Вяртанне з выраю
24.03.2011
—
Разное
Першыя крылатыя прадвеснікі вясны ўжо заўважаны арнітолагамі ў паўднёвых раёнах краіны
Першымі ў поле зроку актывістаў Заходне-Палескага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” трапілі палявыя жаваранкі. “Прыход вясны кожны вызначае па сваіх прыкметах, — разважае арнітолаг Вольга Лукшыц. — Для арнітолагаў яна пачынаецца са з'яўленнем з выраю першых птушак. Так, белыя буслы прылятаюць аднымі з першых, калі месцамі яшчэ ляжыць снег — іх з'яўленне азначае, што вясна пачалася. Пра тое, што яна ўжо ў сіле, падкажуць ластаўкі і зязюлі, якія прылятаюць пазней. А беражанкі і шчуркі вяртаюцца ў другой палове траўня, убачылі іх — значыць, наступіла лета”.
З прылётам птушак стартавала ўсееўрапейская кампанія “Жывая вясна”, удзельнічаюць у ёй і сябры “Аховы птушак Бацькаўшчыны”, партнёра міжнароднай асацыяцыі Bird Life International у Еўрапейскіх краінах. Акцыя, расказвае Вольга, праводзіцца чацвёрты раз і беларускія аматары птушак — актыўныя яе ўдзельнікі з самага пачатку.
Прычым калі ў 2006-м беларусы былі на 11-м месцы па колькасці паведамленняў, занесеных на міжнародны сайт www.springalive.net, то па выніках 2010-га Беларусь стала пятай, саступіўшы толькі Італіі, Расіі, Ірландыі і Польшчы.
У якасці крылатых вестуноў наступлення “Жывой вясны” абраны пяць найболей вядомых відаў птушак: белы бусел, вясковая ластаўка, зязюля, чорная беражанка і залацісты шчурок. Па словах Вольгі, практычна кожны аматар прыроды іх ведае і не зблытае з іншымі. Галоўныя ўдзельнікі назіранняў — гэта, як правіла, педагогі і школьнікі, але даслаць свае паведамленні можа кожны. “Калі вы ўбачылі ўпершыню адну з гэтых птушак, варта занесці інфармацыю на сайт www.springalive.net. Пры гэтым абавязкова паказаць краіну, месца, дату назірання і від птушкі, што вярнулася з выраю, — раіць Вольга Лукшыц. — У выніку на сайце ствараецца карта, якая інтэнсіўнасцю колеру адлюстроўвае наступленне вясны ў кожным рэгіёне Еўропы. У каго няма магчымасці выйсці ў інтэрнэт, можна паведамляць свае весткі па тэлефоне 8(017) 263-06-13 ці адправіць SMS на кароткі нумар 0841 прама з месца назіранняў”.
Іна Ганчаровіч