«Эх, вайна, ты, вайна...»

Источник материала:  
22.04.2011 — Разное

У «Р» трапiў унiкальны рукапiсны дакумент — дзённiк Арсеня Бялевiча, якi ён вёў у 1944 годзе (Заканчэнне. Пачатак у № 74)

-------------------------------------

6 лiпеня 1944 года, чацвер

Сёння хлопцы ўзялiся капаць у садзе акопы.

Па абедзе выйшаў на гору. Зтуль добра было вiдаць ужо другi дзень адступаючае ў напрамку на захад нямецкае войска.

Па некаторым часе прыбегла на гору Марылька i аб’явiла, што ў Равiнах ёсць 4 конныя немцы. Людзi кiнулiся ўрассыпную.

А ноччу мы замецiлi, што ўся наша вёска напоўнена немцамi. У вышынi ляталi самалёты i кiдалi дзесь блiзка паасобныя бомбы. На небе можна было ўбачыць дзе-нiдзе ракеты.

З прычыны гэтае мы пакiнулi свае амаль голыя вуглы i пайшлi ў кусты.

7 лiпеня 1944 года, пятнiца

Ранiцай пранеслася чутка, быццам прыехаўшыя ўночы немцы прыказалi выязджаць з вёскi.

Такiм чынам, праз некалькi хвiлiн я, бацька, Андрэй, Вiця, Коля iшлi пад канвоем у другi канец вёскi, дзе на прызбе, ля свiрану, сядзела ўжо многа старых i маладых засмучоных мужчын. Тут жа, недалёка ад плоту, ляжала нерухома жанчына. Я спярша думаў, што гэта першая наша ахвяра, i надзея на жыццё ў мяне прапала. Аднак я памылiўся. Гэтая жанчына была не забiта, а самлела са страху, пачуўшы поступ немцаў...

 Мужчын прыбывала. Iх то па двое, то па трое заганялi, як быдла ў табун. Нiхто з людзей не надзеяўся жыць.

Я, падумаўшы, што ўсё роўна – смерць, рашыў спрабаваць уцякаць, аднак асцярожна. Я горбiўся i ўгiнаўся, нават зняў шапку, каб быць чым найменшым... Праз некаторы час быў дадзены загад стаць усiм мужчынам у тры рады. Сэрца маё мацней забiла, i я, сышоўшы на ганак, стаў у сенях за дзвярмi.

Мужчын сталi лiчыць...

Праз акно я бачыў сваю горка плачучую мацерку i сясцёр, многа iншых жанок i мацярок. Настала жалобнае развiтанне.

Вечарам даведалiся мы, што ўсiх мужчын сагналi ў гумно.

8 лiпеня 1944 года, субота

Раненька абудзiўшыся, мы пачулi непадалёку нейкi говар. Гэта былi такiя ж самыя «зайцы», як i мы, якiя ўкрывалiся ў лесе. Яны сказалi, што немцы ноччу ўцяклi з вёскi i выпусцiлi з гумна ўсiх мужчын.

Iдучы з лесу дамоў у вёску, мы даведалiся ад адной жанчыны, што праз вёску праязджалi ўжо краснаармейцы.

10 лiпеня 1944 года, панядзелак

Калi я выганяў кароў, убачыў пыл на дарозе, вядучай у Карэлiчы. Гэта партызаны ехалi ў нашу вёску.

«Здароў, Арсень», — пачуў я раптам знаёмы голас. Аглянуўся i ўбачыў седзячага на канi партызана Дразда Лявона, быўшага вучня семiнарыi. Партызанаў панаехала многа, i яны размясцiлiся па кватэрах.

Да нас прыйшоў спярша ранены ў ногу Пахолак, якi, аднак, па некаторым часе, атрымаўшы кухталёў за непаслухмянасць ад камандзiра, бязгуморна пайшоў ад нас i паехаў у пушчу па сваю жонку.

14 –18 лiпеня 1944 года, аўторак

Днём амаль непарыўна прыходзiлi да нас байцы i змабiлiзаваныя з суседнiх абласцей навабранцы, просячы хлеба цi чаго iншага.

У суботу, згодна з загадам ваенкамату, усе мужчыны з часу 1894-га па 1926-ы хадзiлi ў Карэлiчы на камiсiю, i нашы Андрэй, Валодзя, Вiця прызнаны былi годнымi.

Цяпер нам было зразумела, што ў хуткiм часе наша даволi вялiкая сям’я на некалькi чалавек паменшае, i гэта надавала суму...

19 лiпеня 1944 года, серада

Вечарам пайшоў на сабранне, дзе адзiн iз стаячых у нашай вёсцы байцоў меў даклад аб змаганнi Чырвонай Армii. Па сканчэннi яго адбылiся спевы — то дзяўчат нашай вёскi, то байцоў. Аднак трэба прызнацца, што дзяўчаты, дзякуючы iхняму прыгожаму галасочку, выконвалi лепей, чымся байцы, асаблiва такiя песнi, як «На выгнаннi» цi «Нёман»... 

22 лiпеня 1944 года, субота

Пад вечар старшыня нашай вёскi заявiў, што ўсе мужчыны, маючыя з 18 па 40 год, мусяць з’явiцца заўтра ў шэсць часоў у Карэлiчы, узяўшы пры тым з сабою харчоў на 12 дней i ўсё iншае, патрэбнае для жыцця.

23 лiпеня 1944 года, нядзеля

Разбудзiўшыся зусiм рана, сталi мы дапамагаць нашым хлопцам збiрацца. Смуткам напаўнялася душа пры думцы аб мо вечнай адсутнасцi трох братоў...

I вось, калi ўсё было гатова, хлопцы падсiлiлiся апошнiм сняданнем, мацi ўнясла iкону i благаславiла па чарзе трох, iдучых сёння ў войска сыноў. Яны, аднак, не трацiлi настрою i прынялi, здаецца, зусiм iншы выгляд. Падкасаныя рукавы надавалi iм штосьцi асаблiвае.

Наканец браты сталi з кожным прашчацца...

Па некаторым часе я пайшоў у Карэлiчы, дзе бачыў яшчэ стаячых там ля спаленае школы сваiх хлопцаў.

Раздалося слова: «Внiманiе» – i праз некалькi хвiлiн быў загад навабранцам Карэлiцкага сельсавета стаць у рады. Настала мiнута расстання. Зноў слёзы i працяглыя пацалункi. Праз некалькi хвiлiн калёна рушыла. Я здаля ўбачыў разам iдучых Вiцю i Валодзю. Гэта быў апошнi iх вобраз.

26–28 лiпеня 1944 года, пятнiца

Работа на полi пры ўборцы збожжа яшчэ з 22 дня горача распачалася працавiтымi жыхарамi. Я ж, адзiнока седзячы дома, часта паўтараў верш Я. Коласа: «Пусты ўлетку нашы сёлы, усе на полi, за сярпом...» Смуцiла мяне, што я сам iменна не працую за сярпом, а сяджу дома, як дзiця. Аднак у гэтым я не вiнаваты. Маё нездароўе не дазваляе... 

6 жнiўня 1944 года, нядзеля

Сёння я адчуваў сябе нездаровым, аднак гэтаму мала надаваў значэння.

Паснедаўшы, пайшоў да суседа Станкевiча, дзе адбывалася сабранне, якое праводзiў прэдседацель нашага Карэлiцкага сельсавета. Тэмамi сабрання былi: аб хлебазакупе, закупе малака, аб дапамозе дзяржаўных работ, аб абароне вёскi.

I цякучае...

Жэнiк, якi крыху недачувае, падумаў, што слова «цякучае» абазначае пятую тэму. I вось ён, хочачы паказаць сябе дагадлiвым, крыкнуў у весь голас: «Самагонка!»

«Да, правiльна, хоць ты i малады хлапец, аднак рассуждаеш правiльна. Запiшам i пятую тэму: аб запрашчэннi гнаць самагонку...»

7–8 жнiўня 1944 года, аўторак

Гэтыя днi, з прычыны нездароўя, прайшлi зусiм сумна... Боль унутры штораз болей даваўся мне ў знакi. Аднак да доктара (уласцiва майму характару) я нiяк не хацеў ехаць.

9 жнiўня 1944 года, серада

Ехаць усё ж такi да доктара я быў змушаны. Паснедаўшы, паехаў з бацькам у Карэлiчы. Адна настаўнiца-партызанка па просьбе Андрушы завяла нас у прыёмную да фельчарыхi. Тая прызнала, што ў мяне не ў парадку печань. Лякарства, зразумела, прапiсаць не магла, бо дзе яго ўзяць...

12–16 верасня 1944 года, субота

Не раз, седзячы пад праменнямi нiзка стаячага ўжо сонца, я пагружаўся ў непарыўна жывучыя мае мыслi. Не раз я затрымоўваўся сваiмi думкамi аб сучасным людскiм становiшчы. «Колькi ж нявiнных чужых людзей ляжыць у нашай вёсцы? – думаў я i стаў лiчыць загiнуўшых: — Два байцы пахаваны на кладбiшчах — як толькi зайшлi краснаармейцы. Адзiн забiты ўкраiнец ляжыць у Ганнiным раўку, тры, расстраляныя немцам, «пад Антосям» i чацвёра – «пад Дзянневiчам». Дзесяцёра ляжыць тут, у нашай вёсцы, а мацяркi цi жонкi i дзецi iх нецярплiва чакаюць дзесь у далёкай краiне – Казахстане, Грузii, Нямеччыне...» Смуткам аблiвалася душа пры гэтых думках, а новыя пытаннi: «А колькi ж выбыла людзей ужо з нашай вёскi за гэтую вайну? Дзе ж нашы Валодзя з Вiцяй?» Помню, будучы меншым, я гуляў з хлопцамi ў iгру «войска». Нас было мнагавата. Чаму ж цяпер нас мала? Дзе ж яны? А яны – некаторыя ўжо паўтара года спакойна спачываюць на кладбiшчах, пранiзаныя асколкамi снарада; другiя завезены дзесь немцамi ў нямецкую краiну...

