Каляндар знамянальных дат. 11-17 лютага
11 лютага. 205 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды (1807 – 1883), беларускага мастака, кампазітара, піяніста. ***
1943 год. Сталін падпісаў рашэнне аб пачатку ў СССР працы над стварэннем атамнай бомбы.
***
13 лютага. 1974 год. Памерла Паўліна Мядзёлка, дзяячка беларускай культуры. Нарадзілася 12(24) верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета. Скончыла Глыбоцкае царкоўнапрыходскае вучылішча. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 выступала ў друку з вершамі. Улетку 1947 пераехала ў Будслаў. Да 1958 працавала настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор – мемуары "Сцежкамі жыцця", якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 года.
***
14 лютага. 1956 год. Пачаўся XX з’езд КПСС, дзе прагучаў даклад Мікіты Хрушчова з асуджэннем культу асобы Сталіна.
***
17 лютага. 1806 год. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч, беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі. Шмат вандраваў, даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губерні, стварыў першыя тапаграфічныя планы гарадзішчаў. Лічыў курганы старадаўнімі пахаваннямі, а гарадзішчы месцамі, дзе выконваліся розныя абрады. У 1856 арганізаваў экспедыцыю па рацэ Віліі, у выніку якой сабраў багаты этнаграфічны матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію «Вілія і яе берагі».
Падрыхтавала Марына СЛІЖ.