Глыбокае рыхтуецца да свята

Источник материала:  
22.05.2012 — Разное

Да Дня беларускага пісьменства плануецца пабудаваць, адрамантаваць, добраўпарадкаваць больш за 50 будынкаў гарадской інфраструктуры.

У бягучым годзе Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне будзе адзначацца ўжо ў дзевятнаццаты раз. Упершыню яго святкаванне адбылося ў самым старажытным беларускім горадзе — Полацку. У гэтым годзе свята прымае суседні райцэнтр — Глыбокае. Старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат расказаў аб тым,  як жыхары райцэнтра рыхтуюцца да гэтай значнай для нацыянальнай культуры падзеі.

У чаканні гасцей

Свята пройдзе 2 верасня, і да гэтага часу ў горадзе будуць прыведзены ў парадак аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльна-культурнай сферы, аховы здароўя. Ужо вядуцца работы на вызначаных для рамонту аб’ектах культуры, адукацыі. Амаль поўнасцю праведзены касметычны, бягучы рамонт адміністрацыйных будынкаў — пошты, раённага спажывецкага таварыства, ААТ “Купцоў”, банкаў, гаргазу і жылых дамоў па некаторых вуліцах горада. У спісе таксама гарадскія дарогі і тратуары, цепла-водаправодныя сеткі жыллёвага фонду, зоны адпачынку, паркі, басейн у гарадской лазні, фантан на плошчы 17-га Верасня і многае іншае.

Плануецца правядзенне трох раённых суботнікаў з адлічэннем фінансавых сродкаў на правядзенне неабходных работ. Сродкі, сабраныя ад здачы другаснай сыравіны, таксама пойдуць на мэты добраўпарадкавання.

Асноўнай пляцоўкай свята будзе цэнтр горада, дзе плануецца правесці рэканструкцыю плошчы, і дзіцячая пляцоўка “Брыганціна”. Вядзецца добраўпарадкаванне набярэжнай возера Кагальнае. Цудоўным месцам для адпачынку жыхароў і гасцей горада стане гарадскі парк. Там ужо высаджваюць кветкі, садзяць дрэвы, ставяць лаўкі, альтанкі, мосцікі, плануюць пракласці дарожкі, адкрыць гандлёвы павільён.

— Мы вельмі рады, што нам выпала ганаровае права сабраць гасцей з усёй Беларусі і нават з замежжа, паказаць і расказаць, адкуль вытокі творчай дзейнасці нашых знакамітых людзей, — кажа Алег Морхат. Запрашаючы гасцей на паэтычную, песенную, шчодрую і сардэчную Глыбоччыну хочацца верыць, што сустрэчы на глыбоцкай зямлі цёплым успамінам застануцца жыць у сэрцах кожнага, хто прыме ўдзел у гэтым свяце культуры і духоўнасці.

Вытокі творчасці

Так супала, што Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Глыбокім у Год кнігі, таму свята павінна паказаць усю глыбіню і самабытнасць беларускай культуры. Рыхтуецца багатая і разнастайная культурная праграма.
Глыбоччына — радзіма многіх вядомых людзей, якія зрабілі важкі ўклад як у беларускую, так і сусветную культуру. Сярод іх Ігнат Буйніцкі, Язэп Драздовіч, Вацлаў Ластоўскі, Павел Каруза, Янка Пачопка, Алесь Дубровіч, Тамара Чабан, Тамаш Ляшонак, Тадэвуш Даленга-Мастовіч і іншыя. Усе яны будуць ушанаваны ў адкрытай падчас свята Алеі славутых землякоў, паведаміў Алег Віктаравіч.

Ужо напярэдадні мерапрыемства завершыцца рэспубліканская навукова-творчая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподня. Падчас свята будуць ушанаваны пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кнігі” і “Лепшы твор”. Адбудзецца выступленне Нацыянальнага Акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. У сцэнарый свята арганічна ўпішуцца выступленні глыбоцкіх паэтаў і самадзейных кампазітараў.

Аддзел культуры райвыканкама прапанаваў праект “Чытаем “Новую зямлю” разам”. Арганізатары мяркуюць, что кожны ўдзельнік, а гэта па задуме 50 кіраўнікоў арганізацый, будзе чытаць урывак з паэмы.

Падчас свята можна будзе пабачыць друкаваныя рарытэты, якія са сваіх фондаў прадставіць нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Віцебскі краязнаўчы музей. Плануецца арганізаваць некалькі выстаў: кніжную выставу-кірмаш, выставу краязнаўчых матэрыялаў “Гісторыя і сучаснасць роднага краю”, выставы народных майстроў, выставу — продаж падворкаў гарадоў і раёнаў вобласці, выставу — прэзентацыю турыстычных фірмаў, выставу — продаж тавараў прадпрыемстваў, прызначаных для ўмацавання здароўя і іншыя.

Вядома ж, не абыдзецца без песень і народных гулянняў, цікавых відовішчаў. Пройдуць выступленні тэатральных і фальклорных калектываў, воднае і вогненнае шоу, спартыўныя спаборніцтвы, спартландыі, рыцарскія турніры.

На Глыбоччыне спадзяюцца, што ўсе намечаныя планы стануць рэальнасцю, а госці атрымаюць ад свята самыя добрыя ўражанні.

 Турыстычныя вандроўкі

У цэнтры Глыбокага на плошчы 17-га Верасня да сённяшняга часу існуюць пабудовы дзевятнаццатага стагоддзя, помнікі дойлідства — гэта касцёл Святой Троіцы і кафедральны сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. На гэтай плошчы стаялі дамы, у якіх нарадзіліся і выраслі авіяканструктар Павел Сухі і польскі пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч.
Райвыканкам падрыхтаваў праект, згодна якому тут будзе знаходзіцца стаянка для транспарту, рэтракафэ, сувенірная лаўка, турысцка-інфармацыйны цэнтр, музеі вядомых землякоў. Па папярэдняй ацэнцы, кошт праекта складзе каля дзесяці мільярдаў беларускіх рублёў. Прыкладна пятая частка ўсіх затрат будзе выдзелена з мясцовага бюджэту, астатняя — за кошт сродкаў інвестараў.
Як паведаміў Алег Морхат, праект знайшоў падтрымку ў міністэрствах  спорту і турызму, культуры, якія будуць аказваць арганізацыйную і метадычную дапамогу.
Да таго ж прадпрыемствы і арганізацыі горада ўжо рыхтуюць адметную сувенірную прадукцыю, прысвечаную Дню беларускага пісьменства і 600-годдзю Глыбокага.

←Рэха мінулага ў сэрцах нашчадкаў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика