Статут павінен быць тут
Так вырашылі ў Магілёве і пачалі збор сродкаў на ўнікальную кнігу.
У Магілёве ідзе збор сродкаў, каб з прыватнай калекцыі жыхара расійскай сталіцы выкупіць унікальны экзэмпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага, выдадзены ў 1594—1595 гг. на старабеларускай мове.
Гэты звод законаў, як паведаміў дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, быў самым перадавым зборам прававых актаў у тагачаснай Еўропе. Той экзэмпляр, які імкнуцца набыць для магілёўскага музея, надрукаваны з матрыцы 1588 г., што надае фаліянту найвялікшую гістарычную каштоўнасць. Колькі запрасіў маскоўскі калекцыянер — камерцыйная тайна, але можна не сумнявацца, што кошт рарытэта немалы.
— Ахвяраванні сродкаў паступаюць не толькі ад магіляўчан, — зазначае Аляксей Бацюкоў. — Пералічэнні ідуць і з іншых куткоў Беларусі. Дамоўленасць з уладальнікам рарытэта надзейная. І калі набярэцца патрэбная сума, то ў Год кнігі і магіляўчане, і ўсе беларусы атрымаюць бясцэнны падарунак. Выдання такога кшталту ў краіне яшчэ няма.
Як стала вядома “НГ”, не застаюцца ў баку ад дапамогі ў ажыццяўленні задумы музея і абласныя ўлады. Ідзе пошук сур’ёзных спонсараў. А тым, хто гатовы па-ўдзельнічаць у гэтай дабрачыннай акцыі, нагадваем рэквізіты, па якіх можна пералічыць сродкі:
УНП 790203960, філіял 700 Магілёўскага абласнога ўпраўлення ААТ “АСБ Беларусбанк”, МФО 153801536, р/р 3642014673147,
г. Магілёў, вул. Першамайская, 71.
У прызначэнні плацяжу варта ўказаць: “На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для набыцця Статута ВКЛ 1588 г.)”.