“Ад Полацка пачаўся свет...”

Источник материала:  
19.05.2012 — Разное
Цікавыя факты з жыцця найстаражытнейшага горада нашай краіны.

Канец мая і пачатак чэрвеня пройдзе пад знакам святкавання 1150-гадовага юбілею Полацка. Адзначаць гэту дату будзе ўся Беларусь, і для гэтага ёсць усе падставы і лагічнае тлумачэнне. Для беларусаў Полацк — калыска дзяржаўнасці, духоўнасці, пісьменнасці, нацыянальнай свядомасці. Нездарма ж напісаў паэт: “Ад Ефрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет...” Наш, беларускі, свет сапраўды пачынаўся там, на берагах Палаты і Заходняй Дзвіны. Яго падмурак закладваўся разам з падмуркам Сафійскага сабора, яго летапіс пачынаў пісацца разам з кнігамі, якія перапісвала ў сваёй цеснай келлі святая Ефрасіння, яго малітвы да Усявышняга былі закладзеныя ў Бібліі, аддрукаванай палачанінам Францыскам Скарынам, яго песні жыццю ўзносіліся з вершаў-кветак, вершаў-сэрцаў Сімяона Полацкага...

Зрэшты, мы ўсё гэта ведаем (а вось ці ўсведамляем, ці разумеем — гэта зусім іншая размова) з урокаў, лекцый ды кніжак. Напярэдадні слаўнай даты мы вырашылі падзяліцца з вамі, шаноўныя чытачы, цікавай інфармацыяй пра гісторыю і сучаснасць нашага самага старажытнага горада і яго славутых людзей, якую, магчыма, вы не ведаеце. Ну, напрыклад, ці знаеце вы, што...

Полацк, магчыма, значна старэйшы, чым мы лічым

Дакладней: не “магчыма”, а адназначна: у “Летапісе мінулых часоў”, датаваным 862 годам (менавіта з гэтай першай згадкі ў пісьмовай крыніцы і ідзе адлік летазлічэння) Полацк ужо апісаны як буйное паселішча, якое за адзін год узнікнуць не магло. Нядаўнія раскопкі старажытнага гарадзішча пацвердзілі гэты факт: падчас іх былі знойдзеныя арабскія манеты, якія, як дакладна вядома, чаканіліся толькі да 818 года. Значыць, Полацк старэйшы як мінімум на 44 гады за свой афіцыйны ўзрост.

Праўда, гэта ніякім чынам не ставіць пад сумненне сёлетні 1150-гадовы юбілей горада. Першае ўпамінанне ў пісьмовай крыніцы -- прынятая ва ўсім свеце кропка адліку летазлічэння старажытных паселішчаў. Але ж тое, што наш найстарэйшы горад -- яшчэ старэйшы, чым напісана, -- чым не нагода для гонару?

Доўгі час у падпарадкаванні Полацка быў Мінск

Так, сапраўды, сённяшняя сталіца ў часы Сярэдневечча была паўднёвай ўскраінай першай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі -- Полацкага княства. З-за гэтага Менску даставалася не раз: мяжа блізка, а дапамога з Полацка далёка. Бітва на Нямізе ў 1067 годзе, з якой пачалася гісторыя нашай сталіцы, ні што іншае як адзін з эпізодаў барацьбы кіеўскіх і наўгародскіх князёў з полацкім князем Усяславам Чарадзеем -- тым самым, што пабудаваў полацкую Сафію.

У Спаса-Ефрасіньеўскім храме ёсць фрэска, якую многія лічаць прыжыццёвым партрэтам самой Ефрасінні

Знаходзіцца яна, як лічаць краязнаўцы, на паўночна-заходнім слупе, які падтрымлівае хоры. Наогул, усе даследчыкі адзначаюць, што твары святых на фрэсках Спасаўскай царквы не вельмі падобныя на візантыйскія цёмныя лікі: яны надзіва “жывыя”, ад іх і праз тысячу год ідзе цудоўная энергія. А гэты лік ля хораў -- незвычайна адухоўлены, з глыбокімі задуменнымі вачыма -- толькі такія і маглі быць у ігуменні Ефрасінні. І хто, як не яна сваімі добрымі асветніцкімі справамі заслужыла яшчэ пры жыцці павагу і любоў людскую, шанаванне, як святой, у тым ліку і на сцяне ўзведзенага па яе замове храма... Няма, канешне, доказаў, што на фрэсцы -- менавіта Ефрасіння, але ж і адваротнага ніхто не даказаў...

Сімяонаў Полацкіх -- два

Так, сапраўды, і абодва славутыя. Праўда, адзін з іх больш вядомы, другі -- менш. Што цікава: святым лічаць таго, хто вядомы больш. А атрымліваецца зусім наадварот...

Свяціцель Сімяон Полацкі, які адносіцца да сонму Беларускіх святых, жыў у ХІІІ стагоддзі і праславіўся больш не ў родным горадзе, а ў Цверы, дзе па яго замове пабудавалі каменны храм.

А вось Сімяон Полацкі -- паэт і асветнік, настаўнік дзяцей маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, сярод якіх быў і будучы Пётр І, статуса святога не мае. Затое пакінуў ён нам у спадчыну дзівосныя па прыгажосці слова вершы. Пісаў ён іх чырвоным чарнілам, надаючы форму то сэрца, то райскай кветкі. (Іх, дарэчы, можна ўбачыць і сёння ў музеі кнігадрукавання ў Полацку, як і велічны помнік асветніку, што стаіць на цэнтральнай алеі горада.)

Ва ўніверсітэцкім двары аднаўляюць калодзеж езуітаў

Універсітэт у Полацку, як вядома, месціцца ў старажытным будынку езуіцкага калегіума. Нядаўна ў дворыку археолагі знайшлі цікавае архітэктурнае збудаванне -- калодзеж XVIII стагоддзя. Калодзеж на ўсю глыбіню быў засыпаны зямлёй. А глыбіня, трэба сказаць, у яго немалая -- метраў 25 будзе. Збудаванне, выкладзенае буйной чырвонай цэглай, цярпліва адкопваюць ад зямлі. Несумненна, адным са славутых месцаў у горадзе стане больш.

У Полацка ёсць свой абярэг

Ды яшчэ які! Унікальнае палатно “Полацкі абярэг” горад атрымаў у падарунак пяць гадоў назад. Яно тады было агульнай плошчай каля 70 квадратных метраў і складалася з адзінаццаці асобных палотнаў. Стварылі гэты цуд па ініцыятыве майстроў Полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур народныя ўмельцы з розных краін свету.

За пяць гадоў да палатнянага абярэга дадаліся фрагменты, зробленыя ў Мінску, Краснадары, Падольску, Смаленску, у Іспаніі і ў Японіі. Цяпер плошча палатнянага стракатага дывана -- больш за 100 метраў, у ім чатырнаццаць фрагментаў. І пабачыць гэта дзіва падчас святкавання юбілею змогуць усе жадаючыя. Галоўнае -- прыехаць у Полацк.

Юбілей Полацка -- дата сусветнага значэння

ЮНЕСКА ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат на 2012--2013 гады. Так што аб нашым свяце ведаюць ва ўсім свеце. А ў кастрычніку ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы пройдзе выстава, прысвечаная нашаму старажытнаму гораду.

Тым часам самі палачане ў пятніцу, 25 мая, падчас афіцыйных урачыстасцяў змогуць атрымаць асалоду ад свята напоўніцу: рашэннем мясцовай улады ў горадзе аб’яўлены выхадны з пераносам працоўнага дня на адну з субот. Што ж, такі юбілей раз у жыцці нават у горада бывае.

←За счет чего официальный Стокгольм обеспечил высокие социальные стандарты и почему их не торопятся перенимать другие страны?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика