Гены шчасця ёсць у кожнага

Источник материала:  
03.03.2011 — Разное
Беларускія навукоўцы ствараюць комплекс генетычных тэстаў, якія дапамогуць знаходзіць таленавітыя здольнасці чалавека яшчэ ў дзяцінстве Летась у кастрычніку Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук адзначыў 45-годдзе. Зрэшты, год 1965-ы хоць і лічыцца стартавым для інстытута, аднак фундаментальныя генетычныя доследы ў Беларусі пачыналіся раней. Акадэмік Антон Раманавіч Жэбрак эксперыментаваў з пшаніцай яшчэ ў 50-я гады ў тагачасным Інстытуце біялогіі. І сёння беларускія генетыкі могуць пахваліцца цікавымі вынікамі даследаванняў, а Інстытут генетыкі і цыталогіі — у тройцы лепшых навуковых устаноў на тэрыторыі былога Саюза. Вядома ж, цяпер узровень доследаў больш высокі, а структура і функцыі генаў вывучаюцца не толькі для патрэб раслінаводства і жывёлагадоўлі. Беларускія вучоныя вывучаюць і генетыку чалавека, яго генную структуру, шляхі перадачы спадчыннай інфармацыі, механізмы, якія кіруюць тымі працэсамі. Пра сакрэты малекулярнай генетыкі мы гутарым з доктарам біялагічных наук, прафесарам Ірмай Масэ. Яна ўзначальвае лабараторыю генетыкі чалавека Цэнтра ДНК-біятэхналогій. — Ірма Барысаўна, чаму ўвогуле беларускія вучоныя так шчыльна заняліся генетыкай чалавека? — Цяпер медыкам вядома некалькі тысяч захворванняў чалавека, і ўжо не выклікае сумненняў, што ўсе яны ў той ці іншай меры залежаць ад генатыпа. Ёсць і хваробы, звязаныя з нашымі спадчыннымі асаблівасцямі. З імі мы нараджаемся, і рана ці позна яны немінуча выявяцца. А ёсць хваробы, якія спадчынна абумоўлены, але яны могуць выявіцца толькі тады, калі іх запусцяць правакацыйныя фактары, напрыклад, няправільны лад жыцця: курэнне, алкаголь, лішняя вага... Прычым механізмы такой правакацыі мала вывучаныя. І таму адна з галоўных задач малекулярнай генетыкі чалавека — выяўленне генетычных фактараў, якія прыводзяць да развіцця цяжкіх захворванняў (напрыклад, сардэчна-сасудзістых, алергічных, дыябету, астэапарозу), і пошукі шляхоў іх папярэджання. — Ці звяртаюцца да вас па такую дапамогу, і які кошт генетычнага абследавання? — Наша лабараторыя генетыкі чалавека на сённяшні дзень — адзіная ў Беларусі акрэдытаваная лабараторыя ў галіне вызначэння генетычных асаблівасцяў чалавека. Так што многія звяртаюцца да нас з такімі просьбамі, і мы аказваем платныя паслугі. Аналіз аднаго гена абыдзецца ў 40-45 тысяч беларускіх рублёў, у той час як у заходнееўрапейскіх краінах такія доследы каштуюць даражэй разоў у 5-10. На падставе аналізаў мы выдаём генетычныя пашпарты, у іх паказаны станоўчыя ці адмоўныя варыянты тых генаў, па якіх і вызначаецца схільнасць пацыента да пэўных захворванняў. — Вашы доследы карысныя ў медыцыне. А яны запатрабаваныя ў іншых сферах жыцця? — Так. Цяпер, ужо другі год, мы аналізуем генетычныя асаблівасці і для патрэбаў спорту. Да нас звярнулася кіраўніцтва нацыянальнай зборнай па біятлоне з просьбай пратэсціраваць вядучых спартсменаў на ўстойлівасць да гіпаксіі — яны тады рыхтаваліся да адказных спаборніцтваў ва ўмовах высокагор’я. І вось, прааналізаваўшы ўсіх удзельнікаў каманды па 12 малекулярных маркерах, мы пераканаліся, што генетычны складнік устойлівасці да гіпаксіі практычна ва ўсіх нашмат вышэйшы, чым у насельніцтва ў цэлым. Разам з тым у некаторых спартсменаў мы выявілі і, скажам так, праблемныя гены. Нашы рэкамендацыі тренеры, урачы, дыетолагі цяпер улічваюць пры складанні індывідуальнай праграмы трэніровак спартсменаў. — А ці могуць генетыкі вызначыць схільнасці дзяцей да пэўных відаў спорту, у якіх яны могуць дасягнуць высокіх вынікаў і пры гэтым не падарваць здароўе? — Мы сапраўды маем намер распрацаваць праграму для дзяцей, якія яшчэ не вызначыліся, у якую спартыўную секцыю ім лепш ісці. Мэта: пратэсціраваць іх і даць рэкамендацыі. Але для гэтага спачатку будзем даследаваць нашых лепшых спартсменаў. Так і вызначым, які прыкладна комплекс генаў дае ім магчымасць стаць чэмпіёнамі ў пэўных відах спорту. Мы гаворым, вядома ж, толькі пра схільнасці. Дарэчы, ці не тое ж робяць педагогі музычных школ, робячы адбор? Калі ж пэўныя схільнасці, якасці цела, характару не развіваць, не трэніраваць, не ствараць для гэтага належныя ўмовы — яны, вядома ж, не рэалізуюцца. — А ген шчасця, як лічыце, існуе? — Аднаго такога гена, вядома ж, няма. Чалавек жа звычайна шчаслівы, калі займаецца любімай справай, гэта значыць тым, да чаго ў яго ёсць генетычная схільнасць. Важна яшчэ для шчасця, каб было ў яго ўсё добра ў сям’і. А правільна выбраць спадарожніка жыцця, умець кахаць, быць любімым — гэта ўжо не толькі талент, але і ўдача. І каб правільна выхаваць дзяцей, каб яны па жыцці радавалі, а не засмучалі — ізноў жа адоранасць патрэбна, якая часткова залежыць і ад пэўнага раскладу генаў. Умець цаніць тое добрае, што маеш, не зайздросціць іншым, а яшчэ працавітасць, упартасць у дасягненні пастаўленай мэты — гэта ўсё рысы характару, якія залежаць і ад выхавання, і ад генаў таксама! Як бачым, для шчасця патрэбны сотні “добрых” генаў, плюс яшчэ правільнае выхаванне. Зрэшты, у кожнага ўсе гэтыя гены ёсць, хоць і ў розных варыянтах. І ўся справа ў тым, як чалавек распарадзіцца гэтым багаццем і — што ён разумее пад шчасцем. Іна Ганчаровіч
←Айтишник в курсантских погонах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика