Калінкіна: Гаворыць і паказвае «Гебельс-ТБ»

Источник материала:  
12.01.2011 11:56 — Разное
…Яны едуць на вуліцу Камсамольскую да васьмі раніцы. Дзве, тры, чатыры гадзіны стаяць на марозе, каб нарэшце трапіць у запаветны пакой, дзе прымаюць перадачы.

А дзясятай раніцы пакой адкрыецца, а роўна ў дванаццаць будзе абвешчана, што час, адведзены для прыёму рэчаў і прадуктаў для вязняў, скончыўся. Многія мамы і таты, жонкі і дзеці вязняў «амерыканкі», прастаяўшы некалькі гадзін на студзеньскім холадзе, так і панясуць свае сумкі дадому. Каб ужо ў наступны дзень, адведзены для прыёму перадач, зноў падымацца з самай раніцы і ехаць да следчага ізалятара КДБ, спадзеючыся, што гэтым разам да іх чарга дойдзе і яны змогуць перадаць пасылку з волі за гэтыя страшныя сцены.

На дварэ 2011 год, але здаецца, што апісваеш падзеі 1937-га… Кожны дзень па ўсёй краіне праходзяць ператрусы, арышты, допыты… А ля следчых ізалятараў — чэргі людзей, замеценых снегам.

Днямі сваякі, якія прыйшлі да «амерыканкі» са сваімі ссабойкамі, не змаглі перадаць амаль нічога. Раптам выявілася, што спіс дазволенага для перадачы тэрмінова перагледжаны і скарочаны ўсяго да дзесяці найменняў. Мёд, сала, сухафрукты — нельга, хлеб, сухары, цукар — можна.

Чаму правілы былі перагледжаныя менавіта тады, калі ў «амерыканцы» з’явіліся палітвязні?

Чаму гэты самы пакой для прыёму перадач працуе не кожны дзень і толькі цягам дзвюх гадзін, праз што перадаць прадукты і рэчы сваім блізкім робіцца проста пакутай? Чаму па законе зняволеныя не абмежаваныя ў колькасці лістоў і паштовак, якія можна дасылаць і атрымліваць, але чыімсьці валявым рашэннем ліставанне для «палітычных» было забароненае: ні яны не атрымліваюць лістоў, ні ад іх нічога не даходзіць? Чаму ўлады заахвочваюць гэтую самаўпраўнасць?

Калі б у нас было сапраўднае дзяржаўнае тэлебачанне, яно абавязкова шукала б адказы на ўсе гэтыя пытанні. Таму што ў цывілізаванай дзяржаве сістэма пакарання, суда і следства таксама мусіць быць цывілізаванай. Але ў мінулую нядзелю

мы ўбачылі па БТ абуральна тэндэнцыйны фільм «Плошча. Жалезам па шкле» — фільм, які толькі ўзмацніў аргументы тых, хто лічыць, што Беларускае тэлебачанне даўно павіннае называцца «Гебельс-ТБ».

…У панядзелак ішоў дванаццаты (!) дзень, як адвакаты Ірыны Халіп і Андрэя Саннікава не маглі сустрэцца са сваімі падабароннымі. І гэта пры тым, што нават па беларускім законе ніхто не мае права перашкаджаць дзейнасці адвакатаў: яны маюць права бачыцца са сваімі кліентамі тады, калі палічаць патрэбным, і ні з кім не абавязаныя гэтыя сустрэчы ўзгадняць. Але адвакаты зняволеных па абвінавачанні ў масавых беспарадках сядзяць у ізалятары днямі, пішуць калектыўныя скаргі, прыязджаюць з самай раніцы і займаюць чаргу ў ліку першых, а ім проста не даюць магчымасці ўбачыць сваіх падабаронных. І гэта ўжо не проста самадурства кіраўніка следства або начальніка СІЗА, гэта не проста ціск на арыштаваных, якіх трымаюць у інфармацыйным вакууме, гэта дэманстратыўны выклік усяму цывілізаванаму свету. Еўропа пасля 19 снежня проста ў жаху. Маючы зносіны з нашымі чыноўнікамі, якія ўмеюць гаварыць правільныя словы і носяць пінжакі-гальштукі, а не шкуры дзікуноў, еўрапейскія палітыкі да 19 снежня нават падумаць не маглі, што ў іх пад бокам пабудаваная такая «прававая дзяржава», у якой да арыштаваных не пускаюць адвакатаў. Выявілася, што гэтыя, у пінжаках і гальштуках, — дзікуны!

Хто даў дабро на гэтае абуральнае парушэнне асноватворных нормаў цывілізаванага правасуддзя? Для новага кіраўніка БТ Генадзя Давыдзькі дэбют на экране з аб’ектыўным журналісцкім расследаваннем на такую тэму быў бы годнай прэзентацыяй у прафесіі. Але ён аддаў перавагу іншай славе…

І што ж мы ўбачылі ў першай серыі «Плошчы…»?

Абуральную, дэманстратыўную дрымучасць дзяржаўных ідэолагаў. Аўтары фільма проста заходзяцца нянавісцю да ўсіх тых, хто заклікаў людзей выйсці 19 снежня з пратэстам, выйсці на Плошчу.

Нашы ідэолагі называюць сябе еўрапейцамі і цывілізаванымі людзьмі, але старанна не хочуць ведаць, што пытанне аб праве народа на пратэст вырашанае ў заходняй цывілізацыі раз і назаўжды. Вырашанае адназначна: народ мае права на пратэст, народ мае права выйсці на плошчу!

Таму што ўрады існуюць для народа, а не наадварот; таму што грамадзяне краіны не павінныя маўчаць, калі ўлада робіць насуперак іх волі, наступаючы на горла дэмакратыі; таму што ўлада абавязаная чуць людзей, а калі яна не жадае нічога чуць, то пратэст — адзінае выйсце… Пасля нядаўніх беспарадкаў на Манежнай плошчы ў Маскве нават прадстаўнікі Рускай праваслаўнай царквы прызналі, што пратэст — гэта права народа, і калі ён здарыўся — вінаватая ўлада. Але Беларусь жыве па сваіх паняццях аб цывілізаванасці.

У фільме «Плошча. Жалезам па шкле» мы ўбачылі чыстасардэчнае прызнанне ў тым, што Беларусь — краіна дэманстратыўнага беззаконня.

Так, у ім былі прыведзеныя расшыфроўкі тэлефонных размоваў актывістаў перадвыбарчых штабаў у лістападзе і пачатку снежня. У межах якой крымінальнай справы вялася гэтая праслухоўка? Чаму тэлефонныя размовы актывістаў перадвыбарных штабаў праслухоўваліся яшчэ ўвосень, хоць справа аб масавых беспарадках з’явілася толькі 19 снежня? Па сутнасці, гэтыя расшыфроўкі — прызнанне таго, што ў нашай краіне дэ-факта скасаванае гарантаванае артыкулам 28 Канстытуцыі права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў.

Падкрэсліваю: паводле Канстытуцыі, такое права ёсць у кожнага, у тым ліку ў апанентаў улады, у кандыдатаў у прэзідэнты, у апазіцыянераў і незалежных журналістаў. Але БТ не пасаромелася паказаць, што Канстытуцыя ў нашай краіне не абавязковая да выканання.

Нарэшце, нам дэманстравалі адкрытую ману. Нейкі гараж, дзе быццам бы знайшлі зброю, якая мусіла быць выкарыстаная на плошчы. Пры гэтым аўтары фільма не сталі турбаваць сябе хоць якімі-небудзь доказамі, што гэты склад (калі ён увогуле быў) сапраўды меў дачыненне да апазіцыі, да кандыдатаў у прэзідэнты.

З тым жа поспехам можна было паказаць радзільню і прыстрашыць наіўных гледачоў, што апазіцыя напладзіла дзяцей, каб есці іх на плошчы.

Або паказаць самагонны заводзік, заявіўшы, што кандыдаты ў прэзідэнты рыхтаваліся спойваць пратэстоўцаў. Ну, а калі хто ў гэтыя дні малаток купляў або ломік-то гэта сапраўды з прыцэлам на вокны ў Доме ўрада: у любой гаспадарчай краме стаў камеру — і гатовае «журналісцкае расследаванне» для БТ. Раней лічылася, што нават у бессаромнай хлусні ёсць нейкія межы, цяпер можна смела сцвярджаць: межаў няма.

Казка нанач пад назвай «Плошча. Жалезам па шкле» атрымалася фантазійнай, бяздоказнай і нелагічнай. Але ўсё-такі фільм не бессэнсоўны. Таму што жорсткі сілавы разгон акцыі пратэсту засланіў сабой значна больш важную праблему беларускай рэчаіснасці.

Ва ўсёй Еўропе мы засталіся адзінай краінай, дзе няма выбараў у нармальным разуменні гэтага слова.

Нават у Афрыцы, у Лацінскай Амерыцы, у Азіі народ мае права голасу, там усё-ткі лічаць галасы, але ў нашай улады сваё разуменне дэмакратыі. Цэнтрвыбаркам абвясціў, што Аляксандр Лукашэнка атрымаў 80% падтрымкі выбаршчыкаў, але выбарчыя камісіі зноў не далі незалежным назіральнікам пераканацца ў гэтым трыумфе. Колькі людзей выйшла пратэставаць супраць дзейнага прэзідэнта і яго разумення выбараў, усе ўбачылі.

Такіх масавых акцый не толькі Мінск, але і Еўропа даўно не памятае. А вось галасы, аддадзеныя за Лукашэнку, былі сарамліва схаваныя.

У гэтым і тоіцца адказ на пытанне, чаму ўлада як запусціла 19 снежня махавік татальных рэпрэсій і ганьбавання апанентаў, так ужо хутка месяц, як не можа спыніцца.

У гэтым сэнсе «Плошча…» — гэта дэманстрацыя злосці і бяссільнасці. Міф пра ўсенародна абранага прэзідэнта выкрыты. Ён страчвае ўладу. Чапляецца за яе, як умее, з апошніх сілаў спрабуе ўсіх запалохаць.

Але «прапагандысцкія шэдэўры» ад «Гебельс-ТБ» — гэта адзінае, што засталося ў арсенале чалавека, які да 19 снежня быў абсалютна перакананы, што яго любіць уся краіна.

Падзяліцца навіной: 
Святлана Калінкіна, «Народная воля»

←Горныя лыжы ў Беларусі: дзе танней?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика