Асобны жорсткі прыступ эстэтычнага непрыманьня лукашызму

Источник материала:  
17.12.2010 21:43 — Разное

Непрафэсіяналізм людзей у беларускай уладзе кідаецца ў вочы нават па тым, што і як яны прамаўляюць да журналістаў. Для абазначэньня гэтай манэры існуе трывіяльнае слова «хамства», але без дадатковага раскрыцьця і ілюстраваньня гэтага паняцьця ягоны зьмест сьціраецца і шаблянізуецца.

Можна назваць гэта яскравай ілюстрацыяй менавіта што эстэтычнай непрымальнасьці сёньняшняга рэжыма: ёсьць сфэры працы, дзе эстэтыка грае ролю і ёсьць непрымальныя ступені эстэтычнага «фола».

Вось адзін сьвежы абрашчык: «…по мнению руководителя КГБ, оппозиционным лидерам сначала следовало бы договориться между собой. Он отметил, что в ходе недавней уличной акции между представителями оппозиции возник конфликт из-за того, что некоторым из них не дали выступить.» (// Белорусский партизан)

Здавалася б,

ну якая справа пану начальніку да дачыненьняў паміж апазыцыйнымі палітыкамі? Адкажы ты са спасылкай на закон, што «А, Б і В», і адкланяйся. Не! Трэба ж прадэманстраваць сваю пагарду і вылезьці з сваімі неадэкватнымі, правакатыўнымі і неэтычнымі камэнтарамі.

Ці возьмем фразу, што прагучала з вуснаў якогась чыноўніка з прэзыдэнцкай прэс-службы замест простага абвяржэньня прайшоўшай па СМІ інфармацыі аб прапанове Раманчуку заняць пасаду ва ўрадзе: «А чаму адразу не прэзідэнта? Калі б не выбары, то яму б прыснілася, што яму пасаду прэзідэнта адразу прапанавалі?!»

Каго, дарагі спэцыялісьце па сувязях з грамадзкасьцю, патрэбны гэтыя какетліва-зімоўскія ўсьмешкі і недарэчныя мэтафорыка пра тое, каму што сьніцца? Абвергні спакойна і дыпляматычна, скажы, што табе пра такое нічога не вядома, дый годзе!

Ці, мабыць, прэтэнзіі павінны быць да журналістаў, якія часам не аддзяляюць сказанае чыноўнікамі off-record ад сказанага on-record?

Публічныя заявы пані Лідзіі Ярмошынай, якія ў іншай краіне каштавалі б ёй пасады, асобны пункт, пра які ня варта і дадаткова распаўсюджвацца. Хто б растлумачыў ёй, што ня мае права старшыня ЦВК публічна, перад журналістамі, дэманстраваць падтрымку аднаму з кандыдатаў ці абражаць астатніх? Гэта ня тое што непрыстойна і неэтычна — гэта ў першую чаргу непрафэсіянальна. Хаця што там Ярмошына ці клеркі з адміністрацыі, калі гэткую мадэль паводзінаў і няздольнасьць да, гаворачы прынятым у некаторых перасякаючыхся з афіцыйнымі колах лексыконам, «фільтрацыі базара» перадусім рэгулярна дэманструе сам прэзыдэнт Лукашэнка.

Усё гэта праявы тыповай савецкай фамільярнай манэры стасаваньня, дзе агрэсія мяжуе з лезеньнем цалавацца, і якая цалкам выключае фармат спакойных ветлівых дзелавых камунікацый, якія яму здаюцца надта нуднымі і няшчырымі.

Гэтыя стасункі працінаюць усё беларускае грамадзтва ад прэзыдэнта краіны да прадаўніцы ў краме на ўскрайку Менска. Страшней за ўсё, што за часы незалежнасьці гэтая побытавая зьява, якую ляканічна можна абазначыць як «савок», працягвае сябе рэгенэраваць: вырасла ўжо цэлае пакаленьне маладых дзевак, якія, як дваццаць гадоў таму, сцэжваюць зь якогась акенца абменьніка валют сваё ядавітае «мушшьчіна, не задзержывайце очіредзь».

Ад саўка і хамства трэба пазбаўляцца, ад саўка трэба лячыцца. А для гэтага трэба вытраўліваць гулагаўскую вароўска-сучча-вертухайскую культуру па-першае з саміх сябе, а па-другое

трэба вытраўліваць яе з улады. Апошняе трэба рабіць альбо праз вытраўліваньне адтуль тых, хто гэты савок увасабляе, альбо, калі першае пакуль немагчыма, праз прымус іх да перавыхаваньня.

Допіс, які пішацца за два дні перад 19 сьнежня 2010 г., ня можа ня быць прысьвечаны Плошчы. І ён ёй, зрэшты, і прысьвечаны, бо Плошча — адзіны наяўны ў Беларусі інструмэнт, каб зьмяніць пэрсаналіі на адказных пасадах ці хаця б паспрыяць зьмене іх паводзінаў.

Падзяліцца навіной: 
Алесь Чайчыц

←Арэнс: Ацэнка выбараў залежыць ад таго, як пройдзе падлік бюлетэняў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика