Месяц Багародзіцы
Месяц май у Каталіцкім Касцёле на Беларусі ўспрымаецца вернікамі як месяц, прысвечаны Дзеве Марыі, маці Хрыста. У касцёлах, капліцах і каля прыдарожных крыжоў адбываюцца так званыя “маёвыя набажэнствы”.
Ужо ў V стагоддзі на Усходзе ўзнікла практыка супольнага спявання вернікамі песень у гонар Багародзіцы. Прыхільнікам такой формы малітвы быў святы Кірыл Александрыйскі. З цягам часу некаторыя мясцовыя хрысціянскія супольнасці пачалі прысвячаць цэлы месяц адмысловаму культу Дзевы Марыі. На мяжы XIII і XIV стагоддзяў у заходняй хрысціянскай традыцыі такім месяцам стаў май. Іспанскі кароль Альфонс Х у XIІІ стагоддзі заахвочваў сваіх падуладных майскімі вечарамі збірацца каля фігур Багародзіцы на малітву. Афіцыйным стваральнікам такога Багародзічнага культу некаторыя лічаць італьянскага езуіта айца Альфонса Муцарэлі, які ў 1787 годзе выдаў брашуру, прысвечаную маёвым набажэнствам. У 1814 годзе Папа Рымскі Пій VII зацвердзіў гэтыя набажэнствы, а ў 1859 годзе чарговы біскуп Рыма — Пій ІХ — прызнаў канчатковую форму гэтай малітвы, якая звычайна складаецца з Ларэтанскай Літаніі, навукі святара і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На нашых землях традыцыя маёвых набажэнстваў узнікла ў ХІХ стагоддзі.
Такім чынам, “сэрца” маёвага набажэнства — гэта Ларэтанская Літанія. Аналагам літаній, якія распаўсюджаны ў заходняй хрысціянскай традыцыі, ва ўсходнім хрысціянстве можна лічыць акафісты. Літаніі і акафісты складаюцца з кароткіх малітоўных заклікаў. Існуе шматлікая колькасць такіх малітваў, аднак сярод літаній Каталіцкі Касцёл выдзяляе шэсць, якія могуць быць прачытаны ці праспяваны публічна. Ларэтанская Літанія паходзіць з XV стагоддзя і змяшчае разнастайныя “тытулы” ці найменні, якімі мы можам называць Багародзіцу: Маці Стварыцеля, сталіца мудрасці, суцяшальніца засмучаных, зорка ранішняя і гэтак далей.
Правільна ўспрынятая “марыйная пабожнасць”, гэта значыць культ Дзевы Марыі, павінна заўсёды накіроўваць нас да ўшанавання Хрыста. Нездарма старажытным хрысціянскім сімвалам Багародзіцы з’яўляецца Месяц — так як Месяц не мае ўласнага святла, але адбівае святло Сонца — так і Дзева Марыя скіроўвае наш позірк на Хрыста, які асвятляе чалавечае існаванне, надаючы сэнс чалавечаму жыццю.
Да гэтага часу захаваўся звычай упрыгожвання фігур Марыі, алтароў ці крыжоў разнастайнымі кветкамі і зелянінай. Такім чынам вернікі імкнуцца падкрэсліць сваю любоў да Маці Збаўцы. Звернем увагу, што такія ўпрыгожванні павінны рабіцца толькі з жывых кветак, а не са штучных. Штучныя кветкі не маюць неабходнага сімвалічнага значэння.
У Беларусі, як і ў іншых частках свету, вернікі ахінаюць вялікай пабожнасцю абразы (іконы) Дзевы Марыі. Прызначэнне абраза — дапамагчы верніку скіраваць свае думкі і памкненні да звышнатуральнага. Аднак ікона — гэта толькі дапаможнік у адносінах Бога і чалавека. Мы молімся непасрэдна Богу ці Богу праз святых, але не молімся абразу. Так як фотаздымак не замянае нам адносін з чалавекам, які адлюстраваны на гэтым фотаздымку, так і абраз не замяняе для нас адносін з Богам, але можа дапамагчы ў іх развіцці.