Тры пытанні міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку
Каб Сінявокую ведалі ў свеце
— Што дзякуючы культурнаму патэнцыялу нашай краіны ўжо зроблена для фарміравання і ўмацавання іміджу Беларусі на міжнароднай арэне?
— Галоўнымі праектамі ў плане прадстаўлення беларускай культуры за мяжой па-ранейшаму з’яўляюцца Дні культуры Беларусі ў розных краінах свету і Дні культуры замежных краін у Беларусі, удзел беларускіх калектываў у міжнародных фестывалях, развіццё супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Летась Беларусь заявіла аб сабе на Венецыянскім біенале, на міжнародных кінафестывалях у Кане і Берліне. Знакавымі падзеямі гэтага года стануць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы са спектаклем “Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл” у Лондане і ўдзел у праграме Канскага кінафестывалю кінапраекта Сяргея Лазніцы “У тумане”, знятага па творы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Сапрадзюсерам кінастужкі выступіла Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Працягваецца правядзенне акцыі “Беларусь сёння” па перадачы нацыянальным бібліятэкам іншых краін калекцый сучасных беларускіх выданняў.
Чым прывабіць у музей
— Наколькі формы работы сучасных музеяў з наведвальнікамі адпавядаюць сённяшнім патрабаванням?
— Асноўнай формай работы музеяў з наведвальнікамі з’яўляецца класічная экскурсія, якая дазваляе ў поўнай меры асвятліць галоўныя тэмы экспазіцый і выставак. Але ў шэрагу музеяў ужо даўно пачалася выпрацоўка новых метадаў у рабоце з наведвальнікамі з улікам замежнага вопыту. Нацыянальным гістарычным і Нацыянальным мастацкім музеямі, Полацкім музеем-запаведнікам распрацаваны цыклы музейна-педагагічных заняткаў, якія дазволяць наведвальнікам больш глыбока пазнаёміцца з асобнымі старонкамі беларускай гісторыі і культуры. У апошні час даволі шырокае распаўсюджванне набылі інтэрактыўныя экскурсіі і святы з тэатралізаванымі дзействамі або рэканструкцыяй народных абрадаў. Дзякуючы ўключэнню музеяў Беларусі ў міжнародны музейны рух, традыцыйным стаў іх удзел у Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, прымеркаванай да Міжнароднага дня музеяў.
У Нясвіжы, як у Парыжы
— Па ініцыятыве Міністэрства культуры Беларусі ўжо трэці год праводзіцца рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца года”. Сёлета гэты ганаровы статус атрымаў Нясвіж.
Якія з запланаваных у рамках гэтай акцыі мерапрыемстваў, на ваш погляд, самыя цікавыя і знакавыя?
— Безумоўна, знакавым стане афіцыйнае адкрыццё Палацавага ансамбля Радзівілаў XVI—XVIII стагоддзяў, якое адбудзецца ў чэрвені. На працягу года будуць прадстаўлены лепшыя творчыя праекты — упершыню ў краіне пройдзе тэатральны форум прафесійных тэатраў “Тэатр Уршулі Радзівіл” з паказам спектакляў беларускіх тэатраў, ужо традыцыйна адбудуцца фестываль опернага мастацтва “Вечары Вялікага тэатра ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў”, XVII свята мастацтваў “Музы Нясвіжа” з удзелам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга, Ноч музеяў у Нясвіжскім палацы Радзівілаў, фестываль сярэднявечнай культуры “Рыцары Вялікага Княства ў старадаўнім Нясвіжы”, прэзентацыя музычнага праекта “Залатая калекцыя беларускай песні”. І гэта далёка не ўвесь пералік культурных падзей, якімі будзе азнаменаваны сёлетні год для Нясвіжа. Фінансавую і арганізацыйную падтрымку праекта ажыццяўляюць Міністэрства культуры, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Нясвіжскі райвыканкам, спонсары і мецэнаты.