Віляйчанка Зінаіда Крупская - лаўрэат прэміі імя Ганько (дапоўнена)

Источник материала:  
13.06.2012 — Разное

Настаўніца Зінаіда Губарава-Крупская, якая збірае народныя танцы і напісала больш за 200 казак пра вёскі Вілейшчыны. Фота з архіва "РГ".

Настаўніца фальклорнага танца вілейскай гімназіі №2 Зінаіда Губарава-Крупская атрымала прэмію імя маладзечанца Міколы Ганько.

Настаўніца фальклорнага танца вілейскай гімназіі №2 Зінаіда Губарава-Крупская атрымала прэмію імя маладзечанца Міколы Ганько.

Уручэнне адбылося ў аўторак, 12 чэрвеня, у сядзібе Таварыства беларускай мовы ў межах сустрэчы з пісьменніцай Вольгай Іпатавай. Віляйчанка Зінаіда Губарава-Крупская атрымала ўзнагароду за “вялікую асветніцкую працу і прапаганду беларушчыны”. У падарунак жанчына атрымала паездку ў Вільню, дзе яна зможа наведаць музеі, асветніцкія і культурныя месцы, звязаныя з Беларуссю.

Зінаіда Губарава-Крупская выдала пяць зборнікаў казак, апошні выйшаў у свет за дзень да ўручэння прэміі. Гэта кніга “Два браты”, мастацкае афармленне для яе яшчэ летась падрыхтавалі блізняткі Лёша і Саша Букі, калі вучыліся ў пятым класе гімназіі №2.

– Яны ўдвух так цудоўна размалявалі кніжку, ведаеце, па-свойму глянуўшы на мае казкі дзіцячым вокам! – распавядае Зінаіда Губарава-Крупская. – Тым больш, што маляваннем займаліся ў мастака Эдуарда Мацюшонка, таму ў іх вельмі добра атрымалася.

За два месяцы вілейская настаўніца фальклорнага танца выдала ажно тры кнігі: яна публікуе іх за свае грошы, таму сабраны матэрыял чакаў, калі з’явяцца сродкі. Акрамя “Двух братоў” у жанчыны з’явіліся сёлета кніга баек “Чаго на свеце не бывае” і зборнік “Казкі-дарылкі для жэўжыка Кірылкі”. Гэтыя два зборнікі афармляла маці Лёшы і Сашы Вольга Бука, якая таксама працуе ў гімназіі №2. Кнігу “Казкі-дарылкі для жэўжыка Кірылкі” настаўніца прысвяціла ўнуку Кірылу, якому сёлета спаўняецца шэсць гадоў.

У Зінаіды Губаравай-Крупскай ужо падрыхтаваная і новая кніга, але жанчына яшчэ не прыдумала ёй назву.

Першая кніга вілейскай настаўніцы выйшла ў 2004 годзе – “Краіна чароўных сноў”, а ў 2008 апублікавана “Забытае імя”.

– Усе мае кнігі – казкі пра вёскі Вілейшчыны, а казак у мяне цяпер больш за 200, – гаворыць Зінаіда Губарава-Крупская. – У гэтых вёсках жылі людзі, стваралі культуру, і раптам усё гэта знікае. Я лічу, што гэта няправільна, вёскі павінны існаваць. Зямля, на якой жыў чалавек, напоўненая яго духоўнасцю. У кожнай вёскі ёсць свая легенда, свая гісторыя. І я пішу пра іх казкі.

Жанчына збірае не толькі гісторыі і легенды вёсак, але і народныя песні, асабліва – танцы.

Зінаіда Губарава-Крупская сабрала больш за 150 танцаў Вілейшчыны. Яна не проста збірае танцы, а ставіць іх потым са сваімі вучнямі, каб іх памяталі.

Прэмію імя Міколы Ганько заснавала яго жонка Марыя ў 2009 годзе.

Мікола Ганько нарадзіўся ў вёсцы Каледзіно побач з Маладзечнам у 1923 годзе. Як паведаміў краязнаўца Міхась Казлоўскі, вучыўся ў Маладзечанскай гандлёвай школе. У 21 год мусіў эміграваць з Беларусі, спачатку ў Аўстрыю, а потым у Канаду. Жыў у Таронта, дзе працаваў дарожным майстрам, а потым менеджарам ў будаўнічай фірме. Памёр у 1999 годзе.

Актывіст Згуртавання беларусаў Канады. Ён удзельнічаў у выдавецтве некалькіх газет і часопісаў беларускіх дыяспар Канады і Аўстрыі.

Як згадвае пісьменніца Вольга Іпатава ў артыкуле “Святло, якое застаецца...”, у 1993 годзе ён прывёз у Беларусь для пацярпелых ад Чарнобыля дзяцей лекаў і медыкаментаў на некалькі мільёнаў даляраў. Гэтыя сродкі сабралі ў Канадзе, а Мікола Ганько забяспечваў іх дастаўку.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Зінаіда Крупская на нашым сайце:

6.02.2010.Прэзентацыя кніг мясцовых аўтараў

6.10.2009.Віляйчане – перлы паэзіі

←Сильная засуха продолжается на западе Северной Кореи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика