Арыштавалі нават Снягурку, а лічба затрыманых была большая за 600

Источник материала:  
04.01.2011 11:48 — Разное
Аляксандр, які адсядзеў у жодзінскім ізалятары 10 сутак, распавёў пра ўмовы зняволення, турэмную кухню, а таксама пра прыхільнікаў Лукашэнкі і нават снягурку, якія таксама трапілі ў СІЗА.

Што адбывалася да прыезду ў ізалятар? Ты бачыў моцна пабітых людзей?

У аўтазаку было каля 40 чалавек, усім месцаў для сядзення не хапала. Людзі былі розных узростаў — ад 16 гадоў да 58. Мабільныя тэлефоны яшчэ не забралі, некаторыя тэлефанавалі, адна жанчына на радыё перадала нашы прозвішчы.

Адзін чалавек сядзеў на прыступках з яўна прабітай галавой.

Ён можа быў прытомны, але ні на што не рэагаваў. Усе патрабавалі яму хуткай дапамогі, але яе так і не было.

Спярша мы не ведалі куды нас вязуць. Першае што пачалі прасіць — у туалет, і вады папіць. Праз 2–3 гадзіны пачалі па адным пускаць у туалет. Трохі давалі снег піць.

Што адбывалася ў ізалятары?

Аляксандр: Нас прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Там мы вельмі доўга стаялі тварам да сцяны. На ўсіх склалі пратаколы, гэта заняло 5–6 гадзін. Нас павялі на другі паверх, там ва ўсіх «адкаталі» пальцы, знялі кожнага на відэа, пасля зноў спусцілі на ніз. Пасля нас доўга сартавалі, я асабіста змяніў 4 розныя машыны.

Дзеянні супрацоўнікаў спецназа былі неадэкватныя.

У машыне нам сказалі сесці на падлогу…

Пасля судовых працэсаў, куды вас павезлі?

Па дарозе на Жодзіна, яны відаць вырашылі вызваліць некалькі машын. І так у адной машыне не было месца, а яны вырашылі з трох змясціць у адну. І тады супрацоўнікі спецназа зрабілі такі «хітрык»:

яны адпіхнулі людзей у канец машыны, а потым разганяліся і плячыма прэсавалі ўсё новых і новых людзей, яхідна ўсміхаючыся.

Казалі: «Вы едзеце ў турму, да сапраўдных зэкаў», і іншыя фразы, брудна лаяліся. Пасля пачалі гуляць у так званае «армейскае даміно»: называлі 20 чалавек, якія павінны былі бліжэй да ўваходу пасунуцца, рукі за спіну, тварам да сцяны, галаву ўніз…

Першыя ўражанні ад ізалятара?

Аляксандр: Спярша нас каля 30 чалавек размясцілі ў 8-мясцовую камеру. Усе пачалі прагна піць ваду, бо ваду ж не давалі! Адзін толькі амапавец добры снегу прынёс, а яшчэ нехта — Швэпса!

Мы ўжо падумалі, што так і правядзем увесь час. Нехта заснуў на гадзіну на падлозе, хто на ложках двухярусных. Але пасля нас размеркавалі па камерах. Далі так званую бялізну і матрац набіты шкуркамі зайцавымі. Ён выглядаў нават не на 10 альбо 20 гадоў, а на 40–50. Праўда, сярод нас быў паляўнічы, ён сказаў, што якраз у зайцы не вядуцца блохі і клапы. Далі бела-шэрыя прасціны, падушкі, вафельны ручнік.

Хто быў з табой у камеры?

У маёй камеры было 8 чалавек. Скажу, што калі мы ў камеры атрымалі газету са спісам затрыманых, то толькі трое знайшлі свае прозвішчы. Кажуць жа, што 600 затрыманых, але пецярых там не было! У маёй камеры з 8 чалавек, здаецца, у трох толькі не было вышэйшай адукацыі, яны былі студэнты. Усе астатнія — з вышэйшай адукацыяй! Гэта ж не была «куча адмарозкаў»!

Дык і не ўсе былі на плошчы! У камеры быў чалавек, які за півам выйшаў!

Казаў, што галасаваў за Лукашэнку, што яму не трэба мітынгі ніякія. Скажу шчыра, сваю думку ён вельмі хутка змяніў. І не таму, што быў нейкі ціск сакамернікаў.

Пазней, калі камеры ператусавалі, і да мяне прывялі людзей з іншых камер, я пачуў усё новыя гісторыі. Хтосьці святкаваў на Нямізе дзень нараджэння, выйшлі пакурыць. Імянінніку далі 15 сутак, двум сябрам — па 10. Адзін чалавек чакаў таксі проста, дырэктар лагістычнай кампаніі, ён усё хваляваўся, як там яго бізнэс без яго. Адзін ішоў з нотамі з філармоніі, хтосьці з крамы ішоў з яйкамі, хлебам і алеем, другі — з памытай бялізнай у заплечніку.

Узялі жанчыну, якая працуе снягуркай на новым годзе.

Памятаю, у ізалятары на Акрэсціна яна казала: што ж вы са мной робіце, мне выступаць заўтра! Пасля я краем вуха пачуў ад ахоўнікаў, што ёй у парадку выключэння дазволілі перадаць на волю з сваіх рэчаў касцюм зорніка. Відаць, ішла з касцюмамі проста.

Як да вас ставіліся супрацоўнікі жодзінскага ізалятара?

Аляксандр: Афіцэры нармальна, сяржанты — як хто. Канваіры разумелі, як і за што нас затрымалі, мы ж не кралі, не грамілі, не ламалі. Мы ж не «кучка адмарозкаў, што грамілі ўсё па сваёй дарозе».

Яшчэ нашу камеру незразумела чаму на дзень перавезлі ў жодзінскі ІЧУ, дзе мы сядзелі з сапраўднымі зэкамі. Калі ехалі туды, то было страшна, што можа хочуць нешта «прышыць». Напэўна, не хапала месца ў СІЗА, дык адміністрацыя дамовіліся, і нас туды-сюды вазілі. Там, у ІЧУ, сядзяць да трох сутак да прад’яўлення абвінавачання. Я асабіста сядзеў у камеры з яшчэ чатырма чалавекамі, трое з «плошчы» і дзядок — аматар чужых мабільных тэлефонаў. З ім праблем не было. А вось у астатніх былі пэўныя, бо яны сядзелі з больш мацёрымі. Калі ў газэлі з тымі зэкамі ехалі, то яны песні спявалі, смяяліся, адхін крычаў, што на судзе яму 14 гадоў запрасілі. Яны крычалі: Здравствуй, чёрный бусел!

Калі мы з СІЗА туды прыехалі, то там адносіны іншыя: нам сказалі, што вы рукі за спінай трымаеце? Вы ж не зняволеныя, нармальныя людзі!

Іншы вызвалены з жодзінскага СІЗА казаў, што кожнага дапытвалі супрацоўнікі КДБ.

Так, дапытвалі, але можа не ўсіх менавіта супрацоўнікі КДБ.

Мяне дапытвалі на 9-ы дзень, у душы СІЗА, бо, напэўна, не было іншага вольнага памяшкання.

Следчы друкаваў на машынцы, паралельна дапытвалі іншага. Спіс пытанняў, штук 30, быў стандартны: адкуль даведаліся пра плошчу, ці быў перакрыты праспект, ці ведаеце лідараў апазіцыі, каго з іх ведаеце асабіста, ці чулі заклікі міліцыі спыніць беспарадкі.

Іншыя вызваленыя казалі таксама, што пасля гэтых допытаў частку людзей з ізалятара звозілі ў невядомым кірунку.

На другі дзень «адсідкі» прыйшлі ў камеру да аднаго хлопца, які проста моўчкі сядзеў, сказалі яму: з рэчамі на выхад. Куды ён паехаў — не ведаю.

Раскажы пра турэмную ежу.

Ніколі не забуду першую ежу -спярша далі толькі хлеб і ваду. Думаў, на гэтым і ўсё! (смяецца) Але не — пачалі даваць ежу! Ежа вельмі карысная! (смяецца). Без солі, без нічога. Кашка такая незразумелая, суп з капусты, такі самы суп але без вады — на вячэру. Першы час мы яе ў унітаз злівалі, пазней — проста не бралі.

Вельмі дзіўныя макароны па-флоцку, відаць іх вараць вельмі доўга, бо толькі на смак разабраць, што гэта — макароны. А так — проста маса. Але з тушанкай! Хлеб быў вельмі дзіўны, відаць, у іх там свая пякарня ёсць. Бо ніколі не бачыў адначасова недапечаны і зачарсцвелы хлеб. Тым часам было вельмі шмат пасылак ад сяброў, сваякоў, анёлаў — дзякуй ім за гэта! Праўда, ежу не прапускалі, але толькі некаторыя рэчы.

Падзяліцца навіной: 
Еўрарадыё

←Ваяры свабоды

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика