“Берагiня” — ад слова “берагчы”
У сёмы раз рэспубліканскі фальклорны фестываль “Берагіня” сабраў сяброў у гарадскім пасёлку Акцябрскі.
За чатыры дні госці змаглі наведаць больш як 24 мерапрыемствы, уключаючы конкурс пар — выканаўцаў народных танцаў, турнір дзіцячых фальклорных ансамбляў, канцэрты, прэзентацыі замежных калектываў, народнае свята “Рудабельскае Купалле” і многія іншыя. Тут пабывала больш як 30 фальклорных калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін, якія здзівілі гледачоў і ўдзельнікаў сваім шчырым майстэрствам.
За чым едуць на фестываль?
На “Берагіню” заўсёды з асаблівым жаданнем едуць людзі, для якіх захаванне спадчыны — справа ўсяго жыцця. І асаблівасць гэтага фестывалю ў адрозненне ад многіх іншых, што праводзяцца на Беларусі перш за ўсё ў навукова абгрунтаванай канцэпцыі, якая адлюстроўвае глыбокі сэнс і сутнасць народнай творчасці і мастацтва.
Што ж убачылі гледачы, якія прысутнічалі на свяце фальклору? Па традыцыі тут былі прадстаўлены асноўныя жанры народнай культуры: музыка, спевы, танцы, гульнявы фальклор і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Сваю творчасць ярка прадэманстравалі дзіцячыя і маладзёжныя фальклорныя калектывы, аўтэнтычныя групы, ансамблі народнай музыкі, пары — выканаўцы народнага бытавога танца, асобныя выканаўцы твораў розных відаў традыцыйнага мастацва той ці іншай мясцовасці.
Сапраўдная шчырасць
— Калі я ўпершыню пабываў на гэтым фестывалі, то ўбачыў тое, што магло прысніцца толькі ў сне, — шчыра прызнаецца Мікалай Дудчанка, балетмайстар-пастаноўшчык Дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. — Сапраўднасць — вось што самае галоўнае. Лічу, што фестываль “Берагіня” трэба папулярызаваць. Да вялікага расчаравання, нацыянальныя песні і танцы знікаюць з экранаў тэлевізараў, акрамя эстрады цяжка нешта ўбачыць. Калі мы просім сталых людзей паказаць элементы старадаўніх нацыянальных танцаў, то забываемся на тое, што іх мышачны апарат ужо ў зусім іншай форме. І толькі спецыялісты могуць расшыфраваць мову танца, які выконваўся ў далёкія часы. Наша задача сёння — не даць згубіць той час. Многія старыя пойдуць з жыцця, а з імі — цэлы пласт культуры. Трэба захаваць тое, што яшчэ жыве ў генах беларускага народа. Мы марым аб тым часе, калі Міністэрства культуры стварыла б Нацыянальны фонд этналогіі і фальклору, які б дапамагаў у будучым спецыялістам.
Тым і каштоўная “Берагіня”, што захоўвае нашу спадчыну. Місія гэтага фестывалю — зберагчы народныя традыцыі, паказаць іх унікальнасць не толькі для Беларусі, але і для сусветнай культуры.
Нагадаем, што фальклорны фестываль узнік на падставе жывой аўтэнтычнай культуры беларусаў і з’яўляецца візітнай карткай Гомельскай вобласці. “Берагіня” праходзіць пры падтрымцы Міністэрства культуры, Гомельскага абласнога, Акцябрскага раённага выканаўчаага камітэтаў.
Акцябрская зямля заўсёды славілася сваёй самабытнай мастацкай культурай, пеўчымі і танцавальнымі традыцыямі, народнымі музыкамі і майстрамі, захавальнікамі старажытнай народнай творчасці, а таксама сваімі традыцыйнымі каляндарнымі і сямейнымі святамі, абрадамі і звычаямі. Што, цікава? Кожнаму “Берагіня” дае магчымасць дакрануцца да прыгажосці беларускай песні, танца, спасцігнуць глыбіню жыццёвай філасофіі, этыкі і маралі. Тут дзеці і моладзь вучацца берагчы і памнажаць народныя традыцыі.
Калі народзіцца традыцыя?
Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь, сустаршыня аргкамітэта Рэспубліканскага фестывалю “Берагіня” Тадэвуш Стружэцкі прызнаў, што ў Беларусі, на жаль, падобныя фестывалі не так папулярныя, як у Заходняй Еўропе. У нас яшчэ не нарадзілася традыцыя ўсёй сям’ёй наведваць такія мерапрыемствы. А многія ж турыстычныя агенцтвы і фірмы маглі б на час правядзення “Берагіні” арганізоўваць туры, куды, несумненна, паедуць беларусы, якія клапоцяцца аб спадчыне краіны. Адну з задач Тадэвуш Стружэцкі бачыць у тым, каб стварыць у кожнай школе фальклорны дзіцячы калектыў. А сёлетні фестываль у Акцябрскім аб’яднаў больш як 800 удзельнікаў з усіх куткоў нашай краіны, а, таксама з Расіі і Украіны.