Каляндар значных датаў
21 студзеня. 125 гадоў таму ў вёсцы Азяроды Мядзельскага раёна нарадзіўся Фёдар Яхімовіч – беларускі вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі, прафесар, распрацаваў і ўвёў у практыку спосаб падскурнага пералівання крыві, аўтар 26 навуковых работ.
***
22 студзеня. 1863 год. Пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага.
***
25 студзеня.1869 год. У фальварку Кавалі (Кавалькі), цяпер Мядзельскі раён (па іншых крыніцах фальварку Крыстынопаль, цяпер Смаргонскі раён), нарадзіўся Адам Гурыновіч. Беларускі паэт, фалькларыст. У 1879-87 вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы; у 1887-93 у Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Праводзіў фальклорна-этнаграфічныя зборы. У паэзіі быў паслядоўнікам Францішка Багушэвіча. Імем паэта названая вуліца ў Мядзеле.
***
1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец (вёска Гейстуны, цяпер Ашмянскі раён), польскі паэт, філамат, перакладчык, выдавец.
***
1938 год. Загінуў Тамаш Грыб, беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Паляны на Астравеччыне ў беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Пецярбургу, дзе зблізіўся з беларускім рухам. З 1914 – у войску, удзельнік першай сусветнай вайны. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Мінску. З 1922 – у Чэхіі. Скончыў філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта (1928). Стварыў у Празе Беларускае культурнае таварыства імя Скарыны. Актыўна працаваў у суполцы Беларускага студэнцкага саюза. Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.
26 студзеня. 1918 год. У Львове памёр Антон Баранцэвіч, вайсковец, палявы камандзір паўстання 1863-1864 гг., мемуарыст. Нарадзіўся ў вёсцы Кірклішкі, цяпер Ашмянскі раён (каля 1837).
***
2003 год. Памёр Уладзімер Мулявін, стваральнік гурта "Песняры".
***
27 студзеня. 1913 год. Адбылася першая пастаноўка знакамітай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». У Вільні сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка паставіў п'есу Алесь Бурбіс.
Падрыхтавала Марына СЛІЖ.