Семь футаў для... гасцiнiцы
Першы ў краiне плывучы гатэль з турыстамi на борце адчалiць ад прыстанi ў цэнтры Турава i адправiцца ў падарожжа па Прыпяцi ўжо ў пачатку чэрвеня
Такой iнфармацыяй падзялiўся з «Р» начальнiк аддзела па фiзiчнай культуры, спорту i турызму Жыткавiцкага райвыканкама Уладзiмiр Саўчыц. Гэтымi днямi перасоўны аб’ект з буксiрным цеплаходам пераадолеў водны шлях да гэтага старажытнага палескага горада з Пiнска, дзе ён з кастрычнiка мiнулага года вырабляўся па заказу ААТ «Тураўшчына» на мясцовым суднабудаўнiчым-суднарамонтным заводзе. Iнтарэс да прагулачных турыстычных суднаў, па словах дырэктара прадпрыемства-вытворцы Вiктара Бруцкага, у апошнi час значна ўзрос. На ваду пiнскiя суднабудаўнiкi ўжо спусцiлi чатыры такiя, але ў сваёй унiкальнасцi апошнi праект не мае аналагаў.
Па атрыманых звестках, новы прытулак для турыстаў забяспечвае камфортнае прабыванне адначасова 30 чалавекам. Да iх паслуг добраўпарадкаваныя двухмесныя каюты-нумары з кандыцыянерамi, душавымi кабiнамi, ложкамi, шафамi, тэлевiзарам. Сцены гасцiнiцы — з непакрытага лакам бруса, экалагiчна чыстыя сучасныя матэрыялы выкарыстаны i ва ўнутранай аддзелцы памяшканняў. Не забылiся стваральнiкi гатэля пра актуальныя сёння энергазберагальныя тэхналогii. На борце навiнка — генератар, ён поўнасцю забяспечвае электрасiлкаванне прыбораў i работу сiстэмы асвятлення гасцiнiцы. Дарэчы, як запэўнiваюць завадчане-суднабудаўнiкi, пры наяўнасцi запасаў ежы i прэснай вады (рэзервуары ж судна могуць змясцiць да 14 тон яе) плывучы гатэль, якi атрымаў назву ад месца сваiх будучых падарожжаў — «Палессе», у аўтаномным плаваннi можа знаходзiцца да 10 дзён. Мiж тым, як адзначыў падчас размовы з карэспандэнтам «Р» начальнiк аддзела фiзiчнай культуры, спорту i турызму Жыткавiцкага райвыканкама Уладзiмiр Саўчыц, наурад цi першыя вандроўкi па рацэ будуць доўжыцца менавiта столькi. На яго думку, больш запатрабаванымi першыя часы будуць двухдзённыя падарожжы на 30-кiламятровым участку Прыпяцi, якi зараз знаходзiцца ў арэндзе ААТ «Тураўшчына». З цягам часу на гэтым шляху будуць абсталяваны ўзбярэжныя стаянкi, дзе турысты змогуць цывiлiзавана адпачыць на прыродным улоннi i папоўнiць свае багатыя ўражаннi ад воднага падарожжа ў гатэлi.