Палявая пошта
Хто шукае: Ала Міхайлаўна Шашалевіч, Мінск.
Каго шукае: звесткі пра Міхаіла Ануфрыевіча Сасімовіча.
“Свайго бацьку, Міхаіла Ануфрыевіча Сасімовіча, ніколі не бачыла. Маці казала, што я нарадзілася праз дзень, як ён быў накіраваны на фронт, — піша Ала Міхайлаўна. — З Талачынскага райваенкамата Віцебскай вобласці паведамілі, што наш дарагі чалавек прапаў без вестак у жніўні 1944 года. Матуля атрымлівала матэрыяльную дапамогу на выхаванне мяне і сястры Раі, якая на тры гады старэйшая за мяне. Маці памерла ў 50 гадоў. Яна вельмі кахала свайго Міхаську. Мы з сястрой хочам даведацца, дзе пахаваны наш бацька, і зробім усё, каб наведаць яго магілу”.
Хто шукае: Галіна Адамаўна Курчык, Капыльскі раён.
Каго шукае: Адама Сямёнавіча Бенеша.
“Дапамажыце, калі ласка, і мне даведацца пра бацьку, Адама Сямёнавіча Бенеша, які з вёскі Какорычы Капыльскага раёна быў накіраваны на фронт у першыя дні вайны, — просіць Галіна Адамаўна. — Больш звестак пра дарагога чалавека ў мяне няма. Можа, адгукнецца хто-небудзь з яго баявых сяброў. Буду вельмі рада”.