Сёння ў Беларусь даставяць агонь, запалены ад нязгаснай лямпады ў базіліцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме (Віфлееме). Пасля урачыстай сустрэчы агню на
беларуска-польскай мяжы, ён будзе дастаўлены ў катэдру Гродна, а затым перададзены ў іншыя беларускія касцёлы.
Агонь з Бэтлеема польскія скаўты перададуць на польска-беларускай мяжы скаўтам беларускім, якія і даставяць агонь ў катэдральны касцёл Гродна, паведаміў прэс-сакратар Гарадзенскай дыяцэзіі, ксёндз Павал Салабуда:
«Зараз агонь знаходзіцца ў Польшчы, а 15-й ён будзе ў гарадзенскай катэры, дзе біскуп адправіць імшу. Агонь будзе заставацца у катэдры да свята Трох каралёў 6 студзеня. І кожны вернік зможа ўзяць гэты агонь да сваёй хаты на вігілійны стол, бо гэта святло Хрыста. На праваслаўнае Раство агонь будзе перададзены ў праваслаўную катэдру».
Сустрэча ў Мінску адбудзецца 18 снежня (субота):
а 12-й каталіцкія скаўты і скаўты Еўропы ўрачыста ўнясуць бэтлеемскі агонь у архікатэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым ён будзе распаўсюджаны ў каталіцкіх парафіях Мінска.
Перадкалядную традыцыю распаўсюджваць бэтлеемскі агонь распачалі ў 1986 годзе ў аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася, як акцыя ў падтрымку дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Але неўзабаве яе падтрымалі скаўты ўсёй Еўропы.