Чацвёрты дзень пасля выбараў, а Масква так і не даслала Лукашэнку віншавання з «перамогай»
Пяць апазіцыйных кандыдатаў сядзяць у турме. Сярод іх два самыя папулярныя Саннікаў і Някляеў — збітыя да паўсмерці. Своеасаблівая помста за тое, што сабралі найбольш галасоў. Так расказваюць пра выбары цэнтральныя расійскія тэлеканалы.
Назіральнікі АБСЕ заявілі, што выбары не былі свабоднымі і дэмакратычнымі. ЗША не прызнала выбараў «законнымі». Польшча і Літва з галоўных лабістаў уцягвання Беларусі ў ЕС ператварыліся ў галоўных крытыкаў. Прэзідэнтка Грыбаўскайце і міністр Сікорскі ўспрынялі паводзіны беларускіх уладаў у дзень выбараў як асабістую аплявуху. Яшчэ ў часе галасавання ў Беларусі быў блакаваны інтэрнэт, да паўсмерці збіты кандыдат у прэзідэнты, а ўвечары пасля выбараў была зладжаная правакацыя і затрыманы 640 удзельнікаў мітынгу апазіцыі. Усё гэта на вачах у замежных назіральнікаў і дыпламатаў.
Захад Захадам, але зацяжное маўчанне Расіі павінна Лукашэнку раз’юшваць.Масква, якая пакрывала яго ўсе 16 гадоў ягонага кіравання, дэманстратыўна маўчыць. Ніхто не чакае, што Крэмль раптам заклапоціцца правамі чалавека ў Беларусі. Аднак такое маўчанне ўспрымаецца беларусамі як агіда да саюзніка, які не можа чэсна выйграць выбары і замест гэтага садзіць у турму апазіцыйных кандыдатаў.
Так яно бачыцца з Беларусі. А ўнутры Расіі прачытваецца іначай. Крэмль нібы кажа: «Гэта настолькі фальшывы чалавек, што давяраць яму няможна». Павіншуем з перамогай толькі пасля канчатковай ратыфікацыі 18 дамоваў пра Адзіную эканамічную прастору».
І вось ужо беларускі парламент спешна, за два дні, гамузам усе іх ухваліў. Ну то чакаем віншаванняў.Мікола Бугай