Падарожжа ў старую Вільню
27.10.2011
—
Разное
Зборнік Аляксандра Адамковіча прыадкрывае малавядомыя старонкі з жыцця вядомага еўрапейскага горада
Некаторых чытачоў, можа, збянтэжыць загаловак майго артыкула: цяпер жа сталіцу суседняй Літвы паводле міжнародных правілаў і ў Беларусі трэба называць Вільнюсам. Але ж сталіцай Літвы гэты старадаўні горад стаў толькі ў 1939-м. Праўда, раней ён быў галоўным горадам Вялікага Княства Літоўскага, ды гэта была супольная беларуска-літоўская дзяржава, назва Вільнюс тады не ўжывалася. Цікавы і так званы міжваенны перыяд, калі Вільня з’яўлялася культурным асяродкам Заходняй Беларусі. Зрэшты, і цяпер горад, які паэт Уладзімір Жылка трапна назваў “крывіцкай Мекай”, на нашым памежжы, ды і ў самім Вільнюсе на побытавым і нават грамадскім узроўні называюць Вільняй.
Жывыя ўспаміны майго дзяцінства: бацька з вечара запрагае каня і кладзе на воз дровы, маці выносіць з хаты сувой адбеленага палатна, некалькі адціснутых і высушаных сыроў і знаходзіць для іх месца на возе. Потым мы прыстройваемся на дрывах, кладзем пад сябе ахапкі сена або саломы і ўсю ноч едзем праз лясы і вёскі — у Вільню. Каб там на рынку “Пад галяй” (каля крытай гандлёвай залы) прадаць няхітры тавар і на выручку тут жа купіць соль, запалкі, крыху цукру і селядцоў — астатнія грошы пойдуць на падаткі польскім уладам. На рынку мне ўсё зразумела: сяляне каля фурманак гавораць “па-тутэйшаму”, а гараджане, што купляюць, — “па-панску”, гэта значыць па-польску. Часам побач гучаць нейкія незвычайныя словы і фразы. Крыху пазней я даведаўся: то былі ва ўжытку літоўская і яўрэйская мовы. Пад абед, закончыўшы справы, едзем на суседнюю з рынкам Базыльянскую вуліцу (назва застаецца такой і цяпер) у госці да бацькавага брата “дзядзькі Вінцэнтага”. Узнімаемся на трэці паверх, уручаем гаспадарам вясковыя ласункі. У пакоях гараць нязвычныя для нас, католікаў, праваслаўныя лампады, і гаварыць тут пажадана па-руску. А калі падысці да акна, бачны ўнізе прыгожыя “базыльянскія муры”, дзе, як мне кажуць, месцяцца беларуская гімназія і беларускі музей…
І вось не так даўно на адрас рэдакцыі “Голасу Радзімы” прыходзіць бандэроль з Вільнюса, а ў ёй — кніжка Аляксандра Адамковіча “Беларусы ў Літве: учора і сёння. Кніга І — Вільня”, выдадзеная Таварыствам беларускай культуры ў Літве “пры фінансавай падтрымцы Зміцера Віленскага” (яўна псеўданім). На вокладцы кнігі красуецца пышная барочная брама, якая вядзе ў былыя беларускія гімназію і музей, куды трапіць мне ў дзяцінстве ўжо не давялося — пачалася вайна.
Аўтар кнігі, Аляксандр Адамковіч, — ураджэнец Віцебскай вобласці, нядаўні выпускнік аддзялення беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Вільнюскага педуніверсітэта. Гады вучобы ён выкарыстаў для напружаных пошукаў у дзяржаўных і дамашніх архівах старажытнага горада. Сабраных матэрыялаў хапіла на цэлую кніжку, на якую потым, не сумняваюся, будуць спасылацца даследчыкі.
Што ж уваходзіла ў беларускую культурную прастору Вільні ў міжваеннае дваццацігоддзе? Якія дакументы ўдалося выявіць маладому шукальніку? Найперш яны датычацца школьніцтва: Беларускай настаўніцкай семінарыі, Віленскай беларускай гімназіі, Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Мы даведваемся, хто там і што выкладаў, хто вучыўся, як развівалася грамадскае і культурнае жыццё, якія настроі панавалі сярод вучняў і настаўнікаў і якія даносы паступалі на іх уладам. Ёсць звесткі пра беларускае школьніцтва на перыферыі — аж да Валожына, Маладзечна і Вілейкі. Далей ідуць невядомыя раней дакументы пра беларускі перыядычны друк у Вільні (усяго 12 выданняў) і дзейнасць Беларускага пасольскага клуба.
Другая частка кнігі пераносіць чытача ў сучасны Вільнюс. Аўтар падрабязна расказвае пра дзейнасць Таварыства беларускай культуры (шкада, што паралельна не паказана шматгранная работа Згуртавання беларускіх грамадскіх суполак Літвы), змяшчае падрабязныя інтэрв’ю са знакамітымі суайчыннікамі: Раман Вайніцкі, Таццяна Дубавец, Хведар Нюнька, Лілея Плыгаўка, Галіна Сівалава і іншыя. У выніку складваецца добрая панарама беларускага грамадска-культурнага жыцця ў Вільнюсе.
Дзелячыся планамі, Аляксандр Адамковіч паведамляе: беларусам Літвы ён мяркуе прысвяціць яшчэ чатыры свае кнігі. І верыцца, што ён, надзелены такім маладым імпэтам, гэта зробіць.
Адам Мальдзіс