“Пан Тадэвуш” пасяліўся ў Мядзелі
Народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч падараваў Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы рарытэтнае выданне
Дзевяцісотстаронкавая, багата ілюстраваная кніга-фаліянт была выдадзена ў 1998 годзе да 200-годдзя Адама Міцкевіча вельмі абмежаваным тыражом.
Гэта каштоўнае падарункавае выданне з літаратурным перакладам на тры мовы. Магчымасцю мець яго ў сваім фондзе могуць пахваліцца нешматлікія бібліятэкі. Мядзельскай “раёнцы” Васіль Шаранговіч прэзентаваў фаліянт, як гаворыцца, “з асабістых запасаў”.
Як расказала дырэктар Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Несцяровіч, вядомы мастак — ураджэнец Мядзельшчыны. Ён часта тут бывае, і вельмі душэўна ставіцца да сваёй малой радзімы.
— У рамках Года кнігі, яшчэ 27 мая ў райцэнтры адбылося вялікае свята, — распавядае дырэктар. — Мы назвалі яго “Дзень беларускай кнігі: да кніжных скарбаў дакраніся!”. Сярод ганаровых гасцей запрасілі і нашага знакамітага земляка народнага мастака Беларусі Васіля Пятровіча Шаранговіча. Адна з выстаў была прысвечана непасрэдна яго творчасці і складалася з праілюстраваных ім кніг з фондаў нашай бібліятэкі. А калі Васіль Пятровіч прайшоўся ўздоўж стэндаў, то заўважыў, што ў нас ёсць больш ранняе выданне “Пана Тадэвуша”, а вось пазнейшага варыянта няма. Васіль Пятровіч паабяцаў знайсці для нас кнігу, і сваё абяцанне выканаў.
Зараз рэдкае выданне займае пачэснае месца на выставачным стэндзе краязнаўчай залы раённай бібліятэкі, але, па словах дырэктара бібліятэкі, пад пудовы замок яго хаваць не збіраюцца. Праўда, дазволяць браць выданне для хатняга чытання толькі самым правераным, надзейным чытачам. Акрамя таго, 900-старонкавае выданне важыць больш за кілаграм. Дарэчы сказаць, Мядзельскі раён можа ганарыцца цягай насельніцтва да ведаў. За год толькі раённую бібліятэку наведваюць каля 203 тысяч чытачоў.