«Эх, вайна ты, вайна», – ачнуўшыся думкай як бы ад сну, гаварыў я i ўслед за гэтым круцiў польскую песню: «Военка, военка, цужэсь ты за панi, жэ за тобоi, жэ за тобоi кiнон хлопцы малёванi...»

-----------------------------------------

Зрэшты, на гэтым i заканчваецца дзённiк. Па ўсiм адчуваецца, што настрою працягваць яго ў Арсеня ўжо не было. Як i прагi да малявання. Пры гэтым юнак не здагадваецца, што з-за хваробы лёсам яму адведзена менш за год жыцця...

Хто ведае, як бы праявiлiся таленты Арсеня, калi б не тая вайна! У адносна спакойным мястэчку Заходняй Беларусi ён вучыўся, марыў, меў шмат сяброў, спазнаў першае каханне, сутыкнуўся з нягодамi. Пад уплывам трагiчных падзей гэты шчыры, улюбёны ў лiтаратуру i хараство прыроды, бесклапотны летуценнiк неяк iмгненна ператварыўся ў чалавека разважлiвага i надзвычай уважлiвага. Сталенне адбылося так iмклiва, што, здаецца, стала нечаканым нават для самога аўтара.

...У пачатку публiкацыi мы абяцалi расказаць, як патрапiў да нас у рэдакцыю пажоўклы ад часу сшытак з запiсамi. Лiчым, што лепш за ўсё гэта зробiць яго цяперашняя ўладальнiца i захавальнiца – Марыя Мiкалаеўна Мацiеўская (Бялевiч), якая жыве зараз у Магiлёве:

— Аднойчы мая дачка пацiкавiлася, цi ёсць у нас старыя рэчы, здымкi, ну што-небудзь пра продкаў... Такое заданне iм далi ў школе, на ўроку «Мая Радзiма – Беларусь».

Я адразу ўспомнiла, што ў нашай вёсцы пад Карэлiчамi, у старой закiнутай хаце, засталiся даўнiя рэчы, у тым лiку архiў дзядзькi Андрэя, мамiнага брата, якi на схiле гадоў жыў у Вiльнюсе i выкладаў матэматыку. Калi дзядзька захварэў, тата перавёз яго да сябе...

Мы паехалi ў Равiны i сталi пераглядаць старыя паперы, фотаздымкi, паштоўкi... Нечакана натрапiлi на сшытак з нейкiмi запiсамi i малюнкамi. Гэта быў дзённiк яшчэ аднаго мамiнага брата, Арсенiя, якi памёр у жнiўнi 1945 года, зусiм маладым, васемнаццацiгадовым.

Па ўспамiнах мамы, Арсенiй у iх вялiкай сям’i – чатыры браты i дзве сястры — быў самы таленавiты. Ён хораша маляваў, меў прыгожы почырк, здольнасцi да лiтаратуры.

(Акрамя дзённiка, мы знайшлi лiсткi з яго вершамi i недапiсанай паэмай. Там жа адшукалi i здымак брата Валодзi «з-за польскага часу»).

Усё гэта было неспадзяваным скарбам!

Дачка Алiна адразу вырашыла апiсаць сваю радаслоўную. А мы з мужам уважлiва чыталi дзённiк, напiсаны на мове вёскi – трасянцы, месцамi падоўгу разбiралi паўвыцвiлыя ад часу лiтары.

Шчыра кажучы, не ўсё нам было зразумела. Але кожны радок ўражваў!

А потым я патэлефанавала ў рэдакцыю газеты «Рэспублiка», на старонках якой часта з’яўляюцца матэрыялы гiстарычнай тэматыкi, i расказала пра нашу знаходку. Я падумала: калi дзённiк надрукуюць, то, магчыма, хтосьцi з чытачоў прыгадае апiсаныя падзеi. I тады дакументальны экскурс у гiсторыю прадоўжыцца...

------------------------------------------

На здымку: Алiна МАЦIЕЎСКАЯ i яе першая ў жыццi даследчая работа на аснове дзённiка дзядулi.

Фота: Таiсiя ЛЫСОВА

←Турфирмы просят 5 тысяч и выше за доллар

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика