Удзельнікам ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
Паважаныя сябры!
Дзявяты раз старажытны Гродна прымае Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які з’яўляецца адным з самых важных і цікавых у разнастайнай палітры фестывальнага руху краіны.
У Беларусі жывуць прадстаўнікі звыш 140 нацыянальнасцей, якія, займаючыся аматарскай творчасцю, узбагачаюць і развіваюць нашу агульнанацыянальную культуру. У адборачных турах прынялі ўдзел больш за дзве тысячы выканаўцаў і творчых калектываў з розных раёнаў Беларусі. Рэспубліканскім журы на заключныя мерапрыемствы вылучана каля тысячы жыхароў краіны — прадстаўнікоў трыццаці трох нацыянальнасцей.
Фестываль за сваю гісторыю стаў значнай культурнай падзеяй не толькі ў жыцці краіны. Аб яго ўнікальнасці ведаюць і за межамі Беларусі. Свята народных песень, абрадаў і звычаяў вучыць кожнага чалавека паважаць свае карані, з пашанай ставіцца да сваёй мінуўшчыны і ствараць атмасферу талерантнасці ў грамадстве. Раз у два гады горад над Нёманам збірае тых, хто шануе культурныя традыцыі, паважае агульначалавечыя каштоўнасці, для каго жыццё ў міры і згодзе — неад’емная неабходнасць.
Вітаю ўдзельнікаў і гасцей свята і жадаю ўсім яркіх уражанняў, цікавых, незабыўных сустрэч і добрага настрою!
Анатолій ТОЗІК, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь