Тэлефон гамяльчаніна сам адправіў амаль тысячу SMS на 9 млн

Источник материала:  
24.11.2010 11:25 — Разное
Абанент кампаніі «Вэлком» Сяргей Сівянкоў стаў ахвярай «SMS-уцечкі». Ноччу яго мабільны тэлефон з інтэрвалам у 2–5 секунд пачаў дасылаць паведамленні на платны нумар 5555. За тры гадзіны было даслана 938 SMS, у выніку чаго Сівянкоў сышоў «у мінус» на 9 млн рублёў.

Карэспандэнт «Салідарнасці» паспрабаваў разабрацца ў абставінах здарэння. Пазней аператар прызнаў факт маніпуляцый з SMS.

«Паранармальная» з’ява з ажылай тэхнікай адбылася, а палове трэцяй ночы. Па словах гамяльчаніна Сяргея Сівянкова, з яго 3G-мадэма кампаніі «Вэлком» самі сабой пачалі дасылацца SMS-паведамленні. Не разумеючы, што адбываецца, хлопец пераставіў SIM-карту з мадэма ў мабільны тэлефон. Аднак гісторыя паўтарылася. Адна за другой на экране з’яўляліся справаздачы аб дастаўцы паведамленняў. Сяргей патэлефанаваў прадстаўніку кампаніі з просьбай заблакаваць нумар, але паразумення з аператарам не знайшоў.

На лагічнае пытанне, чаму ён не дастаў з тэлефона SIM-картку, малады чалавек цяпер адказвае: запанікаваў, тэлефанаваў аператару, лаяўся, праз кожную хвіліну правяраў баланс…

Раніцай, атрымаўшы ў офісе кампаніі дэталізацыю рахунку, малады чалавек выявіў, што 938 SMS былі адпраўленыя на нумар 5555, які адносіцца да платнага сэрвісу «WEB SMS ультра».

З дапамогай гэтага сэрвісу абаненты «Вэлком» могуць замовіць сабе на тэлефон карцінкі, мелодыі, дадатковыя паслугі ў «Аднакласніках».

Кожнае паведамленне, адпраўленае на гэты нумар, каштуе 9900 рублёў. На дзявятай старонцы раздрукоўкі Сяргей убачыў вердыкт: агулам да аплаты — 9 286 200 рублёў.

Жэст добрай волі, а не прызнанне сваёй віны

Выпадак Сяргея Сівянкова не адзінкавы. Ларыса Уладзіміраўна з Мінска сутыкнулася з такой сітуацыяй у жніўні. З яе нумара на працягу месяца было даслана 615 SMS. Паведамленні ішлі на розныя платныя нумары, прычым вялікая частка, як і ў Сяргея, на нумар 5555.

«Вэлком» патрабаваў заплаціць каля 7 млн рублёў. На працягу месяца Ларыса Уладзіміраўна неаднаразова задавала кампаніі пытанне: «Як такое магло адбыцца?»

Доўгачаканы пісьмовы адказ абвяшчаў, што большасць SMS былі пустымі, і таму ёй ласкава пералічаць іх па тарыфе звычайнага паведамлення. Усяго 130 рублёў за кожнае.

— За гэты месяц я страціла два гады свайго жыцця, столькі нерваў выдаткавала — расказвае суразмоўца. — Хадзіла ў сэрвісныя цэнтры, два разы запісвалася на прыём у галаўным офісе кампаніі. Нават арганізацыя, у якой я працую, пісала ў «Вэлком» ліст. У выніку мне пашанцавала, з мяне спісалі гэтую пазычанасць. Але ў кампаніі так дакладна і не патлумачылі, чаму гэта здарылася і хто вінаваты. Яе прадстаўнікі падкрэслілі, што яны не прызнаюць сваёй віны, а спісанне пазычанасці — толькі жэст іх добрай волі.

Сяргею Сівянкову пашанцавала менш. У афіцыйным адказе начальніка юрыдычнага ўпраўлення Валерыя Пяшко гаварылася наступнае: «Паведамленні абанента былі карэктна апрацаваныя абсталяваннем ЗП „Вэлком“ і перададзеныя на сервер кантэнт-правайдара дадзенага сэрвісу. <…> ЗП „Вэлком“ пацвярджае карэктнасць аспрэчваных Вамі налічэнняў, падставы для іх вяртання ў кампаніі адсутнічаюць».

Чаму адбываюцца «SMS-уцечкі»?

Адказ на гэтае пытанне карэспандэнт «Салідарнасці» паспрабаваў знайсці ў гомельскім офісе «Вэлком». Спецыялісты кампаніі, цалкам выключыўшы магчымасць адпраўкі паведамленняў па іх віне, прапанавалі некалькі версій:

— SIM-картка пасіўная і толькі рэгіструе запыты карыстальнікаў.

Магчыма, абанент сам адправіў гэтыя SMS, а цяпер спрабуе неяк выкруціцца. Таксама можа быць, што ён усталяваў праграму, якая адпраўляе SMS-паведамленні аўтаматычна або яго тэлефон быў заражаны вірусам.

Яшчэ ёсць магчымасць таго, што абанент перапрашыў сваю SIM-картку — гэта ж звычайны чып, які можна перапраграмаваць.

У выпадку Сяргея можна выключыць адпраўку паведамленняў ім асабіста. На відэа, якое малады чалавек зняў на свой фотаапарат, відаць, што ніхто не дакранаўся да тэлефона падчас бесперапыннай адпраўкі паведамленняў. Ды і сумнеўна, што чалавек здольны адпраўляць 15 паведамленняў за хвіліну на працягу трох гадзін.

Паводле словаў спецыяліста па рамонце і абслугоўванні мабільных тэлефонаў Сяргея Юшчанкі, варыянт з вірусам або праграмай для аўтаматычнай адпраўкі паведамленняў таксама можна выключыць.

— Мадэль тэлефона Nokia 1202 (менавіта з такога тэлефона адпраўляліся SMS) занадта простая і не падтрымлівае такія праграмы. Ды і вірус, калі б ён трапіў у гэты тэлефон, не змог бы прынесці ніякай шкоды з прычыны прымітыўнасці прылады, — вынес вердыкт эксперт.

Застаецца толькі варыянт з перапраграмаваннем SIM-карты. Для такой аперацыі трэба адмысловае абсталяванне і навыкі. Юшчанка абтэлефанаваў некалькіх сваіх калегаў, але ніхто не змог назваць яму чалавека, які б займаўся гэтым у Гомелі.

Пацярпелы Сяргей Сівянкоў упэўнены, што ў яго праблеме вінаватая кампанія «Вэлком». Ён спадзяецца, што знойдзе падтрымку ў судзе.

Хлопец лічыць, што нават калі ён не здолее даказаць віну кампаніі ў адпраўцы SMS, то ён як мінімум аспрэчыць кошт паведамленняў, бо ў яго ўваходзіць аказанне паслуг у выглядзе мелодый або каруінак. А іх Сівянкоў усё-такі не атрымаў.

PS: Ужо ў сярэдзіне дня ў дзяржаўных СМІ з’явілася афіцыйная інфармацыя аб тым, што аператар «Вэлком» прызнае факт маніпуляцый з SMS з боку трэціх асобаў. Пра гэта карэспандэнту «БЕЛТА» паведаміла начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый ЗП «Вэлком» Ірына Карзюк.

Паводле яе словаў, у гэтых інцыдэнтах няма віны аператара. Цяпер аператар збіраецца разабрацца ў сітуацыі ў судовым парадку. «Мы знаходзімся на стадыі падрыхтоўкі заявы ў суд. Сітуацыю, як вы разумееце, зацягваць нельга, — адзначыла прадстаўнік ЗП „Вэлком“. — Мы будзем ва ўсім разбірацца ў судзе».


Падзяліцца навіной: 
Салідарнасць

←Міліцыя прапануе ўвесці «каменданцкую гадзіну» для непаўналетніх

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика