«ІНАВАТАРЫ»
У свеце пашыраецца гонка за інавацыямі, якія дазваляюць краінам зрабіць рывок, абнаўленне ў розных сферах жыцця: эканоміцы, навуцы, адукацыі, медыцыне, культуры. Такім чынам забяспечваецца эфектыўнасць працэсаў, канкурэнтаздольнасць прадукцыі. Свае «інавацыі» маюцца і ў Беларусі, але многія з іх то змушаюць рагатаць, то выклікаюць абурэнне.
Даўно прыйшоў да высновы, што галоўнай перашкодай на шляху беларусаў да нармальнага жыцця з’яўляецца бяспамяцтва, з-за якога яны перажываюць пакуты «дурных повторений». Краіна спаўзла ў змрочнае мінулае, таму што няма пераканаўчага праекта будучыні. Гэта тычыцца ўсіх сфер грамадскага і дзяржаўнага функцыянавання.
Пачну з таго, што адразу кідаецца ў вочы. Татальнае няведанне роднай мовы вучнямі і студэнтамі даўно стала нормай. Сітуацыя сёння намнога горшая, чым была ў сталінскі час. Але ж ёсць дарослыя дзядзькі і цёткі з закончанай вышэйшай адукацыяй, спецыялісты, якія ў дзяржаўных органах і ўстановах абавязаны па службе ажыццяўляць кантроль за пісьменнасцю, якім за гэта плоцяць грошы. Тым не менш, стан паказальнікаў на дарогах, вуліцах і плошчах, шыльдаў, рэкламы, газетных тэкстаў, радыё і тэлеперадач на роднай мове проста жахлівы.
Нядаўна на конкурсе сацыяльнага плаката выставілі «твор» з фразаю: «Я кахаю табе Мінск!» Нягеглым «патрыятычным грамацеям» няўцям, што, па-першае, не «кахаю», а «люблю», па-другое, не «табе», а «цябе», па-трэцяе, перад зваротам ставіцца коска!
Бібліятэчныя «інаватары» пайшлі далей. Яны запазычылі ў расійскіх калег практыку развозу кніг у аддаленыя населеныя пункты на аўтобусах. Само па сабе — гэта выдатна. Толькі разам з ідэяй прыйшла і расійская назва — «библиобус». Але ж паводле беларускага правапісу ў гэтым слове пішацца «ё», а таму назва атрымліваецца звышарыгінальная — «бібліёбус»!
У барацьбе з роднай мовай чыноўнікі прыкрываюцца глабалізацыяй, але чамусьці «забываюцца» на тое, што расіяне, немцы, французы, італьянцы, іспанцы не спяшаюцца пераходзіць на кітайскую або англійскую мовы. А тым суайчыннікам, якія скардзяцца, што сваёй мовай цяжка авалодваць, прыводжу канкрэтны факт. У мяне ёсць знаёмы пан Кавальскі, які мае ад роду шэсць месяцаў, але называе сябе па-беларуску, а яшчэ кажа: «Міленькая птушачка», «Давай пацалуемся!», «Жыве Беларусь!». Няўжо мільёны беларусаў дурнейшыя, чым гэты разумнік-папугайчык?
Прапаную «інаватарам» у галіне знішчэння мовы іншы, вельмі справядлівы праект, агучаны адным з арганізатараў антысталінскага «Саюза беларускіх патрыётаў» (1945 — 1947) Антонам Фурсам, якога праз газету хачу сардэчна павіншаваць з 85-годдзем і пажадаць моцнага здароўя, светлага настрою: «На мой погляд, зусім проста: беларусаў восемдзесят працэнтаў — дайце нам восемдзесят адсоткаў школ. Рускіх восем — а ім восем. Патрабаваць трэба.
Як вы станеце свядомымі без школ? Без школ вы не станеце свядомымі»…
Пры Сталіне ў СССР пастаянна арганізоўваліся паказальныя судовыя працэсы над «ворагамі народа», «шпіёнамі», якіх публічна кляймілі і на шматлікіх сходах у працоўных калектывах. У постсавецкай Беларусі ў ХХІ стагоддзі пайшлі далей. Арганізацыя масавых асуджэнняў застаецца, але з’явілася і «інавацыя» — судовыя іскі канкрэтных людзей да апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, грамадзян за вусныя або надрукаваныя меркаванні, выказванні, якія не падабаюцца аўтарытарнай уладзе.
Услед за «бібліёбусамі» ў сувязі са святам Перамогі ў Беларусі хочуць пусціць «інавацыйныя сталінобусы», запазычаныя зноў жа ў Расіі. Дарэчы, Сталін цяпер стаў героем шматлікіх лубковых дакументальных і мастацкіх фільмаў, тэлеперадач, яго партрэты з’явіліся на пляшках з півам, на каробках з цукеркамі і печывам. Прытым пра крывавага тырана, на сумленні якога жыцці дзесяткаў мільёнаў бязвінных людзей, СМІ гавораць, пішуць, не шкадуючы эфірнага часу і газетнай плошчы, з піетэтам, узахлёб, а пра чарнобыльскую страшную бяду, ад якой пакутуюць жыхары Беларусі, Украіны і Расіі, пра тое, як пераадольваць яе наступствы, скрозь зубы, няўцямна.
Нядаўні «Чарнобыльскі шлях» ясна паказаў, наколькі прыбіта, затаптана, здратавана беларускае грамадства. У такі дзень плячом да пляча пад сцягамі жалобы па ахвярах самай велізарнай у свеце тэхнагеннай катастрофы, з плакатамі супраціву будаўніцтву АЭС, якая ўзводзіцца без дазволу народа, павінны стаяць сотні тысяч людзей. Але такое не адбываецца, прыходзяць сотні, у лепшым выпадку — некалькі тысяч чалавек. Ды і як высакародная акцыя можа стаць масавай, калі любы справядлівы пратэст у нашай краіне заканчваецца міліцэйскім хапуном у той або іншай форме і маштабах?
Беларускія ўлады і спецслужбы — вялікія майстры «інавацый». Яны то знаходзяць падкінутых «ворагамі народа» пацукоў у водаправодах, то лічаць, што ў машын апазіцыянераў моцна напампаваны колы і наогул не той колер, а таму трэба пракалоць і запэцкаць фарбай, якая не змываецца. Або, напрыклад, рашаюць, што «для бяспекі грамадзян» неабходна аблытаць сталічную плошчу Якуба Коласа скруткамі калючага дроту.
Не абышлося без «інавацый» і на гэты раз. Перад Акадэміяй навук (!), што сімвалічна для аўтарытарнай Беларусі, улады выгарадзілі турнікетамі вялізную клетку тым, хто адважыцца прыйсці на маніфестацыю. Акрамя таго, пры ўваходах у яе двухмятровыя амбалы ў чорнай уніформе задавалі неправавое пытанне: «А вам сюда надо?» Трэба было яшчэ бачыць, з якім садысцкім здзекам яны абшуквалі, аблапвалі, дапытвалі людзей, якія не палохаліся зайсці ў агромністы загон!
Некаторыя расійскія праваабаронцы, еўрапейскія палітыкі абвінавачваюць беларусаў у інертнасці, баязлівасці, прыстасавальніцтве. Згодзен, ёсць, на жаль, такія ганебныя хібы ў тутэйшага люду. Але, на мой погляд, самім крытыкам трэба праўдзіва ацэньваць дзеянні ў першую чаргу Расіі і многіх еўрапейскіх краін у дачыненні да канкрэтнага аўтарытарнага кіраўніка, пастаянную дапамогу яму праз актыўны гандаль, пастаўку танных энерганосьбітаў, праз розныя пазыкі, прэферэнцыі, што наўпрост спрыяе бясконцаму захаванню рэакцыйнага рэжыму, які бязлітасна падаўляе імкненне людзей да свабоднага, дэмакратычнага жыцця. Вось такім чынам і атрымліваецца яшчэ адна сучасная «інавацыя»: на словах — абарона правоў і свабод чалавека, а на справе — толькі ўзурпатара.
Акрамя таго, у суверэннай Беларусі засталася доўгажыхаркай, выдатна асталявалася любімая тактыка бальшавікоў, якая заключаецца ў двух дзеяннях: прапагандзе і прымусе. Ва ўмовах уладнага ціску людзі жывуць, не спрабуючы супраціўляцца, вызваляцца, не разумеючы і не жадаючы зразумець, што становяцца не толькі манкуртамі, але і бяспраўнымі рабамі. Яны адмаўляюцца ад нацыянальных каштоўнасцей, грамадзянскіх і маральных прынцыпаў, засяроджваюцца на выжыванні, на грашах. Мільёны жыхароў прывыклі да такога існавання, мяняць нічога не хочуць, іх жаданне элементарнае — ацалець у складаным свеце, мець працу, паболей зарабляць, каб забяспечыць сябе і сваю сям’ю.
Так па лесвіцы мясцовых лакальных «вынаходніцтваў» мы ўзняліся да генеральнай беларускай «інавацыі» — выбары без выбару.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