Святая справа

Источник материала:  
03.05.2012 — Разное

Царква, пабудаваная грамадой, стала выдатным аздабленнем знакамітага сяла Моладава, нібы надала яму новай маладосці.

Прытулілася паселішча акурат на мяжы Іванаўскага і Пінскага раёнаў. А знакамітае яно тым, што менавіта тут два стагоддзі таму пачаў працаваць адзін з першых на Беларусі цукровых заводаў. Толькі гэта не адзіная славутасць палескай вёскі з прыгожым іменем.

Яшчэ старажылы памятаюць, стаяла тут сядзіба, пра якую сучаснікі казалі: “Гэта мара пры святле месяца пад цудоўную музыку Моцарта”. Належала яна знакамітаму роду Скірмунтаў — у 1792—1939 гадах яны валодалі маёнткамі ў Моладаве і Парэччы і зрабілі шмат для таго, каб ператварыць паселішчы ў прамысловыя цэнтры акругі.

Палац, на жаль, быў узарваны падчас Другой сусветнай вайны, а вось пабудаваная ў XVIII стагоддзі на месцы храма XVI стагоддзя драўляная царква Ушэсця захавалася. Дарэчы, менавіта тут сёння знаходзіцца самы старажытны на Беларусі звон, які быў адліты ў Вільні ў 1583 годзе — сваёй унікальнасцю і няпростай гісторыяй ён прыцягвае ў вёску вернікаў нават з замежжа.

Час, які больш-менш літасціва абышоўся са звонам, між тым над дрэвам рабіў сваю разбуральную справу, і з гадамі храм прыйшоў у амаль што аварыйны стан, нават рамонтам было не выратаваць сітуацыю. Ідэя будаўніцтва новага была агучана больш за чатыры гады таму падчас наведвання Іванаўшчыны Прэзідэнтам краіны. Вяскоўцы выказалі тады кіраўніку дзяржавы дзве просьбы: зрабіць дарогі і пабудаваць новы храм. Дарогі, адказаў ён, бяру на сябе, а вось царкву давайце ўзводзіць разам. Тады і вырашылі шчыраваць дзеля добрай справы грамадой. З лёгкай рукі высокага госця справа пачала набываць рэальнае ўвасабленне.

— Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі ўладыка Стэфаній асвяціў месца, і па яго благаславенні пачалося будаўніцтва, — распавядае настаяцель протаіерэй Леанід Равуцкі, які ў храме Ушэсця служыць больш за дваццаць гадоў. — Галоўным натхняльнікам будоўлі стаў дырэктар мясцовай гаспадаркі “Моладава-Агра” Сцяпан Халько, далучыліся многія людзі, і не толькі працуючыя, але і пенсіянеры, за што ім найвялікшая падзяка. Да прыкладу, — старшыням СПК “Агра-Моталь” Вячаславу Каштальяну, “Дружылавічы” Івану Бушкевічу, “Прыясельдны” Віктару Андрусевічу вельмі вялікую дапамогу аказалі ВК “Моталь” на чале з Мікалаем Шыкалаем і Бярозаўскі сыраробны камбінат, які ўзначальвае Уладзімір Папеня, і нават прыхаджане з Брэста і Пінска, якія прыязджаюць у наш храм.

Новая царква пабудавана таксама ў гонар Ушэсця Гасподняга — яна настолькі светлая і ўрачыстая, што нібы сама выпраменьвае святло. Яе купалы ззяюць здалёк, абвяшчаючы кожнаму вандроўніку, што вёска Моладава жыве і будзе святкаваць усё новыя шлюбы ды народзіны. Над праектам, унутраным і знешнім аздабленнем працавалі майстры з Брэста, Баранавічаў і Мінска. Царкву, дарэчы, ніяк не мінеш: новая асфальтоўка з боку Моталя прыводзіць прама да яе і кіруецца праз аграгарадок на Пінск.

Для храма вырабілі іншыя званы. Той старажытны вырашылі таксама перанесці на новае месца — для гэтага ў новай царкве пабудавалі спецыяльную захавальніцу, каб паломнікам было лепей разгледзець рарытэт. Старэнькая ж царква, колькі ёй наканавана лёсам, будзе служыць помнікам народнага дойлідства.

Мяркуецца, што асвячэнне новай адбудзецца восьмага мая — менавіта ў той дзень, калі быў закладзены ў яе падмурак першы камень. Гэтае вялікае і радаснае свята сабярэ шматлікіх вернікаў не толькі ўсяго прыхода, які ў трох вёсках налічвае прыкладна 1200 чалавек, але і тых, чые карані вядуцца з гэтых мясцін. Сённяшнімі днямі тут вядуцца апошнія прыгатаванні, каб прыняць годна ўсіх гасцей на чале з архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім уладыкам Стэфаніем.

←3 мая в Речице торжественно откроется обновленный зал кинотеатра “Беларусь”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика