Тры пытанні міністру культуры Беларусі Паўлу ЛАТУШКУ
Свята мастацтва, міру і згоды
— Як вы ацэньваеце ролю свята нацыянальных культур у горадзе над Нёманам у культурным жыцці краіны?
— Спрадвеку на Беларусі складваліся традыцыі добрасуседства, сяброўства, узаемнай павагі паміж людзьмі. Культурная разнастайнасць беларускага грамадства сёння — гэта нацыянальнае багацце, якое складаецца з духоўнай спадчыны і сучасных дасягненняў у культуры і мастацтве ўсіх прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць на Беларусі.
Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур за сваю гісторыю стаў адметнай падзеяй у культурным жыцці краіны, своеасаблівым аглядам дасягненняў у сферы культуры нацыянальных супольнасцей Беларусі. З кожным годам кола ўдзельнікаў свята пашыраецца.
Упэўнены, што сёлетні фестываль стане новай яскравай старонкай у яго развіцці, сапраўдным святам мастацтва, міру і згоды на беларускай зямлі.
Прыклад “народнай дыпламатыі”
— У нашай краіне дзве трэці карэннага насельніцтва маюць родзічаў — прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Гэта сведчыць пра тое, што інтэграцыя шматнацыянальнага супольніцтва актыўна развіваецца. На вашу думку, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб не даць знікнуць ніводнай нацыянальнай культуры, што існуе ў Беларусі?
— Наша краіна мае багаты і цікавы вопыт работы з нацыянальнымі меншасцямі. Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур — унікальны ў гэтым сэнсе. Аналагаў падобнага форуму цяжка знайсці ў свеце.
У сістэме Міністэрства культуры дзейнічае Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, які каардынуе дзейнасць нацыянальных супольнасцей і аказвае арганізацыйна-метадычную дапамогу нацыянальна-культурным аб’яднанням у рэалізацыі іх праектаў.
Таксама варта ўлічваць і актыўнасць саміх грамадскіх аб’яднанняў нацыянальных супольнасцей у Беларусі, дзейнасць якіх можна ацэньваць як прыклад “народнай дыпламатыі”. Шматлікія культурныя мерапрыемствы нацыянальных меншасцей праводзяцца не толькі пры падтрымцы дзяржавы, але і дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін, іх этнічных радзім, што ў цэлым садзейнічае развіццю шматбаковых культурных сувязей, пашырэнню знаёмства беларусаў з культурай і традыцыямі іншых краін.
Беларусы ўсіх краін, яднайцеся!
— Міністэрствам шмат чаго робіцца для фарміравання і ўмацавання іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. На ваш погляд, як мерапрыемствы, скіраваныя на замежную публіку, спрыяюць яднанню беларусаў у свеце?
— Пытанне кансалідацыі беларусаў замежжа было і застаецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі нашай краіны. Больш за ўсё нашых суайчыннікаў пражывае ў Расіі, краінах Балтыі, ва Украіне, у Польшчы, Казахстане, Малдове. Беларускія дыяспары ёсць таксама ў Германіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, ЗША, Канадзе, Аргенціне, Аўстраліі і іншых краінах.
Суайчыннікі за мяжой штогод адзначаюць нацыянальныя святы Беларусі, традыцыйныя народныя — Купалле, Каляды, Дажынкі, а таксама ладзяць фестывалі, конкурсы, агляды, выставы, канферэнцыі, пленэры, семінары. І ўсё гэта прэзентуе беларускую культуру і традыцыі ў свеце.
Значную ролю ў справе кансалідацыі беларусаў замежжа адыгрывае праца па ўшанаванні за мяжой імёнаў вядомых дзеячаў беларускай культуры, мастацтва, навукі. Так, у Екацярынбургу будзе ўзведзены помнік вядомаму музыканту і кампазітару, народнаму артысту СССР і Беларусі Уладзіміру Мулявіну.
Намі ініцыявана ўсталяванне ў Рыме ў базіліцы Святога Клімента памятнай шыльды асветнікам Кірылу і Мяфодзію на беларускай мове. У гэтым храме можна ўбачыць шыльды на розных мовах. Варта нагадаць, што летась ў Кіеве быў адкрыты помнік вядомаму беларускаму літаратару Уладзіміру Караткевічу, што стала знакавай падзеяй у культурным жыцці краіны і беларускай дыяспары ва Украіне.