Культурная бяссонніца
Сёння ноччу беларусы змогуць пашукаць скарбы ў “Шведскіх магілах”, пазнаёміцца з напалеонаўскімі салдатамі, сплесці касу купалаўскай Паўлінцы і пастраляць з лука.
Не ведаеце, як правесці ноч з пятніцы на суботу? Выбраць дыскатэку, боўлінг ці більярд? А як наконт схадзіць з сябрамі ў музей? Я не жартую — з 18 на 19 мая ва ўсім свеце пройдзе міжнародная акцыя “Ноч музеяў”. Наша краіна тут убаку не застаецца. Чым жа збіраюцца здзівіць музеі сёння?
Назад на 200 гадоў
Нацыянальны гістарычны музей прапануе сёння з 18 да 23 гадзін вярнуцца на 200 гадоў назад і патрапіць у эпоху Напалеонаўскіх войнаў.
У стылі рэтра
У Музеі Беларускага Палесся ў Пінску пройдзе “Вечарынка ў стылі 60-х”. Як апраналіся пінчукі ў 60-х гадах, чым абстаўлялі кватэры, якія кнігі чыталі, наведвальнікі змогуць даведацца з выставы фотаздымкаў і прадметаў быту. Атмасферу таго часу дапаможа стварыць таксама канцэртная праграма “Шлягер 60-х”, якая працягнецца з 19 да 22 гадзін.
Білет на Ноеў каўчэг
Нацыянальны мастацкі музей з 19.00 да 01.00 вырашыў здзівіць мінчан і гасцей сталіцы праграмай “Апакаліпсіс. Адмяняецца...”. Сёння тут можна будзе атрымаць білет на “касмічны Неа-Ноеў каўчэг”, “размаляваць Апакаліпсіс” у радасны колер, вярнуць Плады на Дрэва, “прымерыць” магчымы вынік наступнай рэінкарнацыі...
Ліндзі хоп і прычоскі з начосам
Літаратурны музей Петруся Броўкі прапануе сваім наведвальнікам прыняць удзел з 18.00 да 22.00 у праекце “Стылягі”. Наведвальнікі музея змогуць пазнаёміцца з выстаўкай “Стылягі — адважныя дэндзі краіны Саветаў”, навучыцца ліндзі хопу — танцу, папулярнаму ў асяроддзі стыляг і паглядзець фільм “Стылягі”.
Заплесці касу... Паўлінцы
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы падрыхтаваў праект “Паўлінка-NEXT”, прысвечаны 100-годдзю напісання Янкам Купалам камедыі “Паўлінка”. Мерапрыемствы пройдуць з 18.00 да 02.00.
Плюс-мінус 50
У рэчышчы святкавання 1150-годдзя Полацка Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік запрашае акунуцца ў атмасферу 60-х гадоў і памарыць, якім будзе Полацк праз 50 год. Пад інтрыгуючай назвай праграмы “Полацк±50” хаваюцца прыемныя сюрпрызы для наведвальнікаў: -50 % на кошт уваходнага білета ва ўсе музеі запаведніка і +50 прызоў латарэі “Ноч музеяў”. На пляцоўцы каля Доміка Пятра І сыграе духавы аркестр і аркестр народных інструментаў, будзе гучаць джаз і працаваць школа танцаў, дэфіляваць модніцы 60-х гадоў і мадэлі будучага.
Пясок і бурбалкі
Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей здзівіць вячэрніх наведвальнікаў Новага замка шоу пясчаных карцін і гіганцкіх мыльных бурбалак, пазнаёміць з традыцыямі бала і таемнай мовай веера. Для дзетак у Старым замку з 12 да 17 гадзін падрыхтавана выступленне клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гарадзенскі двузуб” і майстар-клас лучнікаў.
У пошуках скарбаў
У Любанскім музеі народнай славы пройдзе інтэрактыўная гульня “У пошуках залатых дукатаў”. Вядома, што на тэрыторыі Любанскага раёна налічваецца каля 100 курганных пахаванняў ранняга жалезнага веку, якіх таксама называюць “Шведскімі магіламі”.