Як пройдзе Плошча?
Журналіст-аналітык Аляксандр Класкоўскі: Ні ўлада, ні апазіцыя не зацікаўленыя ў сілавым сцэнары
Лічба ўдзельнікаў: мой прагноз — ад 15 да 25 тысяч, трохі больш, чым у 2006-м. Сёлета ўмовы, з аднаго боку, больш спрыяльныя (улады аказваюць меншы ціск), а з іншага — менш (адсутнічае адзіны кандыдат).
Вялікі уплыў на Плошчу акажуць умовы надвор’я.
Што датычыць сцэнара, то сёння ні ўлада, ні апазіцыя не зацікаўленыя ў сілавым сцэнары.
Палітолаг Юры Чавусаў: Самы небяспечны варыянт — падзел
Плошча несумненна адбудзецца. Людзі прыслухоўваюцца да кандыдатаў. Махавік пратэстаў запушчаны.
Хачу адзначыць, што ў 2006 годзе для напаўнення Плошчы шмат зрабіў Сухарэнка. Людзей мабілізавалі яго заявы. Так можа быць і сёлета. Ціск будзе мець адпаведную рэакцыю.
Самы небяспечны варыянт — падзел. Калі адны застануцца на Плошчы, а другія пойдуць да ЦВК. І тут не абавязкова падзел на прарасійскіх і празаходніх. Падзел паводле стратэгіі дзеянняў таксама аслабіў бы моц пратэсту.
Медыяаналітык Уладзімір Падгол: Нельга выключаць, што адбудзецца трагедыя з некім з кандыдатаў
Выпадкі з аўтамабілямі Раманчука і Рымашэўскага дазваляюць так меркаваць. Тады магчыма, што на Плошчу выйдзе і дзвесце тысяч чалавек. Калі ж нічога не адбудзецца, то кандыдаты збяруць дзесяць тысяч.
Рэдактар сайта Imperyja.by Юрый Баранчык: Я прагназую, што ў першы дзень, 19 снежня, на Плошчу выйдзе 40—50 тысяч людзей
Колькі будзе потым — складана сказаць. Апазіцыя павінна пратэставаць на працягу тыдня.
Я думаю, што ў першыя дні ўлады будуць пасіўнымі назіральнікамі. Потым могуць распачацца дзеянні. Асабліва ў тым выпадку, калі выбары не прызнаюць Расія, ЕС і ЗША. Гэта стане вядома ўжо ў аўторак-сераду, і тады пачнецца рэальнае супрацьстаянне з уладамі. Альбо скончыцца.
Апытваў Алесь Пілецкі