Калі кветка-папараць зацвіце
Падрыхтоўка да Купалля ў Александрыі ідзе ўжо цяпер.
Летась нам вельмі запомнілася свята на Купалле “Александрыя збірае сяброў”. Ці будзе яно праводзіцца сёлета і чым менавіта яно абяцае нас парадаваць?
Таццяна МАКАР, Шклоўскі раён
Свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) адбудзецца 6—7 ліпеня. Учора ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна прайшло пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята пад кіраўніцтвам намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, паведамляе БелТА. На пасяджэнні былі разгледжаны прадстаўленыя праекты сцэнарыяў і праграм асноўных мерапрыемстваў, прапановы па мастацкім афармленні сцэнічных і іншых пляцовак (пунктаў гандлю, выставачных павільёнаў), узоры лагатыпаў, рэкламна-інфармацыйнай і сувенірнай прадукцыі. У цэлым ход падрыхтоўкі свята “Купалле” ацэнены станоўча, па асобных пытаннях дадзены дадатковыя даручэнні.
Так што мясцовых жыхароў і гасцей чакае шмат цікавага: выстава-кірмаш народных рамёстваў, гала-канцэрт майстроў мастацтва Беларусі, Расіі і Украіны, абрадавая праграма з удзелам народных і фальклорных калектываў. За званне лепшых выканаўцаў будуць спаборнічаць дзеці ў міжнародным фестывалі творчасці “Залатая пчолка”. Карацей, будзе сапраўднае Купалле — вясёлае, з песнямі, пацехамі і карагодамі.