Пытанне інспектару ДАІ
06.04.2012
—
Разное
На пытанні чытачоў “РГ” адказвае інспектар дарожна-паставой службы маладзечанскай міліцыі Дзмітры Стасюлевіч.
Мы працягваем праект “Рэгіянальнай газеты” “Задай пытанне інспектару ДАІ”. На пытанні чытачоў адказвае інспектар дарожна-паставой службы Маладзечанскага райаддзела міліцыі Дзмітры Стасюлевіч. – Я зарэгістраваны ў Мінску. Хачу прадаць аўтамабіль жонцы, якая зарэгістраваная ў Вілейцы. На нумарным знаку машыны – 7-ы рэгіён. Хацелася б пры пераафармленні аўтамабіля захаваць нумарны знак. Ці магчыма гэта? Яўген.– Не. Калі вы прадасце машыну жонцы, вы павінны будзеце зняць яе з уліку ў Мінску, а жонка – зарэгістраваць у Вілейцы. Натуральна, 7-ы рэгіён, сталічны, на нумары не захаваецца. На ім будзе 5-ы рэгіён – Мінскай вобласці. Але калі вы хочаце захаваць свой нумарны знак, то не пераафармляйце машыну на жонку, а проста выпішыце на яе даверанасць. Кожныя тры гады трэба будзе прадаўжаць тэрмін дзеяння даверанасці, але “сямёрка” на нумары захаваецца. Толькі такі варыянт.
– Добры дзень. У мяне пытанне наступнае: на вуліцы Міру каля дома №14 ёсць стаянка, на якой жыхары ставяць свае машыны. Усё б добра, але завёўся нядобры чалавек, які ціхенька разбірае машыны. У мяне, напрыклад, скруцілі заднюю шчотку з мацаваннем, пасля чаго мне страшна ўжо пакідаць аўтамабіль. Заяву пісаць, я так разумею, бессэнсоўна. Хаця… Пытанне: як органы могуць адрэагаваць на маю заяву, калі я ўсё ж яе напішу? І яшчэ адно пытанне: ці знаходзілі ў Маладзечне такіх вось зладзеяў? Дзякуй. Дзмітры.
- Наконт шчотак не ведаю, а зладзеяў, якія кралі з машын аўтамагнітолы, нядаўна знайшлі. Папаліся яны на перавозцы скрадзенага. Адразу “ўсплыў” цэлы шэраг эпізодаў такіх крадзяжоў. А пацярпелыя, якія чакалі паўгода ці год, пакуль міліцыя знойдзе іх маёмасць, нарэшце дачакаліся. Калі вас абакралі, я раю напісаць заяву. Бо вы ў любым выпадку нічога не губляеце. Нашы супрацоўнікі выедуць на месца злачынства, правераць: можа адбіткі пальцаў злодзея, напрыклад, захаваліся на машыне. Лічу, што заяву напісаць не будзе лішнім.
“РГ” не заканчвае праект “Задай пытанне інспектару ДАІ”. Новыя пытанні можна дасылаць на электронную скрыню regionnews@ rh.by, праз каментары да матэрыялу ці праз спецыяльную форму на сайце “Напісаць у рэдакцыю” (унізе старонкі) альбо задаць па тэлефоне ў Маладзечне 8 (0176) 76-96-67.
Падрыхтаваў Сяргей ЗЯНЬКО.