Дзмітрыеў: «Я не ведаю, чаму мяне вызвалілі»
А.Дзмітрыеў першыя гадзіны пасля вызвалення. |
Дракахруст: Андрэй, на якіх умовах вас вызвалілі?
Дзьмітрыеў: Умовы тыя самыя. Я зьяўляюся абвінавачаным па крымінальнай справе аб удзеле і арганізацыі масавых беспарадкаў. Проста мне замененая мера стрыманьня, і цяпер я знаходжуся не за кратамі, але не магу выехаць зь Беларусі.
Дракахруст: А ці пісалі вы нейкія лісты, давалі нейкія тлумачэньні?
Дзьмітрыеў: Не, ніякіх зваротаў і тлумачэньняў я не пісаў. Я ня ведаю, чаму мяне вызвалілі. Паклікалі, далі падпісаць абавязаньне, што я абяцаю не выяжджаць зь Беларусі і выконваць усе
Дракахруст: А як вы можаце патлумачыць ваш выступ, які паказвала беларускае тэлебачаньне? Якая яго прычына, якая прырода?
Дзьмітрыеў: Я даў таксама падпіску, што не магу разгалошваць абставіны крымінальнай справы. Вашае пытаньне тычыцца якраз гэтых абставінаў, таму я не магу пакуль гэта камэнтаваць. Можа праз пэўны час я гэта адкамэнтую.
Дракахруст: На ваш погляд, чаму вы на волі, а спадар Някляеў — у турме?
Дзьмірыеў: Я ня ведаю. Напэўна можна знайсьці ў гэтым лёгіку. Я ведаю, што сёньня таксама быў вызвалены Рымашэўскі. Магчыма, гэта спроба зьнізіць накал, які зараз быў. Ня выключана, што яшчэ некага выпусьцяць праз пэўны час.
Але лягічных тлумачэньняў у мяне няма. Магчыма, таму, што я не кандыдат.Я рыхтаваўся да таго, што правяду там яшчэ месяцы чатыры, пакуль будзе цягнуцца гэтае расьсьледаваньне, а потым нейкі тэрмін будзе. Так што для мяне самога гэта дзіўна.
Дракахруст: Падчас знаходжаньня за кратамі вы сустракаліся зь іншымі фігурантамі па справе?
Дзьмітрыеў: Не, там усё так арганізавана, што сустрэцца немагчыма, нават выпадкова.
Дракахруст: Андрэй, магчыма вы ведаеце пра заявы пасьля выбараў вашага аднапартыйца Яраслава Раманчука, Рыгора Кастусёва пра падзеі 19 сьнежня? Як вы іх ацэньваеце?
Дзьмітрыеў: Я бачыў па БТ гэтыя заявы. Ну як гэта ацаніць? Кожны сам выбірае тыя крокі, якія ён робіць. Але заява спадара Раманчука мяне вельмі зьдзівіла. Усё ж такі там з прозьвішчамі… Гэта асабісты выбар, людзі на нешта разьлічвалі, хацелі нечага дамагчыся. Калі гэта камусьці дапамагло, то добра. Але мне здаецца, што не.
Дракахруст: А ці можна сказаць, калі гэта не таямніца сьледзтва, які ўсё ж быў плян каманды Някляева на вечар 19 сьнежня?
Дзьмітрыеў: Мы думалі толькі пра мірную акцыю.
Ніякіх ідэяў штурму не было, бо гэта зьнішчала ўсю ідэалёгію пратэсту.Наконт таго, што рабіць, былі розныя варыянты ў залежнасьці ад колькасьці людзей і ад іншых чыньнікаў — былі варыянты, каб застацца ці зрабіць нейкае шэсьце. Я пакуль ня думаю, што правільна нешта распавядаць, бо не разумею, што можа пашкодзіць і мне асабіста, і тым, хто там застаўся.
Дракахруст: Што будзе з кампаніяй «Гавары праўду»? Як вы будзеце дзейнічаць?
Дзьмітрыеў: Зараз трэба зразумець, што засталося, хто застаўся. Я ведаю, што некаторыя людзі зьехалі. Я маю намер працягваць, як мы казалі, кампанію «Гавары праўду» не зьнікае пасьля выбараў, яна будзе існаваць, можа быць неяк трансфармавацца ў палітычную сілу. Цяпер яна павінна сканцэнтравацца толькі на тым, каб дапамагаць тым, хто застаўся там. Гэта тое, што я пачну рабіць з заўтрашняга дня. Мне далі шанец быць тут, ня ведаю чаму, я выкарыстаю яго, каб дапамагчы тым, хто застаўся там.
Радыё «Свабода»