Фальклорная танцаманія і містэрыя агню чакаюць гасцей і ўдзельнікаў VII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”
“Берагіня” з’яўляецца хіба не самым маштабным і значным форумам народнага мастацтва Беларусі. На свята, якое праводзіцца раз у два гады ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, з’язджаюцца фальклорныя калектывы, аўтэнтычныя гурты, ансамблі народнай музыкі з усіх абласцей Беларусі, а таксама замежжа. На сёлетні фестываль, які адбудзецца з 21 па 24 чэрвеня, павінны прыехаць яшчэ гурты з Масквы, Пскова, Ніжняга Ноўгарада і Палтавы.
— За чатыры фестывальныя дні ў Акцябрскім раёне пройдзе каля трыццаці мерапрыемстваў рознага кшталту, — расказала “НГ” начальнік аддзела Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская. — Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю чакаюць фальклорная танцаманія і містэрыя Купальскага агню.
Аднак у цэнтры фестывальных падзей, вядома, будуць конкурсныя выступленні. Удзельнікі форуму паспаборнічаюць адразу ў некалькіх жанрах: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, песенная творчасць, інструментальнае майстэрства і іншыя.