27 ліпеня на два дні чакаюць гасцей на сёмы Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2012”
Найпершы жарт аўцюкоўцаў у тым, што Малыя большыя за Вялікія Аўцюкі на сто хат
Веселуны з Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці чакаюць гасцей на сёмы Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2012”, падчас якога будзе адкрыты доўгачаканы музей гумару “Сядзіба Каласка і Калінкі”.
Бамбіць усіх “забамбонамі”
Пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”, ідэйны лідар і старшыня журы фестывалю Уладзімір Ліпскі падкрэслівае, што гумар у Вялікіх і Малых Аўцюках менавіта народны: “Ён не прыдуманы пісьменнікамі, не прыйшоў да нас з-за мяжы па інтэрнэце, а самі людзі як нешта скажуць, дык “прыпячатаюць”. Я іх жарты як толькі ні называў: анекдоты, падколкі і прыколкі, забабоны. Прыдумаў ім нават новае вызначэнне — “забамбоны”. Яны ж могуць “забамбіць” такі жарт, што рагочуць усе.
Гараваць і жартаваць
Калі задацца пытаннем, чаму менавіта аўцюкоўцы гэткія каларытныя і самабытныя, то трэба ўзгадаць гісторыю тых мясцін. Недалёка ад Аўцюкоў знаходзяцца Юравічы. Гэта пасяленне першабытных людзей. 20 тысяч гадоў таму там жылі людзі. І можа, з тых часоў асела ў іх памяці і душы патрэба не толькі гараваць, але і жартаваць.
— Менавіта спалучэнне гэтых паняццяў даюць людзям магчымасць выжыць, быць аптымістамі, — адзначае Уладзімір Сцяпанавіч. — Яны могуць высмейваць адзін аднаго, праўду казаць у вочы, але гэта будзе не балючая, злосная крытыка. Бо любы канфлікт можна вырашыць не лямантуючы, не беручыся за косы і чубы, а мудра і дасціпна.
Напрыклад, возьмем даволі распаўсюджаную сітуацыю, калі суседскія куры ўвесь час корпаюцца ў агародзе. Калі добра пагарачыцца, то можна застацца ворагамі на ўсё жыццё. Але можна і з розумам падысці.
І што ж адна Калінка (так завуцца ўсе аўцюкоўскія жанчыны, а мужчыны — Каласкі) прыдумала, каб адвадзіць курэй. Зрабіла курынае гняздо, паклала туды дзясятак сваіх яек і паказала суседцы са словамі:
— Слухай, дык добра, што яны ходзяць у мой агарод.
Тая задумалася і... перастала пускаць сваіх курэй за чужы плот.
“Рагатуха. АўціЛіпская”
Любоў аўцюкоў да Уладзіміра Сцяпанавіча ўзаемная. Есць у Аўцюках конь Ліпскага, сёлета зрабілі печ Ліпскага... любяць з ім пасядзець, пабалакаць.
— Пытаюся ў адну такую сустрэчу (узгадвае мой субяседнік):
— Гоніце?
— Не, — адказваюць.
— А прадаеце?
— Ага.
— Ну а ў каго ж лепшая самагонка.
А стаяла там адна бабка... адзін зуб тырчыць, хустка завязана пад бараду вузлом — і кажа:
— А самая лепшая самагонка, Каласок-Ліпскі, у нашага ўчастковага.
Дарэчы, яны мяне папрасілі прыдумаць назву мясцовай гарэлцы і наклейку. Атрымалася “Рагатуха. АўціЛіпская” і памятка дадаецца для тых, хто пры памяці: “Ужывай гарэлку ў меру, не трапляй на вочы мэру. Каля збярэшся з духам, — налягай на Рагатуху. П’еш — не кайся, напіўся — не пахмяляйся. Падробка пад Бульбулятар нумар адзін караецца аўцюкоўскім венікам”.
Справа аўцюкоўцаў жыве!
Прыехаць на свята плануюць дэлегацыі з усіх абласцей. І калі ўсе госці, сярод якіх багата жартаўнікоў, збіраюцца разам, то відавочна ўсім, што справа Аўцюкоў распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі. А прыкладаў дастаткова: вёска Спорава Бярозаўскага раёна, дзе праходзяць абласныя фестывалі гумару; вёска Баянічы Любанскага раёна, якая ладзіць свае раённыя Баяніцкія фестывалі; цікавы творчы калектыў склаўся ў вёсцы Дубіна Валожынскага раёна; у Капылі праходзяць фестывалі Мінскай вобласці. На фестывалі жыхары гэтых вёсак уступяць у спаборніцтва з аўцюкоўцамі. А яшчэ дэлегацыі прывязуць экспанаты для музея.
Чаго чакаць?
У першы дзень, пасля адкрыцця музея, дэлегацыі гумарыстаў, журы і госці фестывалю будуць “швэндацца” па вёсках і вызначаць лепшы падворак, найбольш гаспадарлівыя сем’і, самую адмысловую кухарку. Вынікі гэтых вандровак падвядуць вечарам, прылюдна. Адбудзецца ўзнагароджанне лепшых гаспадароў. У іх гонар — канцэрт і салют.
Другі дзень свята гумару адбудзецца ў саміх Калінкавічах. На цэнтральнай плошчы пройдуць конкурсныя выступленні ўсіх беларускіх каманд і нават гасцей-гумарыстаў з Расіі і Украіны.
Абяцаюць, што сюрпрызаў на фестывалі будзе шмат. Гульні прадугледжаны не толькі для дарослых, але і для дзяцей у парку. На плошчы-ярмарцы гумару можна будзе набыць смешныя сувеніры, зазірнуць у гумарыстычнае фотаатэлье, наведаць аўцюкоўскі цір, пабываць на футбольным матчы паміж Каласкамі і Калінкамі. Заўсёды цешыцца старшыня журы з жывёлагадоўчай латарэі.
— Хто-небудзь выйграе гусака і ходзіць з ім цэлы дзень. Поіць, корміць. А іншаму дастанецца парася. Дык той ад сонца на яго завяжа хустку. Відовішча незвычайнае — кожны са сваёй жывёлай. І з рук немагчыма выпусціць, і нікуды не дзенеш — выйграў.
Карацей, калі хочаце атрымаць зарад дабрага настрою, прыязджайце на фестываль. Дарэчы, тым, хто збіраецца на свята, арганізатары раяць вывучыць хаця б дзясятак дасціпных народных анекдотаў, каб не мець праблемы на аўцюкоўскай мытні.