

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика