У майго бацькі забралі восем гадоў жыцця

Источник материала:  
11.02.2012 — Разное

Майму бацьку, Аляксандру Радкевічу, лёсам было адмерана толькі 59 гадоў. Нарадзіўся ён у 1918 годзе ў вёсцы Чарвякі Вілейскага павета Хаценчыцкай гміны. У тры гады застаўся сіратой.

Яго бацька, а мой дзед Лявон, памёр ад тыфу, пакінуўшы бабцы Паўліне пяцярых дзяцей: Ляксандру, Юзю, Адольку, Мар’ю, Маньку.

Жыла сям’я вельмі бедна. Карміліся з невялікага кавалачка зямлі. Але майму бацьку ўсё ж атрымалася скончыць чатыры класы польскай школы. Выручылі залатыя рукі бабкі Паўлінкі, якая вельмі добра валодала кравецкай справай.

Фотаздымак зроблены ў горадзе Лендварысе Літоўскай ССР падчас выбараў 14 сакавіка 1954 гда. Бацька з маці ўжо жанатыя.

Кожны з дзяцей па сваіх здольнасцях набываў навыкі ў працы. Цётку Мар’ю і дзядзьку Адольку больш цягнула да зямлі, гаспадаркі. Цётка Манька з маленства служыла на польскай стражніцы ў Брыцкім прачкай. Дзядзька Юзя пачаў свой працоўны шлях спачатку памочнікам, а пасля ўжо кавалём у кузні пана Бароўскага. А майго бацьку прывабіла прафесія сталяра, з якой ён ніколі не расставаўся аж да апошніх дзён свайго жыцця.

Дзеці раслі, сям’я мацнела, складаліся нейкія планы на будучыню. Усё зруйнавалася ў верасні 1939 года, калі бальшавіцкае войска перайшло савецка-польскую мяжу, якая знаходзілася ў васьмістах метрах на ўсход ад вёскі, акурат за рэчкай Вепраткай. Панскія маёнткі, спіртзавод у Лукаўцы былі абрабаваныя бальшавікамі. А тых гаспадароў, што не паспелі ўцячы, забралі ў палон.

Бальшавіцкія прапагандысты агітавалі мясцовых жыхароў на супрацоўніцтва з новай уладай. Распавядалі пра цудоўнае жыццё і вялікія заробкі ў савецкай краіне, асабліва на Далёкім Усходзе. Нямала маіх землякоў паддалося на гэта хлуслівае заманьванне. Шмат хто з іх, добраахвотна завербаваўшыся і з’ехаўшы у казачную краіну, знік назаўсёды.

Мне па сённяшні дзень невядома, як мой бацька апынуўся на Далёкім Усходзе яшчэ да вайны. Пра гэта ён мне ніколі не расказваў. Шчыра кажучы, я тады і не вельмі цікавіўся яго мінулым. Ды і на цікавасць гэту была накладзеная своеасаблівая забарона. А калі пра што размаўлялі, то толькі шэптам. У бацькі амаль на ўсе пытанні быў адзін адказ: “Менш ведаеш, спакайней жывеш. Не хачу, каб мой лёс паўтарылі мае дзеці”.

Нават пасля рэабілітацыі ў 1966 годзе бацька не рашыўся цалкам усё расказаць. Памятаю, як паштальён прынёс яму паведамленне аб рэабілітацыі, у якім ні слова не было сказана ні пра якую-небудзь кампенсацыю, ды і прабачэння ніхто ў яго не папрасіў. Прачытаўшы яго, бацька прама на вачах у паштальёна парваў той ліст на дробныя кавалкі і кінуў у печ. Там і згарэлі восем год яго жыцця. Затое не згарэла ў памяці людской і засталося на ўсё жыццё званне ворага народа. Пасля рэабілітацыі, праўда, гэтым ужо не папракалі. Але часам хто-небудзь не-не, ды і кіне ў вочы.

Падаваць якое-небудзь прашэнне на кампенсацыю бацька не хацеў. Маўляў, хто мне верне мае восем гадоў, а на меншае ён не пагаджаўся, лічачы прыніжэннем годнасці. За восем год лагернага жыцця ён так і не здрадзіў сваім жыццёвым прынцыпам, застаючыся самім сабой да канца сваіх дзён.

Дадому ён вярнуўся ў 1951 годзе. Не сказаць, што ўсё складалася ўдала. Таму, разам з некаторымі землякамі, паціснуў на Захад, шукаць больш спакойнага жыцця. У Літоўскім горадзе Лендварысе ўладкаваўся на завод “КАЙРАТ” сталяром. У 1953 годзе ажаніўся з дзяўчынай са Смаленска, якая таксама не ад салодкага жыцця прыехала ў Літву. Але як бы там добра ні было, бацьку ўсё адно цягнула на радзіму, у свой родны кут. Сабраўшы пажыткі ў чамаданы, разам з жонкай і трохгадовай дачушкай у 1957 годзе вярнуўся ў Чарвякі, у бацькаву хату, і адразу ж стаў будавацца.

За год ён узвёў сабе невялікі домік і спрабаваў наладзіць аднаасобную гаспадарку. Не атрымалася. Мясцовыя ўлады прыціскалі з усіх бакоў, пакуль ён усё ж не напісаў заяву ў калгас. Таго, што плацілі за працу ад цямна да цямна, не хапала, каб пракарміць сям’ю. І каб не бацькавы залатыя рукі, не ведаю, як бы мы выжывалі.

Ён быў вядомым на ўсю акругу сталяром. За кошт заказаў, якія атрымліваў ад людзей, былі мы і накормленыя, і абутыя. На жаль, не паспеў усіх вывесці ў людзі. Маці адна выпраўляла нас у жыццё.

Усё, што мне ўдалося высветліць пра бацьку пасля яго смерці, укладваецца ў некалькі радкоў:

Радкевіч Аляксандр Лявонавіч, 1918 года нараджэння, ураджэнец Беларусі, жыхар г. Ульянаўска, рабочы, 16.06.43 Ульянаўскім аблсудом па артыкуле 58-10 ч. 2 УК РСФСР незаконна асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Звестак аб далейшым лёсе няма. Цалкам рэабілітаваны 20.04.66.

Алесь РАТКЕВІЧ, Чысць.

Фота забяспечана Аляксандрам Раткевічам.

←Образцовая сельская жизнь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика