Шлях да вытокаў

Источник материала:  
21.07.2012 — Разное

Гэта гісторыя з канверта пра адчай і бясконцую надзею, пра жаданне працягнуць нітачку да родных людзей

Бываюць лісты, якія вярэдзяць душу, прымушаюць думаць. Задаваць сабе пытанне “Як такое магло здарыцца?” і не знаходзіць на яго адказу... Немагчыма без хвалявання чытаць словы расіянкі Любові Анатольеўны Юрковай. Трагічная гісторыя, шчаслівы канец якой можаце напісаць вы, дарагія чытачы “Народнай газеты” і слухачы Беларускага радыё. Але пра ўсё па парадку. “Мая маці, Лілія Алексееўна, у 1937 годзе чатырохгадовай дзяўчынкай трапіла ў дзіцячы дом горада Змейнагорска Алтайскага краю, — паведамляе Любоў Анатольеўна. — Пра родных яна нічога не ведала. Пасведчанне аб нараджэнні дадало тайн, у графе “звесткі пра маці” стаяла толькі прозвішча Вяльчынская. У час вайны асірацелая дзяўчынка выхоўвалася ў чужой сям’і, потым закончыла пяць класаў. Працавала на калгаснай ферме. Сустрэла сваё каханне. З маім бацькам, Анатолем Уладзіміравічам Ягоравым, царства яму нябеснае, мама пражыла 49 гадоў. Выхавала дваіх дзяцей, мяне і брата Аляксандра. Мы атрымалі вышэйшую адукацыю, нармальна ўладкаваліся ў жыцці. Здавалася б, у мамы ўсё склалася добра. Калі б не адно... Яна многія гады чакала вестачкі ад сваіх родных, вельмі хацела з імі сустрэцца. Але мы нічога ні пра каго не ведалі. А чалавеку так балюча лічыць сябе перакаці-полем. І таму наша сям’я не спынялася ў пошуку”.

І вось два гады таму Любові Анатольеўне ўдалося крыху прыадкрыць покрыва таямнічасці. У інтэрнэце ў “Кнізе памяці ахвяр палітычных рэпрэсій Алтайскага краю” яна знайшла інфармацыю пра аднаго чалавека, якая ў ёй усё перавярнула. Вяльчынскі (Вільчынскі) Аляксандр Сцяпанавіч нарадзіўся 15 лютага 1900 года ў мястэчку Мір Навагрудскага ўезда Мінскай губерні, настаўнік сярэдняй школы. Пражываў ў вёсцы Рабрыха Рабрыхінскага раёна. Быў арыштаваны 18 снежня 1937 года, затым асуджаны па артыкуле 58. Расстраляны 27 сакавіка 1938 года і пахаваны ў Барнауле. А 29 красавіка 1958 года... рэабілітаваны ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

“Сэрца адразу забілася, гэта ж мой дзед!, — піша Любоў Анатольеўна. — Супадаюць прозвішчы, па ўзросту ён мог быць бацькам маёй мамы — 1900 і 1933 год. Мама трапіла ў дзіцячы дом ў 1937-м і ў гэтым жа годзе Аляксандр Сцяпанавіч быў арыштаваны. Супадаюць месца нараджэння маёй маці і месцажыхарства дзядулі. Праўда, не супадаюць імя і імя па бацьку — Аляксей Іванавіч і Аляксандр Сцяпанавіч, але ж у дзяцей рэпрэсіраваных любымі спосабамі стараліся сцерці памяць пра родных, Здаралася, што ў дакументы ўносілі фальшывыя запісы”.

Праз пэўны час жанчына звярнулася ў дзяржаўны архіў Алтайскага краю. І атрымала даведку з дадатковымі звесткамі. Аказваецца, Аляксандр Сцяпанавіч Вяльчынскі (Вільчынскі) закончыў у Растове-на-Доне рэальнае вучылішча. Быў арыштаваны за тое, што займаўся шпіянажам на карысць адной з замежных дзяржаў. Сёння гэта здаецца жартам: настаўнік з далёкай вёскі — нейкі шпіён. Але ў той час было інакш...

“Асабліва ж мяне зацікавіла, што на допыце бацька назваў склад сваёй сям’і, — прызнаецца Любоў Анатольеўна. — Жонка Таццяна Аляксандраўна, дзявочае прозвішча Юхновіч, 32 гады, і 3-гадовая дачка Лілія Вільчынская. Таксама ўпаміналася сястра Антаніна Сцяпанаўна Бельская, настаўніца з Нова-Барысава. Бацька Сцяпан Мартынавіч, маці Алена Георгіеўна, браты Мікалай і Георгій — усе на той час жылі ў мястэчку Мір. Даведка развеяла сумненні. Мая мама і ёсць дачка гэтага чалавека!”.

“Шаноўныя аўтары праекта “Помні імя сваё”, — звяртаецца да нас жыхарка расійскай глыбінкі. — Дапамажыце адшукаць сляды Вільчынскіх з гарадскога пасёлка Мір Навагрудскага раёна ці іх нашчадкаў, а таксама Антаніны Сцяпанаўны Бельскай ці кагосьці з яе сям’і. Спадзяюся, што на Барысаўшчыне ведаюць гэты род. Якія б мы былі шчаслівыя, калі б хтосьці з родных адгукнуўся”.

Паведамляем адрас Любові Анатольеўны Юрковай: вёска Гладкова, Саянскі раён, Краснаярскі край, Расійская Федэрацыя, 663594. Адгукніцеся, хто штосьці ведае пра ўзгаданых людзей. Бо, што можа быць больш святога, чым спагада чалавеку, які апынуўся ў такой сітуацыі... Чакаем ад вас вестачкі!

←Большая жатва

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика