Янаў дзень і ноч на Івана Купалу
Паводле апошняга перапісу, на Беларусі пражывае 1549 грамадзян латышскай нацыянальнасці.
На працягу сваёй гісторыі продкі латышоў неаднойчы перасяляліся на беларускія землі. Часцей за ўсё гэта было звязана з войнамі або эканамічнымі прычынамі. На Віцебшчыне латышы будавалі вялікія пасёлкі, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — вёскі. І цяпер у гэтых рэгіёнах можна сустрэць такія прозвішчы латышскага паходжання, як Піке, Лучэ, Брыга...
Найбольш маштабнае аб’яднанне латышоў у Беларусі сёння — гэта Саюз латышоў Віцебскай вобласці “Даўгава”. Як сімвал перапляцення дзвюх культур, латышскай і беларускай, яго ўдзельнікі абралі auseklis — традыцыйныя элементы латышскага і беларускага арнаментаў, што адлюстроўваюць даўнія сувязі двух народаў. Еднасць культур пацвярджае не толькі “аўсекліс”. Як расказвае старшыня Саюза латышоў Беларусі Сандра Новікава, вельмі падобныя традыцыйныя святы і нацыянальныя кухні. Так, напрыклад, латышы Беларусі адзначаюць Ziemassvetki, які вельмі нагадвае беларускія Каляды. Вялікдзень па-латышску — Lieldienas. Адно з самых старажытных свят латышоў Meteni, альбо Масленіца. А вось самым рамантычным святам нашчадкі нашых паўночных суседзяў называюць Ligo — Янаў дзень, вельмі падобны па некаторых сваіх атрыбутах да Купальскага свята беларусаў. Толькі Янаў дзень адзначаецца ў час летняга сонцастаяння — з 23 на 24 чэрвеня. На гэта свята як сімвал перамогі сонца распальваюцца вогнішчы. А ўсім, хто завітаў на свята, прапануецца, загадаўшы жаданне, пераскочыць праз касцёр. Калі ўдасца гэта зрабіць, значыць, жаданне абавязкова споўніцца. “Латышы і беларусы сходныя таксама і ў сваіх густавых перавагах, — адзначае Сандра Новікава. — Ведаю, што беларусы таксама вельмі любяць сыр з кменам. І беларусы, і латышы могуць пахваліцца захаванымі да сёння старажытнымі рэцэптамі смачнага хлеба. Беларускі хлеб, як і латышскі, з’яўляецца адным з самых папулярных прадуктовых сувеніраў”.